Выхоўваць патрыётаў

Пытанні арганізацыі эфектыўнай работы кіраўнікоў па ваенна­патрыятычным выхаванні абмеркавалі ў Гродне.
У міжведамаснай нарадзе, якая праходзіла ў Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі, прынялі ўдзел кіраўніцтва галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама, ваеннага камісарыята вобласці, намеснікі камандзіра Гродзенскай пагранічнай групы і камандуючага войскамі ЗАК, кіраўнікі ўстаноў адукацыі. У раённыя студыі былі запрошаны кіраўнікі па ваенна­патрыятычным выхаванні і спецыялісты, якія курыруюць іх дзейнасць.

Сістэматызацыя работы і кантроль

— Ва ўсіх раёнах павінна быць арганізавана метадычнае суправаджэнне дзейнасці кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні. Гродзенскім абласным інстытутам развіцця адукацыі на 2022 год будуць распрацаваны адукацыйныя праграмы павышэння кваліфікацыі, якімі неабходна ахапіць да 80% гэтых педагогаў. Яшчэ адна важная задача — правесці для іх сумесна з ваеннымі камісарамі раёнаў навучальныя мерапрыемствы, пазнаёміць з лепшым вопытам работы, у тым ліку і цэнтраў дапрызыўнай падрыхтоўкі, а іх у вобласці 9, — паставіў задачы начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык.

Для эфектыўнага ўзаема­дзеяння з усімі патэнцыяльнымі суб’ектамі ваенна-патрыятычнага выхавання прынята рашэнне вызначыць у кожным раёне адказных спецыялістаў аддзелаў адукацыі або метадыстаў вучэбна-метадычных кабінетаў. На сістэмнай аснове плануецца арганізаваць і маніторынг дзейнас­ці ў гэтым кірунку.

Цікавы кантэнт

Гаворачы пра ўзаемадзеянне ваеннага камісарыята з установамі адукацыі па пытаннях арыен­тавання моладзі рэгіёна на паступленне ў ваенныя ўстановы адукацыі і службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, ваенны камісар Гродзенскай вобласці Вячаслаў Раманенка расказаў, што загадам міністра абароны вызначаны вайсковыя часці, ваенна-вучэбныя ўстановы і арганізацыі Узброеных Сіл, замацаваныя за ўстановамі адукацыі. Вынікам такога ўзаемадзеяння стануць сумесныя мерапрыемствы, дні адкрытых дзвярэй, круглыя сталы.

Вячаслаў Раманенка заў­важыў, што далёка не на ўсіх сайтах школ ёсць раздзел “Ваенна-патрыятычнае выхаванне”. Прагучала прапанова не толькі стварыць такі раздзел, але і зра­біць яго цікавым для школьнікаў і іх бацькоў. Як прыклад, інфармацыя можа быць пададзена пад такімі рубрыкамі: “Першы крок у ваенкамат”, “Прызыўнік павінен ведаць”, “Спецыяльнасць для жыцця”, “Як стаць афіцэрам”, “Адтэрміноўка ад службы ў арміі”, “Хочаш на кантракт, цісні сюды”, “Ухіліўся ад службы, адкажаш” і г.д. Установы адукацыі могуць нават не ствараць свой кантэнт, а зрабіць спасылкі на сайты, дзе гэта структуравана і добра пада­дзена. Супрацоўнікі ГрАІРА, у сваю чаргу, паабяцалі абагульніць гэты вопыт, даць свае рэкамендацыі і распаўсюдзіць інфармацыю на ўсю вобласць.

Выкарыстаць Viber і Instagram

На думку начальніка ваеннага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы Лявонція Паўлава, прафарыентацыйная работа павінна весціся не толькі з абітурыентамі, але і з іх бацькамі, з установамі адукацыі. У мінулым годзе на ўступную кампанію значны ўплыў аказала эпідэміялагічная сітуацыя, што не дазволіла правесці сур’ёзную работу з бацькамі.

