Выхоўваць дапытлівых

- 11:27Навіны рэгіёнаў

Інавацыйныя і эксперыментальныя праекты рэалізоўваюцца ў 222 установах адукацыі Гродзенскай вобласці. У гэтую дзейнасць актыўна ўключаны і ўстановы дашкольнай адукацыі. Аб рэалізацыі праектаў і аб новых падыходах да ўключэння выхаванцаў у даследчую і эксперыментальную дзейнасць, у праекты па захаванні здароўя расказваюць Святлана ПЯСНЯК, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Свіслачы, Данута ЛОБАЧ, выхавальнік інтэграванай групы ўстановы, Вольга ГРАЧАНІК, кіраўнік фізічнага выхавання дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Астраўца.

Праект гадуе цікаўных

Святлана ПЯСНЯК, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Свіслачы:

— У 2016/2017 навучальным годзе ў дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці Свіслачы быў рэалізаваны эксперыментальны праект “Апрабацыя зместу вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі, распрацаванай у кантэксце кампетэнтнаснага падыходу”. Рэалізацыя яго праходзіла ў 4 групах — першай малодшай, другой малодшай, сярэдняй і старшай. Кожны педагог адказваў за пэўную адукацыйную галіну вучэбнай праграмы, праводзіў ацэнку эфектыўнасці зместу сваёй адукацыйнай галіны, арганізоўваў работу па засваенні зместу праграмы па пэўнай адукацыйнай галіне ў сваёй узроставай групе. Была арганізавана работа творчай групы “Эксперыментальная дзейнасць у дашкольнай установе”.

Удзел у праекце значна актывізаваў дзейнасць педагагічнага калектыву цэнтра. У рамках тыдня прафесійнага майстэрства праведзены адкрытыя прагляды заняткаў, настаўнікам-дэфектолагам арганізаваны майстар-клас па тэме “Артыкуляцыйная гімнастыка”, псіхалагічны трэнінг павышэння самаацэнкі педагогаў “Я лепшае, што ёсць у мяне”. Адбыліся агляды-конкурсы на лепшы тэатральны куток “Чароўны свет тэатра”, лепшы беларускі куток, лепшы куток бяспекі.

Выніковым з’яўляецца ўдзел педагогаў і выхаванцаў у конкурсах: у намінацыі “Культурна-відовішчнае мерапрыемства” конкурсу “Энергамарафон” яны занялі 3-е месца, “Бяспечнае дзяцінства” — 3-е месца, у намінацыях “Праца з бацькамі”, “Дыдактычная гульня” атрыманы дыпломы І ступені, дзіцячай творчасці “Белавежскія зорачкі” — дыплом ІІ ступені за канцэртную праграму.

У выніку праведзенай работы павысілася кампетэнтнасць педагогаў у пытаннях пабудовы адукацыйнага працэсу, іх самаацэнка. Створана метадычная скарбонка канспектаў заняткаў па розных адукацыйных галінах.

У рамках праекта была арганізавана работа музычна-тэатральнай студыі “Тэатральны куфэрак”, сумесна з бацькамі і педагогамі падрыхтавалі спектаклі і тэатральныя пастаноўкі “Мех яблыкаў”, “Сустракаем Масленіцу”, “Рэпка”, “Сямёра казлянят”.

Адной з цікавых і эфектыўных форм інфармавання бацькоў і педагогаў з’яўляецца выпуск штоквартальнага інфармацыйнага бюлетэня “Дашкольны экспрэс”, у якім асвятляецца работа ўстановы па пэўнай тэме: “Здаровы лад жыцця”, “Выхаванне культуры паводзін”, “Тэатральна-музычная дзейнасць”.

Данута ЛОБАЧ, выхавальнік інтэграванай групы:

— Арганізацыю дзіцячага эксперыментавання ва ўсіх яго формах і відах лічым неабходнай умовай паспяховага станаўлення асобы дашкольніка і ствараем для гэтага адпаведнае развіццёвае асяроддзе — у групавых пакоях арганізавана прастора для эксперыментавання з вадой і пяском, абсталяваны куткі эксперыментальнай дзейнасці. Тут ёсць прыборы і абсталяванне, неабходныя для правядзення доследаў і эксперыментаў, папера розных відаў, сыпучыя матэрыялы, лейкі, шуфлікі, цыратовыя фартухі, спецыяльная форма для правядзення эксперыментаў і доследаў.

