Выхоўваючы гаспадароў роднай зямлі

На Бабруйшчыне з мэтай падрыхтоўкі навучэнцаў да выбару будучай прафесіі і працягу навучання пасля ІІ ці ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі распрацавана раённая мадэль прафілізацыі, у межах якой арганізавана дапрофільная і прафесійная падрыхтоўка навучэнцаў. Пра асаблівасці гэтай мадэлі, а таксама пра некаторыя вынікі развіцця рэгіянальнай сістэмы адукацыі напрыканцы каляндарнага года расказвае начальнік аддзела па адукацыі, спорце і турызме Бабруйскага райвыканкама Алена Уладзіміраўна БАРКОЎСКАЯ.

— Важнае месца ў прафарыентацыйнай рабоце займае нацэльванне навучэнцаў на атрыманне сельскагаспадарчых, педагагічных прафесій для папаўнення кадрамі свайго раёна. Для навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі раёна практыкуецца правядзенне сумесных прафарыентацыйных мерапрыемстваў з удзелам прадстаўнікоў устаноў вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі, у тым ліку сельскагаспадарчага профілю.

У лютым — сакавіку ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі раёна традыцыйна праходзяць прафарыентацыйныя мерапрыемствы, у якіх бяруць удзел прадстаўнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі: Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, Віцебскай ордэна “Знак Пашаны” дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны і іншыя.

У раёне арганізавана ўзаемадзеянне з падшэфнымі гаспадаркамі, якія не толькі праводзяць прафарыентацыйную работу, арганізоўваюць экскурсіі, знаёмяць навучэнцаў з перадавікамі — былымі выпускнікамі, але і аказваюць спонсарскую дапамогу ўстановам адукацыі раёна, у тым ліку ў папаўненні матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Штогод выпускнікі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі раёна паступаюць ва ўстановы сельскагаспадарчага профілю. Так, у 2018 годзе з 85 выпускнікоў III ступені агульнай сярэдняй адукацыі 14 чалавек (16,5%) працягваюць навучанне ва ўстановах сельскагаспадарчага профілю.
Забяспечаны максімальны ахоп навучэнцаў 10 класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі раёна прафесійнай падрыхтоўкай: з 66 навучэнцаў для 49 арганізаваны адукацыйны працэс па працоўным навучанні па праграме прафесійнай падрыхтоўкі рабочых (служачых) на базе Бабруйскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа, Бабруйскага дзяржаўнага будаўнічага прафесійна-тэхнічнага каледжа, Бабруйскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа, 17 працягваюць навучанне ў профільных групах, у тым ліку аграрнай накіраванасці.

— Як арганізавана ў раёне профільнае навучанне?

— Ужо трэці год у раёне адкрываюцца профільныя групы з вывучэннем на павышаным узроўні асобных прадметаў. Сёлета з 11 выпускнікоў профільных груп 9 паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі, у тым ліку 3 — педагагічнага профілю. Ва ўстановы ССА (медыцынскі каледж) паступілі 2.

З 2018/2019 навучальнага года ў Міхалёўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе, Хімоўскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе на базе 10-х класаў адкрыты 2 групы прафесійнай (аграрнай) накіраванасці. Навучэнцы вывучаюць на павышаным узроўні беларускую мову, матэматыку, хімію, біялогію. Акрамя таго, наведваюць факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”, якія даюць магчымасць навучэнцам пашырыць свае ўяўленні аб сельскай гаспадарцы і вызначыцца з прафесіяй.

Стварэнне профільных класаў (груп) аграрнай накіраванасці дасць магчымасць забяспечыць больш цеснае супрацоўніцтва ўстаноў вышэйшай адукацыі сельскагаспадарчай накіраванасці і сельскагаспадарчых арганізацый з установамі агульнай сярэдняй адукацыі па мэтанакіраваным падборы прафесійна арыентаванай моладзі, знаёмай з сельскім ладам жыцця і праблемамі сельскагаспадарчай вытворчасці, для навучання ва ўстановах вышэйшай адукацыі.

— Алена Уладзіміраўна, якіх поспехаў дасягнулі навучэнцы і педагогі за апошні час?

— За мінулы навучальны год 236 навучэнцаў з 11 устаноў адукацыі ўдзельнічалі ў абласных, рэспубліканскіх і міжнародных дыстанцыйных алімпіядах па вучэбных прадметах. У выніку — 166 дыпломаў, што склала 70,3%. У дыстанцыйнай алімпіядзе па біялогіі і экалогіі, якая прайшла ў кастрычніку 2018 года, дыпломам III ступені ўзнагароджана навучэнка 11 класа Каменскай сярэдняй школы Паліна Шыла (настаўнік Р.М.Мануленка).

Па выніках абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды 2017/2018 навучальнага года пахвальны водгук па матэматыцы атрымаў Павел Якубенка, навучэнец 9 класа Глушанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы (настаўніца Г.Б.Ануфрыева).

У абласных і рэспубліканскіх конкурсах работ даследчага характару па вучэбных прадметах за мінулы навучальны год у навучэнцаў раёна — 6 дыпломаў. Варта асабліва адзначыць штогадовы ўдзел у міжнароднай маладзёжнай навукова-практычнай канферэнцыі работ даследчага характару “Вялікая Айчынная вайна 1941—1945 гадоў у гістарычнай памяці народа” навучэнцаў Міхалёўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы (навуковы кіраўнік Т.В.Кандрацьева). Таксама ў 2018 годзе дыпломам III ступені адзначана работа навучэнкі Брожскай сярэдняй школы Дзіяны Грышчанка (навуковы кіраўнік У.У.Шарапаў).

— Якія новыя формы дашкольнай адукацыі асабліва запатрабаваны ў раёне?

— Сёння ў раёне дзейнічаюць прагулачныя пляцоўкі, адаптацыйныя групы, матчыны школы. Сярод найбольш запатрабаваных форм — матчыны школы. Іх работа арганізавана з мэтай педагагічнай падтрымкі дзяцей, якія не наведваюць установы дашкольнай адукацыі ва ўзросце да трох гадоў, і дапамогі ў развіцці выхаваўчых здольнасцей законных прадстаўнікоў.

— Якія задачы па развіцці адукацыйнай прасторы ставіце на найбліжэйшую перспектыву?

— У перспектыве неабходна працягнуць работу па развіцці варыятыўных форм арганізацыі дашкольнай адукацыі, па аснашчэнні ўстаноў дашкольнай адукацыі сучаснымі сродкамі навучання, вучэбнымі выданнямі. Важным для нас з’яўляецца максімальнае выкарыстанне магчымасцей навучання на павышаным узроўні на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі, профільнага навучання, міжшкольных факультатываў і прафесійнага навучання на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама пашырэнне сеткі профільных класаў (груп) прафесійнай накіраванасці, у прыватнасці агракласаў. Плануем таксама актывізаваць работу па накіраванні педагагічных кадраў на здачу экзамену для атрымання вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, катэгорыі “настаўнік-метадыст”, а таксама працягнуць работу па павышэнні прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў праз арганізацыю ўдзелу ў семінарах, інтэрнэт-канферэнцыях і конкурсах.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.