Выхоўваць будучых вучоных і кампетэнтных спецыялістаў

У ходзе рабочай паездкі міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Карпенка наведаў Віцебскі абласны палац дзяцей і моладзі.

Міністр адукацыі разам з намеснікам старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімірам Пеніным і начальнікам галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрыем Хомам азнаёміліся з вучэбна-матэрыяльнай базай установы адукацыі, заняткамі ў творчых аб’яднаннях па інтарэсах і сустрэліся з прадстаўнікамі педагагічнага калектыву.

Дырэктар палаца Дзмітрый Андрэеў правёў для гасцей экскурсію па адноўленым пасля капітальнага рамонту і мадэрнізацыі корпусе, праінфармаваў аб рабоце педагогаў і дасягненнях навучэнцаў, падзяліўся планамі на будучыню. Занятасць і ранняя прафарыентацыя як асноўныя аспекты дзейнасці сучаснай установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі сталі галоўнай тэмай размовы падчас сустрэчы з прадстаўнікамі педагагічнага калектыву.

— Занятасць — безумоўна, ключавая пазіцыя ў дадатковай адукацыі, але зараз мы робім значны акцэнт яшчэ і на прафарыентацыю, — адзначыў Дзмітрый Хома. — Наша мэта — далучыць дзяцей да розных сфер нашага жыцця, каб кожны навучэнец праз заняткі ў аб’яднанні па інтарэсах знайшоў сябе. Практыка паказвае, што менавіта ў дадатковай адукацыі дзіця атрымлівае першапачатковую прафесійную арыентацыю. Такім чынам, гурткі і студыі часта з’яўляюцца першай прыступкай у прафесію.

Міністр адукацыі расказаў аб арганізацыі ў Мінску дзіцячага тэхнапарка і падкрэсліў: для яго эфектыўнай работы і развіцця гэтага напрамку ў цэлым неабходны моцныя рэгіянальныя пляцоўкі, якія будуць дзейнічаць з прыцягненнем рэсурсаў тэхнапаркаў УВА, а таксама цэнтраў і палацаў творчасці дзяцей і моладзі. Сярод асноўных задач — папярэдні адбор таленавітых і адораных дзяцей, ранняя прафарыентацыя.

— У дадатковай адукацыі на цяперашні час больш ярка выражаны мастацка-эстэтычны ўхіл, — выказаў меркаванне Ігар Карпенка. — Такіх аб’яднанняў па інтарэсах нямала, узровень творчасці многіх з іх — падстава для шчырага гонару за поспехі выхаванцаў і іх педагогаў. Неабходна выйсці на падобны, а лепш — на больш высокі ўзровень у прафарыентацыі, тэхнічнай творчасці і даследчай дзейнасці, каб на занятках дзеці на практыцы знаёміліся з запатрабаванымі ў рэальным сектары эканомікі спецыяльнасцямі — у тым ліку мехатронікай, праграмаваннем, камп’ютарным мадэляваннем, перспектыўнымі навуковымі даследаваннямі, удзельнічалі ў правядзенні эксперыментаў, спрабавалі зрабіць штосьці сваімі рукамі і атрымлівалі першы прафесійны вопыт. Прычым трэба падмацаваць заняткі кансультаваннем, спецыяльнымі праграмамі. Гэта наша задача ўжо на сёння і на найбліжэйшую перспектыву.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.