Выхоўваючы, развіваем сем сфер асобы

- 16:22Сацыяльны ракурс

Ужо сёмы раз у Азёрах Гродзенскай вобласці на беразе возера Белае на летні тэматычны семінар сабраліся ўдзельнікі конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года” розных гадоў — члены рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель”.

1,1
Лічба 7 — свяшчэнная, містычная, чароўная. Сямёрка сімвалізуе гармонію прыроды — сем асноўных планет, сем дзён тыдня, сем колераў вясёлкі, тоіць у сабе здольнасць накіроўваць талент у сферу навукі. Сапраўды 7 — дзівосная лічба. Сёмы раз семінар у Азёрах. Гэта было таямнічым.
“Выхаваўчыя аспекты ўрока” — тэма семінара бягучага года. Тэму выбралі загадзя, на вясеннім семінары адбылося першае пагружэнне ў яе тэарэтычныя аспекты. Калі выхоўваць навучэнцаў, ці дастаткова правесці класную і інфармацыйную гадзіны? А можа, выхаванне адбываецца на кожным уроку? Тады як правільна паставіць, сфармуляваць і дасягнуць менавіта выхаваўчай мэты ўрока? Грунтоўна разабрацца ў тым, што выклікае цяжкасці ў настаўніка, — задача “Азёр”. Гэта было традыцыйным.
Работу па вывучэнні выхаваўчых аспектаў урока пачалі за два месяцы да семінара. Раздзяліліся на групы па аспектах урока. Тут сімвалічна: аспектаў урока было сем, і груп, адпаведна, столькі ж. Кожная група, дзе быў свой кіраўнік, вывучала пэўную сферу асобы навучэнцаў.1,2
Пасля адкрыцця семінара кандыдат педагагічных навук Святлана Гін правяла параўнальны аналіз працэсаў навучання і выхавання. У выхаваўчым працэсе няма алгарытму дзеянняў, усё індывідуальна і залежыць ад многіх фактараў. Выхаванне нельга прагназаваць, ёсць толькі верагоднасць дасягнення жаданага выніку. І, на жаль, няма адзінага патрабавання ў выхаваўчым працэсе ў параўнанні з адукацыйным. Што ад нас, настаўнікаў, хочуць бацькі і грамадства, калі гавораць аб тым, што навучэнец павінен быць выхаваным? Якія якасці асобы мы можам развіваць у навучэнцаў, садзейнічаць іх праяўленню, калі на ўроку ствараем умовы для развіцця сфер асобы дзіцяці: валявой, інтэлектуальнай, эмацыянальнай, матывацыйнай, экзістэнцыяльнай, прадметна-практычнай і сферы самарэгуляцыі. Гэта было цяжкім.
Група Алены Ананчыкавай паказала, як фарміраваць і развіваць матывацыйную сферу навучэнцаў, прапанавала прыёмы матывацыі, апісаныя ў літаратуры. Матывацыя — гэта не толькі этап урока, а сфера асобы, тое, што можна развіваць у навучэнцаў, каб выхоўваць мэтанакіраванасць, жаданне дасягаць мэты, імкненне да новага.
Як часта нашым навучэнцам не хапае цярплівасці, упартасці, настойлівасці, рашучасці і ўседлівасці. Як выхоўваць гэтыя якасці, развіваючы валявую сферу асобы, у цікавай форме прадставіла нам група Інесы Зубрылінай.
Вельмі блізкая да адукацыйнага працэсу інтэлектуальная сфера асобы. Разабрацца, як можна яе развіваць, даступна прадэманстравала нам група Віталіны Папковіч.
Навошта настаўніку ўсміхацца, жартаваць на ўроку, называць па імені (не па прозвішчы) сваіх навучэнцаў, слухаць музыку і глядзець відэафрагменты? Што такое прыёмы атракцыі, якія пачуцці і эмоцыі трэба стымуляваць у навучэнцаў на ўроку, як уплывае трывожнасць на вынік навучання? Як, ведаючы гэта, выхоўваць дабрыню, чуласць, добразычлівасць, любоў, спагаду, высакароднасць, фарміруючы і развіваючы эмацыянальную сферу асобы? У гэтым дапамагла нам разабрацца група Алены Гарбар.
Зносіны — гэта ўмова развіцця эмоцый. Натуральна, настаўнік павінен умець кіраваць сваімі эмоцыямі, быць прыкладам для навучэнцаў у выбудоўванні адносін. Няма дрэнных людзей, ёсць дрэнныя адносіны. Навучыць вучняў прымаць правільныя рашэнні, кіраваць сваімі жаданнямі і думкамі дапамогуць настаўніку веды аб развіцці сферы самарэгуляцыі асобы. З якіх элементаў складаецца гэтая сфера і як яе развіваць на ўроку, прадставіла ў цікавай форме група Галіны Сухавай.
І, бадай, самыя складаныя сферы асобы навучэнцаў — экзістэнцыяльная (кіраўнік Алена Пасюта) і прадметна-практычная (кіраўнік Ірына Клявец) — выклікалі больш за ўсё цікавасці і пытанняў у слухачоў. У гэтым трэба разабрацца падрабязна і дэталёва. Гэта дапаможа нам перасцерагчы навучэнцаў ад няправільнага выбару прафесіі, негатыўных учынкаў.
Усе сферы асобы цесна звязаны адна з адной, і развіваць іх трэба адначасова і ўзгоднена. Гэтаму трэба вучыцца настаўніку. На наш погляд, мы пачалі ўжо разбірацца ў выхаваўчых аспектах урока. Гэта было неабходным.1,3
Адзначым — тэма складаная. Нам трэба будзе яшчэ адказваць на ўсе пытанні, якія ўзніклі ў ходзе абмеркаванняў, вывучаць літаратуру, фіксаваць свае думкі і знаходкі. Гэта будзе мець працяг.
Традыцыйна кожны дзень мы займаліся з раніцы і да вечара, а часу ўсё роўна не хапала для абмеркаванняў. Некаторыя групы працавалі над сваімі тэмамі да ночы, каб паспяхова прадставіць напрацаваныя матэрыялы. Выступленні груп змянялі ўрокі і майстар-класы “новай хвалі”. Гэта настаўнікі, якія прайшлі прафесійны конкурс “Настаўнік года-2014”, сталі членамі клуба і прыехалі ўпершыню на летні семінар у Азёрах. Гэта было доўгачаканым.
Лёгка і натуральна правяла свой міні-ўрок “Энергія слова” настаўніца фізікі Марына Дудойць. Марына Францаўна выдатна спланавала дзейнасць груп на ўроку, хутка падвяла ўдзельнікаў да вывядзення формулы энергіі слова, умела паказала асаблівасці і структуру ўрока фізікі на ўроку на вольную тэму.
Цікава правёў майстар-клас новы пераможца конкурсу “Настаўнік года” Віктар Жук. Віктар Эдуардавіч прадэманстраваў не толькі ўменне валодаць аўдыторыяй і ІКТ, але і глыбіню ведання гісторыі, гнуткасць розуму і захопленасць ТРКМ (тэхналогіяй развіцця крытычнага мыслення).
Настаўнік фізічнай культуры і здароўя Максім Мікуліч прадставіў майстар-клас “Стоп-кадр”. Максім Мікалаевіч выкарыстоўвае запаволеныя відэазапісы для методыкі навучання правільнаму выкананню фізічных практыкаванняў, даступна тлумачыць, цікава расказвае, добра адчувае час. Яго майстар-клас для многіх будзе метадычнай знаходкай.
Настаўнік фізікі Дзмітрый Бондар, даведаўшыся, што не ўсе ўдзельнікі семінара бачылі зорнае неба ў падзорную трубу, прапанаваў майстар-клас “Хлам + фантазія = вынаходка”. Удзельнікі семінара з задавальненнем збіралі падзорную трубу з… сантэхнічных труб і мацаванняў. Аказваецца, можна абысціся і без абсталявання, якое не заўсёды ёсць у школах. Галоўнае, азірнуцца вакол і ўключыць фантазію. Зорак мы, праўда, не ўбачылі, але вельмі яскрава і блізка разглядзелі процілеглы бераг возера Белае.1,4
Майстар-клас Яўгена Грыгор’ева, настаўніка англійскай мовы, дазволіў нам пазнаёміцца з сайтам праекта “Горад пытанняў”. Ірына Кларк і Вольга Пякурына паказалі розныя віды і спосабы правядзення дэбатаў. Астатнія “маладыя жураўлі” — Вольга Кіслова, Святлана Пузіноўская, Ірына Матузава, Галіна Дудко — прэзентавалі сябе, прадставіўшы ўдзельнікам семінара свае міні-ўрокі.
Вядома, усім навічкам было няпроста. Вялікая дарослая аўдыторыя, незвычайнае размяшчэнне мэблі, пачуццё адказнасці перад калегамі, усведамленне таго, што цябе ацэньваюць (і — важна — падтрымліваюць таксама), саўдзел у вачах калег. Але з такім экзаменам усе справіліся. Нам ёсць чаму вучыцца. Гэта было павучальным.
Дарагі чытач, калі ты думаеш, што мы цэлы дзень вучыліся на беразе такога цудоўнага возера, то ты не памыляешся. Таму што, павячэраўшы, мы вучылі адно аднаго адпачываць. Гэта было весела, цікава і проста цудоўна. У першы вечар адбылося пасвячэнне “новай хвалі” настаўнікаў, што ўпершыню прыехалі ў Азёры, у “жураўлі азёрныя”, якое праводзілася па прынцыпе гульні “Зарніца”. Усе ўдзельнікі падзяліліся на групы, кожная з іх атрымала свой маршрут з выдзеленымі этапамі (станцыямі), дзе неабходна было выканаць прапанаваныя заданні. Паспяховае праходжанне групай усяго маршруту давала магчымасць кожнаму ўдзельніку ва ўрачыстых абставінах прайсці пасвячэнне ў “жураўлі азёрныя”, што давала права на ўдзел у семінары. І надзвычайная гульня “Інтуіцыя”! Бо, спадзяюся, вы са мной пагодзіцеся, нішто не дае такой унікальнай магчымасці пазнаць лепш людзей, як магчымасць пагрузіцца ў гульню. Бліскуча прадуманыя сцвярджэнні, унікальная тэхніка вядзення гульні, дакладнае адсочванне падказак. Бадай, вядучым тэлеканалаў ёсць чаму павучыцца ў нашай незвычайнай вядучай Галіны Сухавай.
Другі вечар. Гэта наша нястомная, невычарпальная, надзвычай творчая Святлана Гін і, вядома ж, яе гульня “Што? Дзе? Калі?”. Гэта хобі Святланы Іванаўны, складаць пытанні і праводзіць гульню. Кожны раз непаўторную і непадобную да папярэдняй.
Наступны этап навучання: як арганізаваць ушанаванне адразу трох юбіляраў. Па-майстэрску арганізавала і правяла яго Алена Пратасевіч. Тры юбіляры? Тры групы падтрымкі (віншавальнікаў). Гумар, творчасць, актыўнасць, запал, усмешкі і асалода. А павучыцца ёсць чаму! І юбіляры задаволеныя! Віншаванні і падарункі ўдаліся!
Вечар трэці. Традыцыйны “Баль Азёрны”. Вячэрнія сукенкі, рэгаліі, распазнавальныя знакі, у залежнасці ад таго, колькі разоў прымаў удзел у рабоце семінара ў Азёрах. Песні і танцы, вершы і гумарэскі, сцэнкі і флэш-моб! Уручэнне пасведчанняў аб прыналежнасці да “жураўлёў азёрных”. Гэты баль, як і мінулагодні, для нас па-майстэрску правялі цудоўныя вядучыя Наталля Грыцук і Іван Якіменка. І зноў жа традыцыйна сустракалі світанне, такое туманнае і прыгожае, якое паступова асвятляла верхавіны дрэў возера Белае.
Вечар заключны. Дзівосны. Спартыўны і настальгічны. Чаму? Мяркуйце самі. Першае мерапрыемства — “Малыя алімпійскія гульні”, праведзенае Іванам Якіменкам і Максімам Мікулічам. Вось ужо не чакалі мы ад сябе такога спрыту і згуртаванасці. Нечаканыя заданні на станцыях, дух спаборніцтва і перамогі, перажыванні адно за аднаго і чаканне абвяшчэння вынікаў.
І пасля алімпійскіх гульняў, задаволеныя і крыху сумныя, мы сабраліся на вячэрнюю праграму “Настальгія”. Глядзелі фота і відэа з метадычных выездаў, з фіналу апошняга конкурсу “Настаўнік года”, самыя цікавыя моманты папярэдніх “Азёр”, фотаздымкі з першых дзён семінара, пражытых у Азёрах-2015. І ўспаміналі. І абмяркоўвалі. Кожны пазнаваў сябе, пераасэнсоўваў значнасць атрыманых ведаў на семінары, сваю прыналежнасць да прафесійнага клуба “Крыштальны журавель” і марыў аб новым сезоне — Азёрах-2016.1,5
Кожны вечар быў асаблівым. Трэба было паказаць схаваныя таленты, здольнасці. Нашы навічкі — надзвычайная знаходка для клуба. Хоць журавель і не пеўчая птушка, але ў нас цудоўна спяваюць Вольга Кіслова (і класна малюе), Яўген Грыгор’еў (будзе класным вядучым), Святлана Пузіноўская, усе навічкі бліскуча танцуюць. Гэта было класным.
І кожны семінар у Азёрах, дзе мы можам вучыць адно аднаго, дзе крок за крокам становімся мудрэйшымі, больш умелымі, лабільнымі, крэатыўнымі, дае нам магчымасць расці як настаўніку-прафесіяналу. І гэта ўсё бачаць толькі куратары нашага клуба — Ірына Багачова, начальнік упраўлення вучэбна-метадычнай работы АПА, і Іван Фёдараў, начальнік цэнтра развіццёвых педагагічных тэхналогій АПА. Іх заўвагі як падказка, а падказка як шчодры падарунак. І гэта ўсё, каб павышаць прэстыж настаўніцкай прафесіі. Гэта вельмі важна.
Пяць дзён праляцелі імгненна. Цяпер мы ведаем, як трэба выхоўваць навучэнцаў на кожным уроку, развіваючы ўсе сем сфер асобы. І мы будзем шукаць шляхі, як гэта рабіць, каб добра разумець, што ад нас, настаўнікаў, хочуць бацькі і грамадства, калі гавораць аб тым, што навучэнец павінен быць выхаваным. І гэта галоўнае.

Алена ГАРБАР,
Вольга СЧАСНОВІЧ,
члены клуба
“Крыштальны журавель”.
Фота Святланы КІРСАНАВАЙ.