Выхоўваць працай

Вячаслаў Рыгоравіч Ізотаў ніколі не думаў, што звяжа прафесійную дзейнасць з педагогікай. Ён з дзяцінства захапляўся сельскай гаспадаркай і тэхнікай, таму пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў у Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію, дзе атрымаў дыплом інжынера-механіка. Працаваў галоўным інжынерам і намеснікам старшыні калгаса. Па сямейных прычынах давялося змяніць прафесію, пра што зусім не шкадуе, бо знайшоў у ёй сапраўднае прызванне.

— Будучы афіцэрам запасу, часова ўладкаваўся настаўнікам дапрызыўнай падрыхтоўкі ў школу, — расказвае Вячаслаў Рыгоравіч. — Пасля некалькіх гадоў работы сыходзіць адтуль ужо не захацеў. Вырашыў атрымаць вышэйшую педагагічную адукацыю, для чаго завочна паступіў у тагачасны Мазырскі дзяржаўны педагагічны інстытут на факультэт агульнатэхнічных дысцыплін і працы. Профіль навучання выбраў паводле інтарэсаў і схільнасцей. Педагогіцы прысвяціў 31 год свайго жыцця, чаму вельмі рады.

Пасля атрымання другой вышэйшай адукацыі В.Р.Ізотаў доўгі час працаваў настаўнікам працоўнага навучання і намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце ў Малоткавіцкай сярэдняй школе Пінскага раёна. З 2005 года — дырэктар Малоткавіцкай дапаможнай школы-інтэрната.

— Працаваць з асаблівымі дзецьмі і цяжка, і цікава, — прызнаецца Вячаслаў Рыгоравіч. — У педагогаў установы спецыяльнай адукацыі заўсёды шмат работы. Галоўная праблема — адсутнасць надзейнай апоры ў выхаванні дзяцей з боку бацькоў. Большасць сем’яў нядобранадзейныя. 72 са 185 вучняў — сіроты. Педагогі з’яўляюцца фактычна ім бацькамі. У школе-інтэрнаце павінны працаваць надзвычай добрыя, шчырыя, прыстойныя і сумленныя людзі, якія на ўласным прыкладзе змогуць выхаваць важныя маральныя якасці і ў дзяцей, падарыць ім душэўную цеплыню, дапамагчы сацыялізавацца.

Ва ўстанове працуе больш за 60 педагогаў з вялікім вопытам практычнай работы з дзецьмі з АПФР. Многія маюць вышэйшую дэфекталагічную адукацыю. Педагогі актыўна далучаюць вучняў да працоўнай дзейнасці, шмат увагі ўдзяляюць прафарыентацыі.

— Правільнае выхаванне — гэта добра, а выхаванне працай — яшчэ лепш, бо яно дапамагае сфарміраваць і развіць карысныя ўменні і навыкі, неабходныя ў далейшым жыцці, — лічыць дырэктар, які неаднаразова перачытваў працы свайго куміра А.С.Макаранкі.

Вопыт дапаможнай школы-інтэрната красамоўна паказвае, што працоўнае выхаванне прыносіць выдатныя вынікі. У Рэспубліканскім конкурсе на лепшую ўстанову спецыяльнай адукацыі (2014) яна атрымала дыплом І ступені ў адпаведнай намінацыі.

На працягу 2008—2010 гадоў у дапаможнай школе-інтэрнаце рэалізоўваўся эксперыментальны праект па падрыхтоўцы вучняў да самастойнага пражывання, дзякуючы якому быў створаны сацыяльна-бытавы комплекс з кабінетам сацыяльна-бытавой арыенціроўкі і кватэрай для навучання самастойнаму пражыванню. На працягу 2011—2014 гадоў ажыццяўляўся эксперыментальны праект па стварэнні на базе ўстановы рэсурснага цэнтра для дапамогі педагогам, вучням і іх бацькам у арганізацыі эфектыўнага навучання з улікам асаблівых адукацыйных патрэб выхаванцаў.

Сёння ў школе-інтэрнаце паспяхова дзейнічае некалькі класаў паглыбленай сацыяльнай, прафесійнай і працоўнай падрыхтоўкі асаблівых вучняў, якія займаюцца ў рамонтна-будаўнічай, швейнай, керамічнай і багетнай майстэрнях, майстэрнях па зборцы мэблі, вытворчасці тратуарнай пліткі і халоднай коўкі металу, цэху па вытворчасці корпуснай мэблі, кабінетах сельскагаспадарчай працы і пчалярства, цяпліцы і фруктовым садзе, а таксама на прышкольным вучэбна-доследным участку і пчальніку. Дзякуючы майстэрням са спецыяльным абсталяваннем, установа цалкам забяспечвае сябе мэбляй і пасцельнымі рэчамі. У планах — стварэнне швейнага цэха.

— Мы маем сертыфікаты адпаведнасці на мэблю і швейныя вырабы, што дазваляе рэалізоўваць прадукцыю, пераважна па індывідуальных заказах, — гаворыць В.Р.Ізотаў. — Нашы паслугі адрозніваюцца танным коштам і карыстаюцца вялікім попытам сярод насельніцтва, паколькі мы не толькі працуем хутка і якасна, але і арганізоўваем бясплатную дастаўку. Гэтая дзейнасць дазваляе палепшыць матэрыяльна-тэхнічную базу ўстановы. Шмат увагі ўдзяляем і другаснай занятасці вучняў, арганізаванай разам з цэнтрам занятасці. Старшакласнікі працуюць у летнім лагеры працы і адпачынку і пасля ўрокаў (шыюць, вырабляюць мэблю, добраўпарадкоўваюць тэрыторыю), за што атрымліваюць заробак.

Наладжана супрацоўніцтва з Польшчай. Так, установа ўдзельнічае ў міжнародным праекце “Сацыяльная інтэграцыя маладых людзей-інвалідаў з разумовымі адхіленнямі”, дзякуючы якому былі абсталяваны майстэрні для арганізацыі дадатковай адукацыі дзяцей.

Выпускнікі школы-інтэрната паспяхова вучацца ва ўстановах прафесійнай адукацыі і працуюць на прадпрыемствах.

— Вынікі нашай работы радуюць, — прызнаецца дырэктар. — Для паспяховай дзейнасці трэба ставіць кароткатэрміновыя мэты і разам з калектывам настойліва працаваць па іх ажыццяўленні.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.