Выйграюць тыя, хто свабодны і адкрыты для творчасці

Міжнародная канферэнцыя “Новая рэальнасць. Выклікі для Беларусі — 2017” праходзіла ў Мінску ўжо трэці раз і сабрала каля тысячы ўдзельнікаў. Гэта была вялікая размова пра тое, што адбываецца ў свеце, і спроба прымераць глабальныя выклікі на нас, зразумець, наколькі мы ім адпавядаем.

На канферэнцыю былі запрошаны эксперты, якія проста, даступнай мовай гаварылі з аўдыторыяй пра краўдфандынг, блокчэйн, штучны інтэлект і дапоўненую рэальнасць. Арганізатары асабліва падкрэслівалі, што спікерамі ўсё часцей становяцца беларускія спецыялісты, якія дастойна прадстаўляюць новыя тэхналогіі і новыя магчымасці.

— Усё гэта важна не толькі для таго, каб ведаць трэнды сусветнага развіцця, — адзначыў старшыня праўлення ААТ “Белгазпрамбанк” Віктар Бабарыка. — Поспех прыходзіць тады, калі адкрываюцца новыя вокны магчымасцей. Наша задача — паказаць гэтыя вокны і заклікаць людзей атрымліваць неабходныя кампетэнцыі, каб скарыстацца магчымасцямі, якія адкрываюцца.

Чаго чакаць ад штучнага інтэлекту?

Сёння нярэдка можна чуць меркаванне, быццам штучны інтэлект нясе чалавецтву пагрозу. Заснавальнік інвестыцыйнай кампаніі VP Capital Віктар Пракапеня, выступаючы на канферэнцыі “Новая рэальнасць. Выклікі для Беларусі — 2017”, расказаў, чаго насамрэч чакаць ад штучнага інтэлекту.

— Тысячагоддзі назад з’явіліся машыны і механізмы, якія маглі рабіць тое ж, што і чалавек, але значна лепш, — заўважыў бізнесмен. — Напрыклад, катапульта магла кідаць прадметы намнога далей, а кран мог падымаць больш цяжкія прадметы, чым чалавек. Прайшлі тысячы гадоў, аднак і дагэтуль няма машыны, якая магла б цалкам замяніць чалавека. Мяркую, тое ж самае можна чакаць ад штучнага інтэлекту. Сёння існуе вялікая колькасць алгарытмаў, якія часта пераўзыходзяць магчымасці людзей у выкананні пэўных задач. Але мне не ўяўляецца алгарытм, які здольны ва ўсім замяніць чалавека.

Дзякуючы штучнаму інтэлекту, у чалавечым жыцці будзе ўсё менш сумнай аднастайнасці і манатоннасці, з’явіцца больш часу і прасторы для творчасці.

З другога боку, дзякуючы штучнаму інтэлекту ў чалавечым жыцці будзе ўсё менш сумнай аднастайнасці і манатоннасці, з’явіцца больш часу і прасторы для творчасці.

— Большасць той работы, якая сёння падаецца нам інтэлектуальнай, будуць выконваць робаты-алгарытмы, — заявіў Віктар Пракапеня. — У свеце стане менш прасторы для аднастайных будняў. З’явіцца больш месца для інавацый і крэатыву.

Няма карысці ад асобна ўзятай лямпачкі

— Здаровы сэнс кажа нам пра тое, што ў доўгатэрміновай перспектыве ствараць эканамічную каштоўнасць можна толькі за кошт інавацый, — заўважыў Віктар Пракапеня і расказаў пра нядаўні семінар у Сінгапурскім офісе кампаніі Google.

Прафесар, які праводзіў лекцыю, прапанаваў аўдыторыі наступнае: “Назавіце найважнейшыя вынаходкі, прыдуманыя кітайцамі за апошнія 50 гадоў, якімі сёння карыстаецца ўвесь свет”. Нічога з таго, што называлі ўдзельнікі семінара — порах, паста і г.д, не падыходзіла, бо ўсё гэта было вынайдзена значна раней.