Развіццёвая прастора на тэрыторыі дашкольнай установы прадстаўлена экалагічнай сцяжынкай, якая з’яўляецца самым простым вучэбна-асветніцкім “кабінетам” у прыродных умовах. Адным з элементаў экалагічнай сцяжынкі з’яўляецца метэапляцоўка, якая дае магчымасць адысці ад стэрэатыпаў у назіраннях на прагулках і акунуць дзяцей у свет даследаванняў і адкрыццяў. Наша метэапляцоўка ўключае ў сябе наступныя складовыя часткі: выдзелены спецыяльны агароджаны ўчастак на тэрыторыі дашкольнай установы; дзіцячая метэастанцыя. На высокіх металічных шастах замацаваны флюгер і арыгінальны ветраны рукаў — прыборы, якія дазваляюць сачыць за зменай кірунку і сілы ветру. На драўляным доміку, які мы назвалі “метэаралагічным”, кампактна размешчаны складовыя элементы: тэрмометры, дажджамер, экватарыяльны сонечны гадзіннік, гіграметр, круцёлкі, пясочны гадзіннік.

У метэаралагічным доміку мы пастаянна з дзецьмі знаходзім усё новыя прыборы: і компас, і барометр, і іншыя цікавыя прадметы. Так падтрымліваем цікавасць дзяцей да новых ведаў і знаёмства з новым абсталяваннем. Знаёмячы з прыборамі, якія дапамагаюць вызначаць надвор’е, паралельна даём веды аб народных прыметах, стараемся іх убачыць і пры зручным выпадку праверыць у дзеянні. Дзеці здзіўляюцца, што многія прыметы спраўджваюцца.

З вялікім задавальненнем выхаванцы старшай групы прынялі ўдзел у віктарыне “Усё аб надвор’і”. Дзеці паказалі веды па тэмах: “Надвор’е і яго прызначэнне”, “Метэастанцыя: прагноз надвор’я”, “Метэаралагічныя прыборы”, “З’явы прыроды”, “Што ў нас над галавой”, “Вецер, ветрык, вятрышча”, “Чаму ідзе дождж”, “Народныя прыметы і надвор’е”.

Для дзяцей важна, каб тата ці мама падтрымалі іх інтарэсы, таму мы запрашаем бацькоў да актыўнага ўзаемадзеяння. Прапануем дзецям дома правесці некалькі доследаў з вадой, паветрам, з дапамогай бацькоў пачалі работу па арганізацыі ў групе міні-музея камянёў.

Лічым, што эксперыментаванне з’яўляецца найбольш паспяховым шляхам азнаямлення дзяцей з навакольным асяроддзем і дазваляе задаволіць уласцівую для дашкольнікаў дапытлівасць, садзейнічае стварэнню фундамента ўменняў і навыкаў у пазнанні новага, развіцці пазнавальных здольнасцей, актыўнасці.

Мы любім танцаваць!

Вольга ГРАЧАНІК, кіраўнік фізічнага выхавання дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Астраўца:

— У нашай дашкольнай установе рэалізоўваецца праект “Мы — за здаровы лад жыцця”, які стаў пераможцам конкурсу дабрачынных праектаў.

Мерапрыемствы, якія рэалізоўваюцца ў яго межах, вельмі разнастайныя і накіраваны на прафілактыку здаровага ладу жыцця, умацаванне і захаванне здароўя дзяцей.

Педагогі цэнтра актыўна практыкуюць аздараўленчую гімнастыку, тэрэнкуры, маляванне на пяску з дапамогай ног, разнастайныя рухавыя гульні, уключаюць у іх элементы спартыўных і народных гульняў, праводзяць цікавыя эстафеты і конкурсы. Большасць практыкаванняў для здаровых дзіцячых ножак педагогі імкнуцца праводзіць на свежым паветры, выкарыстоўваючы дарожку здароўя, створаную з прыродных матэрыялаў, а таксама натуральныя прыродныя пакрыцці.

Асабліва актывізуецца гэтая работа летам, калі праводзім фізкультурна-спартыўныя мерапрыемствы на свежым паветры. Правялі эстафеты і конкурсы “Самы трапны”, “У краіне мячоў!”. Выхаванцы старшых і сярэдніх груп з задавальненнем выконвалі разнастайныя практыкаванні на спрыт і ўтрыманне раўнавагі на спартыўным мерапрыемстве пад назвай “А хто тут самы спрытны?”. Самым яркім і запамінальным мерапрыемствам для ўсіх выхаванцаў дашкольнага цэнтра стала вялікае спартыўнае свята “Мы актыўныя і спартыўныя!”. Выхаванцы гуртка “Вясёлая аэробіка” прадставілі танцавальны флэшмоб пад назвай “Мы любім танцаваць!”. У канцы кожны ўдзельнік атрымаў маленькі прыз, які можна было выразаць і размаляваць, каб паказаць дома.

Падрыхтавала Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.