Выхоўваюць асобамі, выхоўваюць патрыётамі

Вішоўская сярэдняя школа Бялыніцкага раёна — унікальнае месца, своеасаблівы культурна-адукацыйны цэнтр, які аб’ядноўвае ў сваіх сценах усіх жыхароў аграгарадка. У гэтай навучальнай установе непаўторная атмасфера, асаблівы дух цеплыні, сяброўства, супрацоўніцтва. Кожную раніцу, нібы маленькія ручайкі, якія зліваюцца ў адзіны паток, сюды накіроўваюцца дзеці, хто пешшу, а хто пад’язджае на школьным аўтобусе з суседніх вёсак. Сёння звыш 220 хлопчыкаў і дзяўчынак не толькі асвойваюць тут вучэбную праграму, але і вучацца жыць, кахаць, тварыць.

Настаўніца працоўнага навучання Надзея Аляксандраўна Галушкіна ўлетку кіруе школьнай вытворчай брыгадай.

У цэнтры адукацыйнага працэсу ў Вішоўскай школе — асоба вучня. Мясцовы педагагічны калектыў перакананы: паспяховае навучанне магчыма толькі праз індывідуальны падыход да кожнага дзіцяці, выяўленне яго магчымасцей і здольнасцей, якія стымулююць сама­сцвярджэнне, самарэалізацыю, станаўленне асобы.

— Наш калектыў — гэта 29 высока­прафесійных настаўнікаў, большасць з якіх маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Зараз мы актыўна працуем над павышэннем якасці адукацыі, актыўна садзейнічаем асобаснаму станаўленню навучэнца як грамадзяніна-працаўніка і патрыёта, праз удасканаленне прафесійнага ўзроўню і майстэрства педагога, — расказала дырэктар школы К.М.Зайцава.

— У нас кожны педагог на сваім месцы і кожны знаходзіцца ў бесперапынным творчым пошуку, імкнецца да арганізацыі навучання на максімальна высокім узроўні. Так, настаўнікі пачатковых класаў рэалізуюць на ўроках асобасна-арыентаваны падыход, забяспечваюць здароўезберажэнне, пашырэнне кругагляду вучняў, фарміраванне агульнапрадметных ведаў, уменняў і навыкаў. Настаўнікі-філолагі актыўна выкарыстоўваюць сучасныя адукацыйныя методыкі, ствараюць умовы для індывідуальнага росту кожнага вучня. Выкладчыкі матэматыкі, фізікі і інфарматыкі праводзяць вялікую работу па назапашванні дыдактычных матэрыялаў, тэставых заданняў, вусных практыкаванняў, самастойных, кантрольных работ. Настаўнік хіміі і біялогіі робіць акцэнт на развіцці крытычнага мыслення, павышэнні цікавасці вучняў да прадмета. Настаўнікі замежнай мовы прымяняюць у сваёй рабоце элементы тэхналогій асобасна-арыентаванага і камунікатыўнага навучання, улічваюць індывідуальныя асаблівасці вучняў, удзяляюць увагу развіццю ў іх здольнасці да самастойнай работы. Педагогі па працоўным навучанні фарміруюць у вучняў агульныя працоўныя ўменні і навыкі, рыхтуюць іх да прафесійнага самавызначэння. У аснове ўрокаў гісторыі і грамадазнаўства — актыўныя формы навучання, краязнаўчы матэрыял, развіццё лагічнага мыслення вучняў. У настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя ў прыярытэце разнастайныя метады работы з улікам індывідуальных здольнасцей дзяцей, — працягнула размову Кацярына Міхайлаўна.

Дырэктар Кацярына Міхайлаўна Зайцава ганарыцца тым, што многае ў школе зроблена рукамі педагогаў і навучэнцаў.

Зладжаная праца педагагічнага калектыву, зацікаўленасць педагогаў у лёсе кожнага вучня станоўча адбіваюцца на вучэбнай паспяховасці. На працягу апошніх пяці гадоў у Вішоўскай школе няма вучняў з нізкім узроўнем навучанасці. А вось коль­касць выдатнікаў істотна павялічылася. Больш за тое, амаль штогод сярод мясцовых выпускнікоў ёсць залатыя ці сярэбраныя меда­лісты.

