Выйдзі з інтэрнэту, прайдзі па горадзе

- 11:08Да 70-годдзя Вялікай Перамогі

Для развіцця цікавасці навучэнцаў да малой радзімы важна зрабіць разнастайнымі формы краязнаўчай работы. Сучасная моладзь добра знаёма з квестам — займальнай камп’ютарнай гульнёй, у якой рух адбываецца па загадках-легендах з разгадваннем ключа. Аб’яднаць веды дзяцей у сферы камп’ютарных тэхналогій і гісторыю роднага краю — задача, якую паставілі перад сабой арганізатары краязнаўчага конкурсу “Я іду па горадзе”, які праводзіцца ў Бабруйску з 2012 года.

Конкурс атрымаў другую назву — “Анлайн-арыентаванне”. Яго асновай з’яўляецца знаходжанне гістарычнага аб’екта па легендзе, складзенай у апавядальнай форме, па старых фотаздымках, пракладанне маршруту па гістарычных вуліцах горада з выкарыстаннем карт, складзеных у мінулыя стагоддзі. Мэтай з’яўляецца пошук і знаходжане ў горадзе за самы кароткі час пэўных аб’ектаў. Спаборніцтвы пабудаваны на выкарыстанні тыпова ўрбаністычных сродкаў перамяшчэння: грамадскага транспарту, бегу і пешага ходу.
У гэтым годзе краязнаўчае арыентаванне “Я іду па горадзе”, якое праводзілася ў першых чыслах красавіка, было прысвечана Году моладзі і святкаванню 70-годдзя Вялікай Перамогі. Старт для ўсіх каманд быў дадзены адначасова сімвалічным запускам 30 зялёных і чырвоных шароў. На грудзях кожнага ўдзельніка развявалася чырвона-зялёная стужка з выявай яблыневай кветкі — сімвала Перамогі. Удзельнікі (навучэнцы аб’яднанняў Цэнтра турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі Бабруйска) разбегліся па тэрыторыі гарадскога парку, дзе размешчаны шэраг аб’ектаў, прысвечаных памяці падзей Вялікай Айчыннай вайны, па тэрыторыі старога горада, па былых вуліцах Таццянінскай, Мураўёўскай, Слуцкай. Уменне карыстацца інтэрнэт-рэсурсамі дапамагло ўдзельнікам знайсці правільны анлайн-адказ.
Адным з варыянтаў выканання задання было знаходжанне аб’екта па старым фотаздымку — гэта вуліцы, дамы, помнікі, часткова змененыя на працягу гадоў, але якія захавалі характэрныя элементы, па якіх можна вызначыць аб’ект. Камандам прапаноўвалася знайсці аб’ект, пункт здымання і сфатаграфавацца з камандай з гэтага ракурсу. Яшчэ адно заданне — пошук аб’екта па фрагменце. Фрагмент аб’екта павінен быць характэрным, дастаткова аб’ёмным, які вызначае архітэктурны стыль, чытаецца. Удзельнікам неабходна вызначыць аб’ект і сфатаграфавацца з камандай на яго фоне так, каб аб’ект быў пазнавальны. Пасля заканчэння праходжання маршрутаў удзельнікі фарміруюць адказы і ў электронным выглядзе адпраўляюць арганізатарам.
Падчас конкурсу навучэнцы маглі праверыць свае веды пра родны горад. Поспех каманды залежаў не толькі ад аб’ёму ведаў яе ўдзельнікаў пра Бабруйск, але і ад умення выкарыстоўваць неабходную інфармацыю ў даведачных выданнях, літаратурных і інтэрнэт-крыніцах. Выйшаўшы на вуліцы горада, сучасныя дзеці паказалі крэатыўнасць мыслення, веды па выкарыстанні мабільнага інтэрнэту, навігацыйнай сістэмы і велізарную цікавасць да гісторыі свайго краю.

Святлана СЕМЧАНКА,
метадыст Цэнтра турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі Бабруйска.