Выхоўваць грамадзян, адказных за сваю краіну

Пашыранае пасяджэнне Рэспубліканскага савета рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі Рэспублікі Беларусь прайшло ў Гродне — маладзёжнай сталіцы краіны.

Рэктараў усіх устаноў вышэйшай адукацыі краіны і прадстаўнікоў студэнцкага самакіравання — старшынь Каардынацыйных студэнцкіх саветаў, прадстаўнікоў маладзёжных арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў прымаў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.

У рабоце Рэспубліканскага савета рэктараў прынялі ўдзел намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Луцкі, памочнік прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў, міністр адукацыі Ігар Карпенка.Тэмай абмеркавання ўдзельнікаў пасяджэння савета стала ўдасканаленне ідэалагічнай і выхаваўчай  работы са студэнтамі ва ўстановах вышэйшай адукацыі.

— Сёння неабходна ўдасканальваць формы і метады выхаваўчай работы, — падкрэсліў Ігар Луцкі. — Менш павінна быць бюракратычных рэчаў, больш — нефармальных зносін. Усе мы былі маладымі, студэнтамі, з задавальненнем ездзілі ў будаўнічыя атрады, прымалі ­ўдзел у розных мерапрыемствах. Студэнцтва — гэта рухомае асяроддзе, таму трэба даваць магчымасць маладым людзям развівацца. Перш за ўсё, неабходна выхоўваць грамадзян сваёй краіны — людзей, якія адчуваюць адказнасць за краіну і бачаць яе месцам, дзе будуць гадаваць сваіх дзяцей, адчуваюць яе пунктам апоры і крыніцай жыццёвай сілы.

Ігар Карпенка адзначыў, што пасяджэнне савета рэктараў — гэта частка грамадскага абмеркавання канцэптуальных падыходаў у развіцці сістэмы адукацыі, якія плануецца вынесці на рэспубліканскі педагагічны савет у жніўні гэтага года.

— Сёння на абмеркаванне вынесена важнае пытанне: удасканаленне ідэалагічнай і выхаваўчай работы са студэнцкай моладдзю, — падкрэсліў міністр адукацыі. — Гэтую частку дзейнасці мы разглядаем як фарміраванне не толькі прафесійных, але і асобасных кампетэнцый, развіццё светапоглядных якасцей. Зразумела, што такая работа — працяг вучэбнага працэсу. Да абмеркавання мы запрасілі нашу студэнцкую моладзь.

Кіраўнік ведамства таксама дадаў, што Міністэрства адукацыі, перш чым пры­няць нейкія важныя для сістэмы адукацыі рашэнні, імкнецца абмяркоўваць іх у педагагічных, працоўных калектывах, з грамадскімі фарміраваннямі — Рэспубліканскім саветам рэктараў, студэнцкім саветам, саветам дырэктараў школ агульнай сярэдняй адукацыі, — тымі, хто непасрэдна ажыццяўляе адукацыйны працэс.

Адкрываючы пасяджэнне, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Вадзім Богуш адзначыў, што сустрэча прадугледжвае сур’ёзны аналіз тых працэсаў, якія адбываюцца сёння ў вышэйшай школе, і выпрацоўку адпаведных рашэнняў.

— Выхаванне патрыятызму — задача комплексная. Яна ўключае ў сябе сямейнае выхаванне, грамадскія адносіны, інтэграцыю прафесійнага светапогляду ў сістэму падрыхтоўкі, гуманітарны блок. Гэтаму ­ўдзяляецца вялікая ўвага. Акрамя таго, вельмі важны ўдзел студэнтаў ва ўдасканаленні зместу адукацыі. Амаль у кожнай УВА нала­джана зваротная сувязь, калі студэнты ма­­юць магчымасць выказаць меркаванне аб рабоце выкладчыцкага складу, змесце тых ці іншых дысцыплін, папрацаваць з заказчыкамі. Гэта вельмі сур’ёзны блок, які ляжыць перш за ўсё на органах студэнцкага самакіравання, — расказаў Вадзім Богуш.

Са змястоўным дакладам па акрэсленай тэме выступіў рэктар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка Аляксандр Жук. Ён акрэсліў ключавыя  напрамкі ідэалагічнай і выхаваўчай  работы, вопыт і рэзервы, вектары абнаўлення гэтай дзейнасці ва ўніверсітэтах.

