Педагагічны калектыў сярэдняй школы № 3 Зэльвы цвёрда перакананы ў тым, што кожнаму дзіцяці ў школе абавязкова трэба авалодаць “экалагічнай граматай”, а звычку абыходзіцца з прыродай гуманна трэба выхоўваць з ранняга дзяцінства. Для паспяховага ажыццяўлення экалагічнага выхавання недастаткова абмяжоўвацца асобнымі мерапрыемствамі, а патрэбна прадуманая сістэма работы, якая ахоплівае як урочную, так і пазаўрочную дзейнасць навучэнцаў.
У нашай установе рэалізуецца праграма выхавання, якая разлічана на 2016—2020 гады і вызначае асноўныя напрамкі і змест дзейнасці педагагічнага, вучнёўскага калектываў школы і бацькоўскай грамадскасці па рэалізацыі прынцыпаў дзяржаўнай палітыкі ў сферы выхавання падрастаючага пакалення. Праграма складаецца з пяці блокаў: “Край, паэтамі апеты”, “Жывая душа прыроды”, “Здароўе — бясцэнны дар”, “Сям’я — маё ўсё”, “Планета людзей”. Змест кожнага з блокаў вырашае свае канкрэтныя задачы, ускладняючыся і паглыбляючыся ад узросту да ўзросту. Значная ўвага ў праграме ўдзяляецца выхаванню ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і прыродакарыстання.
Экалагічная адукацыя ў школе носіць міждысцыплінарны характар і рэалізуецца ў ходзе вывучэння многіх прадметаў: геаграфіі, біялогіі, хіміі, фізікі. Змест гэтых курсаў дае магчымасць педагогам канкрэтызаваць агульныя пытанні ўзаемадзеяння прыроды і грамадства, развіваць ідэю цэласнасці і непадзельнасці прыроды. Аднак падручнікі і вучэбныя дапаможнікі не ўлічваюць рэгіянальныя асаблівасці і выключаюць рэалізацыю прынцыпу ўзаемасувязі глабальнага, рэгіянальнага і лакальнага ў змесце экалагічнага адукацыі. Таму на ўроках настаўнікі часта выкарыстоўваюць рэгіянальны кампанент. У прыватнасці, знаёмяць навучэнцаў з флорай і фаўнай Гродзенскай вобласці, асабліва ахоўнымі тэрыторыямі Зэльвеншчыны, рэдкімі і знікаючымі жывёламі і раслінамі рэгіёна, з Чырвонай кнігай Зэльвенскага раёна. З 2015 года педагогі і вучні школы прымаюць актыўны ўдзел у міжнародных экалагічных уроках “Захавальнікі вады”.
Безумоўна, класна-ўрочная сістэма экалагічнай адукацыі апраўдвае сябе, аднак для фарміравання ўстойлівай экалагічнай свядомасці яе, відавочна, не дастаткова. Таму для павышэння якасці экалагічнага выхавання педагогі выкарыстоўваюць розныя віды пазакласнай работы, якая будуецца з улікам інтарэсаў і схільнасцей навучэнцаў. Для развіцця ў дзяцей дапытлівасці і цікавасці да вывучэння прыроды роднага краю ў школе праводзяцца гутаркі, гульні, турніры, вусныя часопісы, КВЗ: “Дзіўны свет раслін”, “Экалагічны КВЗ”, “Гэтыя загадкавыя жывёлы”, “Там, на невядомых дарожках…”, “Прырода Зэльвеншчыны” і г.д. Гэтыя мерапрыемствы патрабуюць ад дзяцей максімальнага праяўлення сваіх творчых і інтэлектуальных здольнасцей, умення выступаць публічна, адстойваць свой пункт гледжання, працаваць у камандзе.
Праводзяцца таксама конкурсы вершаў, апавяданняў, казак у абарону першацветаў, лістовак “Захаваем прыгажосць першацвету!”, “Захаваем лес ад агню!”, “Зберажом Зямлю для нашчадкаў!”, “Роднаму краю — чыстыя рэкі”. У лістоўках дзяцей утрымліваюцца не толькі малюнкі, але і даецца кароткая інфармацыя аб праблеме і заклік да яе вырашэння. Хлопцы і дзяўчаты на працягу ўсяго года даглядаюць пакаёвыя расліны і азеляняюць кабінеты, замацаваныя за іх класамі.
Традыцыйнай формай экалагічнага выхавання сталі агульнашкольныя экалагічныя суботнікі, якія звычайна праводзяцца ў верасні, кастрычніку, красавіку і траўні. Так, вучні расчышчаюць школьную тэрыторыю ад смецця і ліквідуюць несанкцыянаваныя звалкі. У суботніках сумесна з дзецьмі ўдзельнічаюць іх педагогі. У выніку такіх калектыўных спраў прыродныя аб’екты становяцца для дзяцей асобасна значнымі, фарміруюцца беражлівыя адносіны да прыроды.
У 2015 годзе аднавіла працу школьнае лясніцтва “Парастак”, у якім налічваецца 47 чалавек. Гэта вучні з 8 па 10 клас. Яны праходзяць урачыстае пасвячэнне ў лесаводы, атрымліваюць спецыяльныя пасведчанні з рук ганаровых гасцей — ляснічага Зэльвенскага доследнага лясніцтва Аляксея Галавача і галоўнага ляснічага Слонімскага лясгаса Вадзіма Ерамейчыка. Юныя леснікі сваю любоў да прыроды даказваюць на справе. Яны змайстравалі 130 шпакоўняў, дапамагалі лясніцтву саджаць Алею памяці ў гонар 70-годдзя Перамогі, ачысцілі ад смецця прыбярэжную лясную паласу ля Зэльвенскага вадасховішча, удзельнічалі ў пасадцы лесу.