— Прапаноўваю разгледзець пытанне рэалізацыі на базе нашага факультэта і ўстаноў адукацыі Гродзенскай вобласці пілотнага праекта з выкарыстаннем сучасных сродкаў камунікацыі, — адзначыў Лявонцій Паўлаў. — Мы стварылі рэкламны ролік, дзе ў даступнай форме расказваем пра спецыяльнасці, якія можна атрымаць на факультэце, пра тое, якія перавагі, умовы навучання і пражывання. Вядома, што ў кожным класе ў школах сёння створаны групы ў Viber для бацькоў, у якія і трэба адправіць наш рэкламны ролік. Для атрымання больш падрабязнай інфармацыі можна зайсці на сайт факультэта і старонку ў Instagram.

Патэнцыяльны абітурыент можа запоўніць анкету ў электронным выглядзе і такім чынам звярнуць на сябе ўвагу педагогаў УВА. На ваенным факультэце ГрДУ імя Янкі Купалы гатовы праводзіць індывідуальныя азнаямленчыя экскурсіі для групы школьнікаў і нават для аднаго дзіцяці і яго бацькоў.

Рэсурсным цэнтрам арганізацыі ваенна-патрытычнага выхавання ў рэгіёне вызначана Гродзенскае абласное кадэцкае вучылішча.

Комплексны падыход

На нарадзе таксама абмеркавалі пытанне арганізацыі і правядзення мерапрыемстваў ваенна-патрыятычнай накіраванасці і прыйшлі да высновы, што падыход павінен быць комплексным.

Сёння актыўна ствараюцца інфармацыйныя парталы (напрыклад Патриот.by), якія становяцца анлайн-пляцоўкамі па арганізацыі і асвятленні такіх мерапрыемстваў.

— У гэтым навучальным го­дзе будуць прапанаваны разнапланавыя мерапрыемствы для навучэнцаў устаноў адукацыі: фестываль патрыятычнай песні, абласныя тэматычныя конкурсы, масавыя акцыі і флэшмобы, маладзёжныя форумы, профільныя змены ў аздараўленчых лагерах, маладзёжны парламенцкі саміт “Палітычны рубеж” і многія іншыя, — расказаў Руслан Абрамчык. — У рамках абласнога конкурсу-форуму “Мы дзеці гродзенскай зямлі” плануецца правядзенне навукова-практычнай канферэнцыі па тэме “Гістарычныя скарбы Гродзеншчыны”, а таксама штогадовага конкурсу эсэ сярод навучэнцаў кадэцкіх класаў, конкурсаў малюнкаў сярод навучэнцаў 1—4 класаў школ вобласці. Вырашана правесці і кадэцкі баль “Лёс і Радзіма — адзіныя!”, які павінен стаць брэндавым абласным мерапрыемствам.

Падчас нарады таксама абмяркоўваліся пытанні арганізацыі работы лагераў ваенна-патрыятычнага профілю. У бягучым годзе ў сямі раёнах працавалі 11 такіх лагераў і адзін — абаронна-спартыўнага профілю, у якіх пабывалі 328 школьнікаў. Штогод каля 25 такіх лагераў адкрываюцца на базе пагранзастаў, у гэтым годзе з улікам эпідсітуацыі працавалі 12.

У планах працяг работы па афармленні і папаўненні інтэрак­тыўнай карты воінскіх пахаванняў і форм увекавечання памяці загінуўшых абаронцаў Айчыны і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны Гродзеншчыны. У чэрвені 2022 года вырашана правесці абласны злёт пошукавых атрадаў (клубаў). У дапамогу педагогам абласным цэнтрам турызму і краязнаўства падрыхтаваны зборнік экскурсійных маршрутаў па Гродзенскай вобласці.

— Павышэнню якасці работы будуць садзейнічаць конкурс відэаролікаў аб вопыце работы ўстаноў адукацыі па патрыятычным выхаванні “Юныя патрыёты Беларусі”, а таксама абласны конкурс юных журналістаў “Патриот.bу” на лепшае асвятленне дзейнасці ваенна-патрыя­тычных класаў (аб’яднанняў) у сродках масавай інфармацыі, — дадаў Руслан Абрамчык.

Па выніках наступнага навучальнага года на Гродзеншчыне плануюць правесці абласны конкурс прафесійнага майстэрства сярод кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні “Сваёй прафесіяй ганаруся!”.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.