Выйгрыш на будучыню

Адзінаццацікласнік з гімназіі Кобрына Арцём Козак стаў пераможцам трэцяга (абласнога) этапу Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы, набраўшы максімальную колькасць балаў і пераўзышоўшы ў гэтым інтэлектуальным спаборніцтве сваіх равеснікаў з ліцэяў, гімназій і школ Брэсцкай вобласці.

Упрадметных алімпіядах па дакладных навуках Арцём удзельнічае з восьмага класа. Ён штогод станавіўся прызёрам алімпіяд па матэматыцы, фізіцы, інфарматыцы, год за годам паказваючы лепшыя ў параўнанні з мінулымі вынікі, таму да сваёй перамогі ішоў свядома і мэтанакіравана.
“Увогуле ўдзел у алімпіядах — гэта не толькі магчымасць атрымаць новыя веды і стаць студэнтам прэстыжнай навучальнай установы, але і выдатны спосаб для самаразвіцця і самасцвярджэння. Атрымліваючы добрыя вынікі, можна павысіць сваю самаацэнку і стаць больш упэўненым. Удзел у алімпіядах па вучэбных прадметах вучыць чалавека змагацца, упэўнена ісці да сваёй мэты, а гэта важныя і патрэбныя якасці, якія дапамагаюць рэалізаваць сябе ў дарослым жыцці. Канечне, перамогі дастаюцца цяжка, але калі чалавек у гэтым зацікаўлены, то ўсё абавязкова атрымаецца”, — дзеліцца сваімі ўражаннямі Арцём.
Сёння Арцём прымае віншаванні ад аднакласнікаў і настаўнікаў, якія шчыра радуюцца яго перамозе. Справа ў тым, што абласны этап рэспубліканскай алімпіяды дае старт уступнай кампаніі ў ВНУ. Навучэнцы 11 класа, якія сталі ўладальнікамі дыпломаў І ступені на гэтым этапе, атрымліваюць сертыфікаты ЦТ у 100 балаў па прадмеце. З гэтага вынікае, што стабальны сертыфікат па матэматыцы без здачы цэнтралізаванага тэсціравання ў Арцёма ўжо ў кішэні.
Не сакрэт, што атрымаць 100 балаў на ЦТ — мара, недасягальная для большасці абітурыентаў. Кожны год дзяцей, якія набралі максімальныя балы, набіраецца крыху больш за сотню на ўсю краіну. Арцём свае 100 балаў атрымаў на алімпіядзе, хаця гэты шлях, па яго словах, быў для яго не з лёгкіх.
“Цяжэй за ўсё было настроіць сябе на работу, перамагчы ўласнае хваляванне, трывожнасць і пачаць рашаць. Але калі гэта ўдалося, далёй усё ішло як па масле”, — узгадвае Арцём. Вось толькі за гэтай уяўнай лёгкасцю стаяць месяцы карпатлівай працы, сотні рэшаных задач, вывучаных і разабраных формул. “Былі тэмы, якія мне самому хацелася разабраць. Бывала, гадзінамі сядзеў, каб дакапацца да ісціны. Калі самастойна разбіраў тэорыю графаў, то нават не думаў, што гэтая тэма, якая выходзіць за рамкі школьнай праграмы, мне зможа спатрэбіцца на алімпіядзе. Проста захапіўся і вырашыў разабрацца, у чым яе сутнасць. Але атрымалася так, што менавіта гэтая тэорыя спатрэбілася мне для рашэння адной з аўтарскіх задач на алімпіядзе”, — расказвае пераможца.
Падрыхтоўкай алімпіядніка ў гімназіі займаліся настаўнікі матэматыкі Валянціна Сцяпанаўна Волкава і Таццяна Уладзіміраўна Угляніца. Ім Арцём Козак выказвае ўдзячнасць за якасць адукацыі і зацікаўленасць у яго перамогах.
“Па ўражаннях мінулага года я ведаю, што стаць пераможцам заключнага этапу надзвычай складана, таму асаблівых ілюзій на гэты конт не маю, але старацца, канечне, буду”, — гаворыць у канцы нашай размовы Арцём. Што ж, не будзем ставіць у гэтым матэрыяле кропку, толькі шматкроп’е… І будзем трымаць кулакі за адоранага гімназіста, які знаходзіцца ўсяго за крок ад абсалютнай і поўнай перамогі. І калі на алімпіядах выйграюць будучыню, то няхай гэты выйгрыш дастанецца нашаму адоранаму земляку.

 

Жанна ЕЛІЗАРАВА.