— Адным з ключавых напрамкаў дзейнасці нашай школы з’яўляецца работа па выяўленні і падтрымцы адораных навучэнцаў. Ужо два гады ў нас рэалізуецца праграма “Адораныя дзеці”, мэта якой — стварэнне ўмоў, што забяспечваюць развіццё патэнцыялу кожнага здольнага вучня. Сумесная праца, якая праводзіцца педагогамі, бацькамі і шэфамі, дае станоўчы вынік. Нашы вучні паспяхова ўдзельнічаюць у алімпіядным руху, творчых конкурсах, спартыўных спаборніцтвах. Сёлета навучэнцы Эдуард Шарстнёў і Максім Ражкоў пад кіраўніцтвам свайго педагога Леаніда Пятровіча Галушкіна сталі пераможцамі заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні, — паведаміла К.М.Зайцава.

Асноўнай сваёй задачай настаўнікі Вішоўскай школы лічаць фарміраванне ў вучнях асобы, здольнай знайсці сваё месца ў грамадстве, прымяніць веды і здольнасці ў эканамічнай прасторы краіны. У гэтым кірунку ва ўстановы склаліся трывалыя, заснаваныя на ўстойлівых традыцыях адносіны з перадавой гаспадаркай — Бялыніцкім сельскагаспадарчым вытворчым кааператывам “Калгас “Радзіма”.

Нават летам навучэнцы з радасцю прыходзяць у школу.

Павага да працы фарміруецца ў вішоўскіх навучэнцаў, калі яны працуюць у складзе сельскагаспадарчай брыгады “Задоринка”. Упершыню брыгада была арганізавана сорак гадоў назад. Сёння працоўная дзейнасць у ёй арганізуецца па розных напрамках. У паляводчым звяне старшакласнікі працуюць на відавой праполцы збожжавых. У рамонтным юнакі пад кіраўніцтвам вопытнага настаўніка тэхнічнай працы Леаніда Пятровіча Галушкіна рамантуюць школьную мэблю, ствараюць малыя архітэктурныя формы для добраўпарадкавання тэрыторыі школы.

За добрасумленную працу кіраўніцтва сельгаскааператыва заахвочвае навучэнцаў экскурсійнымі паездкамі. За апошні час школьнікі наведалі розныя беларускія гарады, завод “БелАЗ”, Белавежскую пушчу, Бярэзінскі біясферны запаведнік, Жыровіцкі манастыр, музеі Вялікай Айчыннай вайны і сучаснай беларускай дзяржаўнасці. Ня­дзіўна, што вішоўскія старшакласнікі ў лагер працы і адпачынку “Задоринка” ідуць з вялікай ахвотай.

— Акрамя сельскагаспадарчай брыгады, штогод на базе СВК “Калгас “Радзіма” працуе студэнцкі атрад з ліку нашых вучняў 8—11 класаў. У восеньскі і вясновы перыяд у ходзе аперацыі “Працоўны дэсант” старшакласнікі займаюцца зборам яблыкаў, пабелам саду. Гэтай вясной студэнцкі будаўнічы атрад у складзе шаснаццаці вучняў за 20 дзён зарабіў 2300 рублёў. Падчас акцыі “Чысты двор” калектыў работнікаў і навучэнцаў уносіць пасільны ўклад у добраўпарадкаванне і азеляненне не толькі тэрыторыі школы, але і ўсяго аграгарадка Вішоў. З асаблівай любоўю даглядаюць дзеці Алею Славы сельгаскааператыва, дзе размешчаны партрэты заслужаных работнікаў гаспадаркі. У нас працуе таксама валанцёрскі атрад “Рытм” з ліку старшакласнікаў. Уся гэтая дзейнасць на справе далучае дзяцей да працы, — падкрэсліла Кацярына Міхайлаўна.

Паводле яе слоў, узаемадзеянне з “Калгасам “Радзіма” вядзецца і ў іншых кірунках. Так, у мінулым навучальным го­дзе ў школе была арганізавана работа двух профільных класаў прафесійнай накіраванасці для арыентацыі вучняў на атрыманне сельскагаспадарчых спецыяльнасцей. Навучэнцы на павышаным узроўні вывучаюць хімію, біялогію і беларускую мову. У шосты школьны дзень для іх праводзяцца факультатыўныя заняткі “Уво­дзіны ў аграрныя прафесіі”. На базе сельгаскааператыва для вучняў праводзяцца тэматычныя лекцыі, тэарэтычныя і практычныя заняткі па раслінаводстве і жывёлагадоўлі. Юнакі і дзяўчаты з цікавасцю наведваюць экскурсіі на малочнатаварныя фермы, машынны двор, пладовы сад, зернесушыльны комплекс, слухаюць выступленні спецыялістаў гаспадаркі. Як вынік: выпускнікі школы свядома падыхо­дзяць да выбару будучай прафесіі. Былыя навучэнцы аграрных класаў працягва­юць адукацыю ў сельскагаспадарчых УВА, а пасля ўжо дасведчанымі спецыялістамі вяртаюцца дадому, каб працаваць на роднай зямлі. 

Адметна, што супрацоўніцтва з шэф­скай гаспадаркай вядзецца і ў грамадзянска-патрыятычным выхаванні. Непасрэдна ў Вішоўскай школе па ініцыятыве кіраўніцтва СВК створаны музей “Калгаса “Радзіма”, які актыўна выкарыстоўваецца ў адукацыйным працэсе. Тут часта праходзяць урокі па адпаведных вучэбных тэмах. Музей выкарыстоўвацца і ў якасці пляцоўкі для выхаваўчых мерапрыемстваў установы. Менавіта ў гэтым месцы навучэнцы пачынаюць разумець, наколькі важна чалавеку захоўваць сувязь з блізкімі людзьмі, са сваёй малой радзімай.  

— Традыцыйнымі ў нас сталі таксама сумесныя спартыўна-масавыя мерапрыемствы з работнікамі калгаса. Гэта таварыскія турніры на прызы праўлення па футболе і валейболе, спаборніцтвы па лыжных гонках, спартландыі з удзелам дзяцей, бацькоў і педагогаў. Школьнікі таксама актыўна ўдзельнічаюць у сельскіх культурна-масавых мерапрыемствах: “Маёўцы”, “Дні апосталаў Пятра і Паўла”, “Дажынках”, — распавяла Кацярына Міхайлаўна.

Асабліва значна, што кіраўніцтва “Калгаса “Радзіма” праводзіць мэтанакіраваную работу па стымуляванні мясцовых навучэнцаў. Для падтрымкі таленавітай моладзі гаспадарка на працягу звыш 35 гадоў па выніках кожнай навучальнай чвэрці выплачвае дзецям стыпендыі. Толькі ў мінулым навучальным годзе 25% навучэнцаў з ліку выдатнікаў вучобы, пераможцаў конкурсаў і спаборніцтваў, актыўных удзельнікаў працоўных акцый і грамадскага жыцця школы атрымлівалі за свае поспехі важкія грашовыя ўзнагароды.

— На працягу мінулага навучальнага года сельгаскааператыў вылучыў на стыпендыі навучэнцам суму звыш 7700 рублёў. Ужо добрай традыцыяй стала заахвочванне выпускнікоў каштоўнымі падарункамі. А яшчэ калгас матэрыяльна заахвочвае сваіх работнікаў, якія з’яўляюцца бацькамі выдатнікаў вучобы. Варта адзначыць і тое, што прадстаўнікі шэфскай арганізацыі ўваходзяць у апякунскі савет і бацькоўскі камітэт школы. Праўленне СВК “Калгас “Радзіма” ўносіць значны ўклад ва ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы нашай установы. Дзякуючы гэтаму мы маем інтэр­актыўную дошку, фотаапарат, тэлевізар і многія іншыя патрэбныя рэчы. Наогул, усе пытанні, якія тычацца забеспячэння жыццядзейнасці і развіцця школы, старшыня СВК Аляксандр Міхайлавіч Лапацентаў заўсёды вырашае аператыўна. Разам нашы педагогі і калектыў гаспадаркі робяць адну агульную справу: выхоўваюць сапраўдных грамадзян, патрыётаў сваёй краіны. Такое плённае супрацоўніцтва дазваляе ажыццяўляць адукацыйны працэс на самым высокім узроўні, — падкрэсліла К.М.Зайцава.

Многія вучні заканчваюць Вішоўскую школу з залатым ці сярэбраным медалём. За 39 гадоў тут было 114 такіх выпускнікоў. Пасля атрымання прафесіі многія маладыя людзі вяртаюцца на малую радзіму. Калі дакладней, за апошнія 10 гадоў больш за 90 выпускнікоў вярнуліся ў аграгарадок. У мясцовым сельгаспрадпрыемстве зараз працуюць 279 былых вучняў школы. Гэта 70% ад агульнай колькасці работнікаў гаспадаркі. Паказальна, што нават тыя, хто звязаў сваё жыццё не з сельскай гаспадаркай, усё роўна вяртаюцца дадому. Працуюць тут, у Вішове, урачамі, прадаўцамі. Шмат і тых, хто звязаў свой лёс з педагогікай. Палова калектыву мясцовай школы — яе выпускнікі. Гэта лепшае падцвярджэнне таго, што ў гэтай навучальнай установе любоў да роднай зямлі перадаецца з пакалення ў пакаленне, ад бацькоў да сыноў, якія працягва­юць іх справу.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.