— Аднак за апошнія 50 гадоў эканоміка Кітая вырасла больш чым у 50 разоў, — гаворыць Віктар Пракапеня. — Узнікае лагічная ідэя: кітайцы толькі і робяць, што ўсё капіруюць. Але гэта не так: у Кітаі штодня ствараецца вялізная колькасць цікавых інавацый, проста яны маюць зусім іншую прыроду.

Каб праілюстраваць гэта, прафесар задаў другое пытанне: “Якая вынаходка Томаса Эдзісана змяніла свет?” Усе называюць лямпачку. Аднак вядомы прынамсі 22 іншыя вынаходнікі, якія таксама вынайшлі лямпачку.

— Справа ў тым, што Томас Эдзісан быў не толькі вынаходнікам, але і бізнесменам, — заўважыў Віктар Пракапеня. — Ён прыдумаў бізнес-мадэль продажу электрычнасці. Генератар — трансфарматар — правады — лямпачка і, нарэшце, рахунак за электрычнасць. Асобна ўзятая лямпачка не прыносіць ніякай карысці. І ніводная асобна ўзятая тэхналогія не мяняе свет. Наш свет мяняюць крэатыўныя бізнес-мадэлі. І гэта тая галіна, на якой павінны канцэнтравацца краіны, што развіваюцца. Беларусь — у тым ліку.

З часам тэхналогіі змяніліся, лямпачкі і генератары сталі іншымі, але бізнес-мадэль Томаса Эдзісана засталася нязменнай: мы рэгулярна атрымліваем рахунак за электрычнасць. Віктар Пракапеня таксама прывёў у прыклад Uber, які нічога новага не прыдумаў, проста ўзяў усё існае і злучыў у адным мабільным дадатку.

Ніводная асобна ўзятая тэхналогія не мяняе свет. Свет мяняюць крэатыўныя бізнес-мадэлі.

— Інавацыі ў галіне прадуктаў і тэхналогій самыя рызыкоўныя, — заўважыў бізнесмен. — Возьмем чатыры прадукты: камп’ютар Apple Newton, сегвэй, фотаплёнку Sony і дзіцячую цацку. На які з гэтых прадуктаў вы б паставілі? Была вялізная колькасць людзей, якія сцвярджалі, што сегвэй — неверагодная вынаходка, якая памяняе ўсё. Стыў Джобс казаў, што вакол сегвэя будуць будавацца гарады. Аднак у выніку з усіх гэтых ідэй найбольшую дабавачную вартасць для інвестара прынесла маленькая цацка пад назвай Pokemon. Як бачым, нават лепшыя розумы планеты могуць памыляцца, яны не ведаюць, што насамрэч трэба грамадству. Таму, калі мы гаворым пра тэхналагічныя інавацыі, патрэбны не толькі грошы, трэба, каб вам вельмі моцна пашанцавала.

Віктар Пракапеня адзначыў, што прадукт — гэта толькі адна з частак бізнесу (ёсць ключавыя партнёры, актыўнасці, сегменты кліентаў, структура затрат і г.д.). І бізнес-мадэль — гэта заўсёды штосьці большае, чым сума частак. Паспяховыя кампаніі — гэта тыя, каму ўдалося прыдумаць крэатыўныя і цікавыя бізнес-мадэлі.

— Інавацыі ў галіне бізнес-мадэлей з’яўляюцца сёння найбольш эфектыўнымі, у тым ліку для Беларусі, — заўважыў Віктар Пракапеня. — Часта можна бачыць паспяховых прадпрымальнікаў, якія ўчора рабілі адно, сёння — другое. І ўсё ў іх атрымліваецца. Проста яны навучыліся правільна купляць рэкламу і рэалізоўваць цікавыя і эфектыўныя бізнес-мадэлі. Іх не бачна, яны патрабуюць мінімальных затрат і не залежаць ад патэнтаў. Пры гэтым інавацыі ў галіне бізнес-мадэлей вельмі цяжка скапіраваць.