Немалаважную ролю ў экалагічным выхаванні падрастаючага пакалення адыгрываюць тэматычныя экскурсіі. Штогод нашы вучні наведваюць Слонімскі раённы краязнаўчы музей імя І.Стаброўскага, Гродзенскі заапарк, Стары замак у Гродне, музей-сядзібу “Старая вёска”. Наведваючы гэтыя экскурсіі, школьнікі наглядна знаёмяцца з жывёльным і раслінным светам, гісторыяй роднага краю. Вялікую работу па выхаванні ў навучэнцаў беражлівых адносін да прыроды праводзіць школьны гісторыка-краязнаўчы музей “Светач”, якому ў 2015 годзе прысвоена званне “народны”.
Традыцыйнымі ў школе сталі навуковыя канферэнцыі, конкурсы рэфератыўных работ і экалагічных праектаў, якія накіраваны на развіццё навыкаў навуковага даследавання. На прышкольным вучэбна-доследным участку і ў прыродных умовах хлопцы адточваюць навыкі практычнага прымянення экалагічных ведаў, знаёмяцца з методыкамі навукова-даследчай дзейнасці, ажыццяўляюць маніторынг навакольнага асяроддзя, вывучаюць рэдкія і знікаючыя віды.
Метад даследаванняў выкарыстоўваецца ў рабоце з навучэнцамі, якія маюць высокую матывацыю і цікавасць да навучання. Выбар тэмы даследавання залежыць ад тэхнічнай базы школы, патрабаванняў бяспекі і інтарэсаў саміх навучэнцаў. Некаторыя прыродныя аб’екты вывучаюцца комплексна. Напрыклад, у рэспубліканскім біялагічным заказніку “Мёдухава” навучэнцамі школы былі вывучаны краявідная разнастайнасць лішайнікаў, стан ігліцы хвоі звычайнай для ацэнкі забруджанасці атмасфернага паветра і відавы склад мурашак як агентаў біялагічнай абароны лясоў ад шкоднікаў.
Актыўна рэалізуецца ў школе праектная дзейнасць, якая накіравана на арганізацыю асветніцкай, прыродаахоўнай і даследчай дзейнасці навучэнцаў. Так, у 2014 годзе ў школе быў распрацаваны праект па стварэнні экалагічнай сцежкі сваёй мясцовасці “Дзіўнае побач”, вынікам працы над якім стала функцыянаванне школьнай экалагічнай сцежкі, якая створана рашэннем Зэльвенскага сельскага Савета дэпутатаў у красавіку 2015 года.
У 2015 годзе навучэнцамі і педагогамі распрацаваны зялёны маршрут “Помнікі прыроды Зэльвеншчыны”. Гэты праект быў накіраваны на абласны конкурс “Воды Нарачы” і адзначаны дыпломам II ступені. Вучэбна-метадычны дапаможнік “Помнікі прыроды Зэльвеншчыны”, які быў распрацаваны ў ходзе гэтага праекта, адзначаны дыпломам III ступені па выніках Рэспубліканскага конкурсу інтэрнэт-праектаў з міжнародным удзелам “Мне сняцца сны аб Беларусі…”.
У 2016 годзе навучэнцы прынялі ўдзел у навукова-інжынерным конкурсе Belarus Science and Engineering Fair, падчас якога распрацавалі экалагічныя маршруты па тэрыторыі Зэльвенскага раёна. Адзінаццацікласнік Дзмітрый Азерскі правёў даследчую работу па тэме “Ацэнка выразнасці пейзажнага ландшафту экалагічных маршрутаў”, якая на Абласной навукова-практычнай канферэнцыі “Крыштальная альфа” адзначана дыпломам III ступені.
Значны ўплыў на фарміраванне экалагічнай культуры навучэнцаў аказвае праца кабінета экалогіі, які створаны ў школе ў 2014 годзе. Рэгулярна выпускаецца прадметная газета “Веснік прыроды”, створаны сайт кабінета экалогіі. Сайт першапачаткова задумваўся такім, каб навучэнцы і іх бацькі хацелі на яго заходзіць. Таму асноўны акцэнт зроблены на асвятленне дасягненняў вучняў, размяшчэнне іх творчых работ, фотасправаздач аб экскурсіях, конкурсах, алімпіядах і іншых запамінальных момантах школьнага жыцця.
Наладжана пастаянная дзейсная сувязь школы з установамі дадатковай адукацыі: Зэльвенскім раённым цэнтрам турызму і краязнаўства і Зэльвенскім раённым цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі. Нашы вучні прымаюць актыўны ўдзел у розных мерапрыемствах гэтых устаноў, паказваюць добрыя веды флоры і фаўны роднага краю, геаграфіі Гродзенскай вобласці, яе асабліва ахоўных тэрыторый.
Праца па выхаванні школьнікаў у галіне аховы навакольнага асяроддзя і прыродакарыстання значна больш эфектыўная, калі ў ёй удзельнічаюць не толькі педагогі школы, але і работнікі прыродаахоўных арганізацый, знаўцы і аматары прыроды. Значную дапамогу педагагічнаму калектыву аказвае начальнік Зэльвенскай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Г.П.Чыгрын.
Работа нашай школы па экалагічным выхаванні дае істотныя вынікі, і мы лічым неабходным працягваць яе. Бо не кожны навучэнец можа раскрыць самастойна прыгажосць роднай прыроды. Школа абавязана дапамагчы яму ў гэтым. Калі дзіця адчувае прыгажосць прыроды, яно цягнецца да яе, прывязваецца і гэтае пачуццё любові да прыроды, роднага краю праносіць праз усё жыццё.
Кацярына ІГНАТАВЕЦ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце.