Выхоўваючы вучняў, мяняюся сама

Чацвёрты год працуе настаўніцай малодшых класаў Баровіцкай сярэдняй школы Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці Юлія Віктараўна Булаўка. Хоць стаж работы ў яе пакуль і невялікі, ужо ўпэўнена можна сказаць: маленькім вучням пашчасціла з педагогам, які шчыра любіць іх і выбраную справу.

У свой час менавіта настаўніца пачатковых класаў паўплывала на выбар прафесіі і стала прыкладам, на які хочацца раўняцца, каб быць для сваіх вучняў блізкім, дарагім чалавекам.

— На ўсё жыццё запомніліся шчырыя, добразычлівыя адносіны, — узгадвае Ю.В.Булаўка. — Настаўніца Алена Уладзіміраўна Шчасная з першага класа была побач, шчыра перажывала з намі ўсе нашы перамогі і непрыемнасці, заўсёды знаходзіла патрэбныя словы, падтрымлівала. Усе ўрокі былі цікавымі і захапляльнымі, а Алена Уладзіміраўна нагадвала мне артыстку. З самага дзяцінства я марыла стаць падобнай на яе. Штодня, вяртаючыся са школы, сама ператваралася ў педагога для сваіх цацак. І ва ўсіх школьных сачыненнях аб будучай прафесіі нязменна пісала пра настаўніка пачатковых класаў.

Шлях да мары аказаўся няпростым, нягледзячы на тое, што ў сваіх жаданнях дзяўчына была цалкам упэўнена. Справа ў тым, што маці доўгі час бачыла ў дачцэ не педагога, а эканаміста. Было нямала хваляванняў і слёз. Сёння Юлія вельмі ўдзячна старэйшай сястры за падтрымку і маме за тое, што ў выніку ўсё ж прыняла яе выбар.

Пасля 9 класа дзяўчына, як і хацела, паступіла ў Гомельскі педагагічны каледж імя Л.С.Выгоцкага. З ахвотай не толькі атрымлівала веды па выбранай прафесіі, але і наведвала разнастайныя гурткі, студыі і клубы. Прымала ўдзел у канцэртах і мастацкіх фестывалях. І як упэўнілася пасля, рабіла правільна: усе набытыя навыкі і ўменні спатрэбіліся ў рабоце і дапамаглі паспяхова спраўляцца з самымі рознымі задачамі.

— Многае дала педагагічная практыка, якая пачалася з першага курса, — расказвае маладая настаўніца. — Раз на тыдзень мы наведвалі ўрокі вопытных педагогаў, пазней ужо самі праводзілі пробныя. Настаўнік-метадыст давала рэкамендацыі па планаванні, падборы матэрыялу і абсталявання, правя­дзенні ўрокаў.

Юлія Віктараўна прызнаецца: для яе педагагічная практыка была хоць і вельмі карысным, аднак няпростым часам. Спачатку адчувала сябе вельмі няўпэўнена: хвалявалася наконт таго, ці зразумела тлумачыць дзецям матэрыял, ці атрымаецца ўкласціся ў патрэбны час… На гэтым этапе свайго жыцця па-новаму асэнсавала, як многа залежыць ад выкладчыкаў. Яны могуць яшчэ больш зацікавіць і натхніць, падтрымаць у хвіліны роспачы, калі не­шта не атрымліваецца. Пашчасціла, што побач былі людзі, якія мудра накіроўвалі, хвалілі за першыя поспехі, тактоўна паказвалі недахопы.

У Баровіцкую сярэднюю школу Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці Юлія Віктараўна прыйшла па размеркаванні. Адразу стала настаўніцай для 4 класа. Прызнаецца: пачынаць было складана і нават страшна. У пачатку навучальнага года давялося сутыкнуцца з шэрагам новых задач: вывучыць нарматыўныя дакументы, аформіць вучэбны кабінет, класны журнал… Спачатку разгубілася: як жа ўсё ахапіць, не нарабіць памылак? Аднак, на шчасце, з любым пытаннем ці сумненнем было да каго звярнуцца. З самага пачатку адчула падтрымку дырэктара і яго намеснікаў, калег, настаўніка, якога за ёй замацавалі.

— Выдатна памятаю свой першы ўрок, — з усмешкай расказвае Ю.В.Булаўка. — Я перад ім так хвалявалася, што не спала ўсю ноч. Мне было важна адразу зацікавіць дзяцей, каб далей яны з жаданнем кожную раніцу ішлі на мае ўрокі. Пасля ўрачыстай лінейкі мы прыйшлі ў клас, я паглядзела ў вочы сваіх першых вучняў. Убачыла іх адкрытасць, шчырасць і цікаўнасць. Неяк адразу зразумела, што мы станем сябрамі, і супакоілася. Яны слухалі мяне ўважліва, задавалі пытанні, былі актыўнымі, так што на першым уроку мы паспелі выканаць шмат заданняў.

