Выхоўваюць любоў да прыроды

Цікава і прадукцыйна ў мінулым навучальным годзе была арганізавана пазнавальная дзейнасць выхаванцаў Начаўскага дзіцячага сада Ляхавіцкага раёна.

38 хлопчыкаў і дзяў­чынак займаліся ў дзвюх рознаўзроставых групах, праяўляючы актыўнасць і дапытлівасць, ажыццяўляючы пазнавальную і вынаходніцкую дзейнасць падчас знаёмства з прыродай роднага краю. Педагогі вучылі дзяцей назіраць, зацікаўлівалі доследамі і эксперыментамі, пашыралі веды выхаванцаў пра жывую і нежывую прыроду, прывівалі ім любоў і беражлівыя адносіны да навакольнага свету.

Выхавальнікі падыходзілі да работы творча, актыўна выкарыстоўвалі інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, афармлялі групы нагляднымі матэрыяламі. Так, даволі арыгінальна былі аформлены пано пра кругаварот вады ў прыро­дзе, пра вітаміны, смачныя і карысныя стравы і інш.

На рахунку начаўскіх педагогаў шмат напрацовак па арганізацыі работы ў кутку прыроды, выхаванні беражлівых адносін да навакольнага свету, правя­дзенні доследаў і эксперыментаў. Вынікам сістэмнай работы з’яўляюцца дыпломы, атрыманыя на раённых конкурсах і фестывалях (“Цуда-бочачка”, “Мой радавод”, “Мінулае і сучаснае вёскі Нача”).

Сярод найбольш цікавых мерапрыемстваў мінулага навучальнага года варта вылучыць семінар для педагогаў “Прыродныя жамчужыны зямлі беларускай”, адкрытыя заняткі “Жыццё дзікіх звяроў зімой”, конкурс чытальнікаў “Дзіўны свет прыроды”, фотакалаж “Адпачынак маёй сям’і: прыгажосць роднай прыроды і гістарычныя мясціны”, віктарыны для бацькоў на агульным сходзе “Якая ты, прырода родных мясцін?”.

На базе дашкольнай установы прайшлі пасяджэнні двух раённых метадычных аб’яднанняў. Так, на пасяджэнні, прысвечаным асновам арганізацыі пазнавальнай дзейнасці ў выхаванцаў рознаўзроставай групы, былі праведзены заняткі “Чароўная краіна вады” (А.З.Кулік) і майстар-клас па актывізацыі пазнавальнай актыўнасці педагогаў (Ю.А.Кобель). На пасяджэнні, прысвечаным фарміраванню экалагічнай культуры ў дашкольнікаў, прайшлі заняткі “Беражом прыроду роднага краю” і прэзентаваны цікавы вопыт работы.

Педагогі лічаць, што паспяхова справіліся з задачай па развіцці пазнавальнай цікавасці і творчай ініцыятывы ў выхаванцаў падчас знаёмства з прыродай роднага краю. Галоўны паказчык паспяховай работы — любоў і павага дзяцей да навакольнага свету.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.