Выхоўваць словам і справай

- 14:06Адукацыйная прастора

У раёнах сталіцы арганізавана работа дыялогавых пляцовак па абмеркаванні праекта Праграмы патрыятычнага выхавання насельніцтва Рэспублікі Беларусь на 2022—2025 гады. У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў — асноўныя формы рэалізацыі напрамкаў патрыятычнага выхавання, прынцыпы і інструменты рэалізацыі праграмы, прыярытэтныя мерапрыемствы, якія неабходна ўвасобіць у жыццё.

Дыялогавая пляцоўка ў сярэдняй школе №51.

Удзельнікі дыялогавай пляцоўкі сярэдняй школы № 109 Заводскага раёна адзначылі, што час патрабуе новых прафесійных падыходаў да работы па патрыятычным выхаванні насельніцтва. Неабходна не толькі вывучаць пазіцыі светапогляду грамадства, але і фарміраваць яго патрыятычную перакананасць праз рэальныя канкрэтныя справы. Дакумент, які абмяркоўваецца, своечасовы і стратэгічны, вызначае канцэптуальныя напрамкі работы ў найважнейшай для грамадства сферы.

У рэжыме анлайн прайшла дыялогавая пляцоўка, мадэратарам якой выступіў гарадскі рэсурсны цэнтр па выхаваўчай рабоце, які дзейнічае на базе сярэдняй школы № 94 Першамайскага раёна. Быў прадстаўлены станоўчы вопыт работы па патрыятычным выхаванні сярэдняй школы № 137, гімназіі № 18, Мінскага гарадскога кадэцкага вучылішча. Удзельнікі сустрэчы вызначылі асноўныя вектары супрацоўніцтва ў межах ваенна-патрыятычнага выхавання навучэнцаў.

Час патрабуе новых прафесійных падыходаў да работы па патрыятычным выхаванні насельніцтва. Неабходна не толькі вывучаць пазіцыі светапогляду грамадства, але і фарміраваць яго патрыятычную перакананасць праз рэальныя канкрэтныя справы.

Госцем інфармацыйнай студыі ў гімназіі № 9 Першамайскага раёна стаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў, лідар ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч. Падчас сустрэчы адзначалася важнасць патрыятычнага выхавання з дзяцінства і вялікая роля педагогаў і бацькоў у фарміраванні самасвядомасці падрастаючага пакалення.

У дыялогавай пляцоўцы, якая была арганізавана ў гімназіі № 43, прынялі ўдзел прадстаўнікі дэпутацкага корпуса, сферы адукацыі, грамадскіх аб’яднанняў, прадстаўленых у Фрунзенскім раёне. Прысутныя азнаёміліся з вопытам работы гімназіі па патрыятычным выхаванні навучэнцаў, наведалі міжшкольны цэнтр дапрызыўнай падрыхтоўкі, музей гонару і доблесці воінаў-інтэрнацыяналістаў і музей гісторыі маладзёжнага руху.

Удзельнікі мерапрыемства прыйшлі да высновы, што выхоўваць моладзь неабходна не толькі словамі, але і справай. Сумеснай справай можа стаць добраўпарадкаванне ў раёне Масюкоўшчына месца былога канцлагера для ваеннапалонных.

У Ленінскім раёне дыялогавая пляцоўка была арганізавана на базе сярэдняй школы № 51. Яна аб’яднала прадстаўнікоў трох пакаленняў: ветэранаў педагагічнай працы, кіраўнікоў устаноў адукацыі і вучнёўскую моладзь. Па выніках работы дыялогавай пляцоўкі было прынята рашэнне аб магчымасці стварэння патрыятычнага клуба, дзе будуць праходзіць сустрэчы пакаленняў. Як прыклад — арганізацыя сустрэчы “Ёсць такая прафесія — Радзіму абараняць” навучэнцаў з дзядулямі, бацькамі, якія прысвяцілі сваё жыццё службе ва Узброеных Сілах нашай краіны. Падрыхтоўка і тэматычнае напаўненне сустрэч будзе прысвечана гераізму, мужнасці воінаў-інтэрнацыяналістаў, абаронцаў. Таксама абмеркавалі магчымасць запрашэння ваенных на спартыўныя святы ў школу і нават правядзенне сяброўскіх матчаў з камандай старшакласнікаў.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.