Першы працоўны год быў самым складаным, паколькі вопыту не было зусім. Свой плён пакінула раённая школа маладога спецыяліста. Тут ладзілася шмат трэнінгаў, адкрытых урокаў, дзелавых гульняў. Пася­джэнні школьнага і раённага метадычных аб’яднанняў таксама былі карыснымі для маладой настаўніцы.

Юлія Віктараўна працуе ў школе ўсяго чацвёрты год. За гэты час паспела праявіць і зарэкамендаваць сябе. Стала пераможцай раённага конкурсу метадычных распрацовак “Метадычная вясна — 2019”.

Зараз маладая настаўніца выкладае ў 3 класе. Даволі хутка з радасцю заўважыла, што дзецям падабаюцца яе ўрокі. Каб зрабіць іх больш разнастайнымі, выкарыстоўвае разнастайныя тэхналогіі і методыкі: методыку праблемнага навучання, тэхналогію развіцця крытычнага мыслення, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Вучням вельмі падабаюцца прыёмы тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення “Так — не”, “Чацвёрты лішні”, “Веру — не веру”, “Сінквейн”, а таксама розныя дыдактычныя гульні. Акрамя таго, Юлія Віктараўна прывучае дзяцей да адказаў на пытанні праз праблемныя сітуацыі.

— Я яшчэ толькі вучуся быць настаўнікам, і гэтая справа мне па душы, — адзначае Юлія Віктараўна. — Педагагічная праца не можа быць не творчай. Дзеці, настаўнікі, умовы заўсёды розныя і непаўторныя, да таго ж пастаянна мяняюцца. Любое педагагічнае рашэнне павінна зыходзіць з гэтых фактараў. Перш-наперш, я хачу, каб мае вучні захавалі ў сабе прагу да ведаў, раскрылі свой творчы патэнцыял. Мне вельмі падабаецца мудрае выказванне Г.Нейгаўза: “Таленты стварыць нельга, аднак можна стварыць глебу, на якой растуць і квітнеюць таленты”.

У маладой настаўніцы не было цяжкасцей у наладжванні кантакту з дзецьмі. Доб­разычлівыя адносіны склаліся з самага пачатку. Разумеючы, што поспех дзяцей у многім залежыць ад бацькоў, пастаралася адразу ж знайсці ўзаемаразуменне і з імі. І тут таксама ўсё атрымалася.

Юлія Віктараўна засвоіла для сябе: ніколі не трэба гаварыць дрэнна пра вучняў іх баць­кам. Калі дзіця зрабіла нешта не так, настаўніца стараецца разабрацца ў сітуацыі і дамовіцца не расказваць бацькам, калі падобнае больш ніколі не паўторыцца. Часцей за ўсё вучні цэняць давер і не падводзяць настаўніцу. Аднак, калі нават непрыемная сітуацыя адбываецца зноў, настаўніца прымяняе яшчэ адно правіла: не сварыцца на дзіця, а яшчэ раз патлумачыць, чаму так рабіць нельга.

План выхаваўчых мерапрыемстваў, пачынаючы з 2 класа, Юлія Віктараўна складае разам з дзецьмі. Арыентуецца на іх запыты: чаго новага хочацца даведацца, зрабіць, дзе пабываць… Упэўнена: у гэтым адзін з сакрэтаў таго, што ўсе ранішнікі, конкурсы, гульні, экскурсіі, спраборніцтвы і іншыя мерапрыемствы праходзяць цікава і весела.

— Галоўныя жыхары майго сэрца — дзеці, — тлумачыць Ю.В.Булаўка. — Яны фарміруюць мяне і вучаць многаму: прымаць іх такімі, якія яны ёсць, быць цярплівай да памылак іншых, але патрабавальнай да сябе. Выхоўваючы іх, я мяняюся сама.

За час работы ў школе Юлія Віктараўна паспела арганізаваць танцавальны калектыў “Гарэзы”, які заняў 1-е месца ў раённым конкурсе “Танцавальная карусель — 2018”. Яшчэ адной яе заслугай стала стварэнне групы чырлідынгу Redstar, якая заняла 2-е месца ў раённым конкурсе “Піянерскія іскры — 2020”. Таксама настаўніца рыхтавала адзінаццацікласніка да ўдзелу ў раённым конкурсе “Лідар года”, дзё ён стаў другім. Да кожнай новай справы яна падыходзіць адказ­на, з цікавасцю і нязменным настроем на перамогу.

Таццяна ШЫМКО.