— Мы добра разумеем, што ідэалагічная і выхаваўчая работа са студэнцкай моладдзю — гэта дзейнасць па забеспячэнні ўстойлівага развіцця нашага грамадства, гэта наш сённяшні ўклад у будучыню краіны. І вельмі важна, што гэтае пытанне мы разглядаем на савеце рэктараў з удзелам прадстаўнікоў вядучых маладзёжных і студэнцкіх арганізацый краіны для таго, каб сумесна, пачуўшы адзін аднаго, вызначыць шляхі ўдасканалення сумеснай работы. У нашай краіне выхаванне моладзі не страціла сваёй актуальнасці і сацыякультурнай неабходнасці. Мы захавалі лепшыя традыцыі  духоўна-маральнага станаўлення падрастаючага пакалення, пераемнасць пакаленняў, ладзім мерапрыемствы патрыятычнай накіраванасці, калектыўныя творчыя справы. Пра гэта сведчаць прыярытэты, якія вызначаюць стратэгію развіцця дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі Рэспублікі Беларусь да 2030 года, —  адзначыў Аляксандр Жук.

Які сацыяльна-псіхалагічны партрэт сучаснага студэнта? З гэтага, на думку дакладчыка, і трэба пачынаць размову пра ўдасканаленне ідэалагічнай і выхаваўчай работы. Як паказала сацыялагічнае апытанне, у прыярытэце беларускага студэнцтва сям’я, работа, сябры, умацаванне свайго здароўя. Ад дарослага жыцця моладзь чакае не толькі матэрыяльнага дабрабыту, але і самарэалізацыі, таму імкнецца дасягнуць высокага прафесійнага і сацыяльнага статусу.

Прыярытэтамі ў рабоце з моладдзю застаюцца грамадзянскае, патрыятычнае, духоўна-маральнае, прафесійнае, прававое, эстэтычнае, сямейнае і гендарнае выхаванне, прафілактыка правапарушэнняў і прапаганда здаровага ладу жыцця. Эфектыўнымі формамі выхавання сталі рэалізацыя ў студэнцкім асяроддзі маштабных праектаў і акцый грамадзянска-патрыятычнай накіраванасці, у тым ліку брэндавых мерапрыемстваў універсітэтаў, развіццё маладзёжных грамадскіх арганізацый і студэнцкага самакіравання.

— Галоўнае сёння — зрабіць ідэалагічную і выхаваўчую работу адкрытай, забяспечыць узаемадзеянне ўсіх універсітэтаў, грамадскіх арганізацый і органаў самакіравання на прынцыпах пераемнасці, узаемасувязі, узгодненасці з выразна выбудаванымі сувязямі і абноўленай нарматыўна-прававой базай, — падагульніў Аляксандр Жук.

Пра новыя формы работы і распрацоўку стратэгіі на перспектыву, арганізацыю грамадзянска-патрыятычных мерапрыемстваў расказаў другі сакратар ЦК ГА “БРСМ” Аляксандр Прохараў. Вопытам работы органаў студэнцкага самакіравання ГрДУ імя Янкі Купалы падзялілася старшыня савета студэнтка ўніверсі­тэта Вераніка Басінская. На канцэпцыі маладзёжнай палітыкі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і ролі пярвічных прафсаюзных арганізацый спыніўся старшыня маладзёжнага савета ФПБ Дзмітрый Гарбачоў.

Міністр адукацыі Ігар Карпенка, падво­дзячы вынік, падкрэсліў: трэба задумацца над тым, што сёння неабходна яшчэ зрабіць, як больш якасна арганізаваць ідэалагічную і выхаваўчую работу сярод студэнцкай моладзі.

— Разумеючы, што задача УВА не толькі падрыхтаваць якасныя кадры, але і развіць маладых людзей сацыяльна, асобасна, неабходна звярнуць увагу на змест адукацыі і асабліва на вучэбны кампанент з пункта гледжання выхаваўчага ўздзеяння, любы прадмет павінен несці выхаваўчую нагрузку, — адзначыў міністр адукацыі. — Важная роля ў сістэме ўдасканалення зместу адукацыі і ў фарміраванні прафесійных і асобасных кампетэнцый і грамадзянскай пазіцыі  будучага спецыяліста адводзіцца педагогу.

Абмеркаваўшы сістэму ідэалагічнай і выхаваўчай работы, якая на сённяшні дзень склалася ва ўніверсітэтах краіны, удзельнікі пасяджэння вызначылі далейшыя шляхі яе ўдасканалення.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.