У якасці прыкладу граматнай бізнес-мадэлі Віктар Пракапеня назваў азіяцкую кампанію Xiaomi.

— Яе заснавальнік выглядае як Стыў Джобс, нават апранаецца, як ён, аднак па сутнасці гэта “антыДжобс”, — заўважыў Віктар Пракапеня. — У чым сутнасць бізнес-мадэлі Apple? Раз на год кампанія выпускае айфон, які ўсім вельмі падабаецца. Але гэтая мадэль класна працуе, калі ў вас ёсць Стыў Джобс, чалавек, які ведае, што трэба рынку. Калі ў вас няма такога чалавека, то зразумець, што насамрэч патрэбна людзям, вельмі цяжка. Таму Xiaomi пастаянна выпускае новыя цікавыя смартфоны, пастаянна эксперыментуе. У выніку выручка кампаніі дасягнула 20 млрд долараў, і яна няспынна расце. Бізнес-мадэль Xiaomi грунтуецца на тым, што смартфоны танныя, а кампанія зарабляе на мабільных дадатках, аксесуарах і іншых рэчах.

Ключавая думка ў тым, што інавацыі ў галіне бізнес-мадэлей з’яўляюцца моцна недаацэненымі.

— Калі мы чытаем навіны пра Сіліконавую даліну, нам здаецца, што трэба рабіць тое ж самае, — гаворыць Віктар Пракапеня. — Але гэта не так. Нашы людзі тут ствараюць паспяховыя бізнес-мадэлі, якія працуюць і прыносяць карысць іншым. І няма нічога дрэннага ў тым, што вы не можаце прыдумаць нейкі новы алгарытм ці прадукт. Ад гэтага ваш бізнес не стане менш прэстыжным ці менш цікавым. На Захадзе людзі таксама робяць простыя рэчы. Але робяць гэта так, як трэба рынку.

Сённяшні свет — гэта канкурэнцыя розных мадэлей і стыляў кіравання

Напрыканцы Віктар Пракапеня расказаў пра дызайнерскае мысленне — вельмі карысную рэч у сучасным свеце, што дазваляе генерыраваць ідэі і вырашаць праблемы. Бізнесмен расказаў пра цікавы курс, які ён праходзіў у Стэнфардзе: за вельмі абмежаваны час групе ўдалося вырашыць праблему працяглых сямейных паездак на машыне. Вядомая гісторыя: дзеці ўтыркаюцца ў смартфоны і не кантактуюць з бацькамі. Ад удзельнікаў трэнінгу патрабавалася з’яднаць сям’ю. У выніку была прыдумана гульня ў дапоўненай рэальнасці, завязаная на ўзаемадзеянні ўсіх удзельнікаў паездкі. Зараз кампанія General Motors выпрабоўвае прататып гэтай гульні.

На Захадзе людзі таксама робяць простыя рэчы. Але робяць гэта так, як трэба рынку.

Прапаноўваем некалькі цытат Віктара Пракапені на згаданую тэму.

“Тэхналогіі вырашаюць пэўную праблему і адначасова ствараюць як мінімум адну новую. Напрыклад, тэлефоны злучаюць людзей на адлегласці, але падзяляюць тых, хто знаходзіцца побач”.

“Пры зададзеных абмежаваннях мозг прыдумляе больш крэатыўныя рэчы, чым калі бар’ераў і ўмоў няма”.

“Каманда заўсёды мацнейшая і прыдумвае значна больш, чым кожны чалавек паасобку”.

“Сённяшні свет — гэта не канкурэнцыя прадуктаў і паслуг, а канкурэнцыя розных мадэлей і стыляў кіравання. ІТ-кампаніі перамагаюць не таму, што яны тэхналагічна мацнейшыя, а таму што ў іх іншая культура — больш свабодная і больш адкрытая да творчасці”.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота прадастаўлена арганізатарамі канферэнцыі.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *