Выкананне даручэнняў кіраўніка дзяржавы пад пільным кантролем

- 11:08Інфармацыйная гадзіна

Больш як 3 тысячы даручэнняў кіраўніка дзяржавы знаходзіцца на кантролі Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі. Аб гэтым па выніках даклада Аляксандру Лукашэнку паведаміла кіраўнік Адміністрацыі Наталля Качанава.

“Даклад быў заснаваны на выкананні даручэнняў кіраўніка дзяржавы, якія былі ім пастаўлены пры правядзенні розных мерапрыемстваў, у тым ліку рэспубліканскага ўзроўню, наведванні рэгіёнаў. Іх больш як 3 тысячы, і Адміністрацыя ажыццяўляе строгі кантроль за выкананнем гэтых даручэнняў мясцовымі і рэспубліканскімі органамі ўлады”, — заявіла кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта.

Яна падкрэсліла, што ў ліку даручэнняў — пытанні, якія тычацца насельніцтва, развіцця рэгіёнаў, выплаты заработнай платы, цэнавай палітыкі, занятасці. “Гэта ўсе тыя пытанні, якія неабходна вырашаць кіраўнікам”, — сказала Наталля Качанава.

Кіраўнік Адміністрацыі ўдакладніла, што прыкладна 81 працэнт усіх даручэнняў, якія знаходзяцца на кантролі, выкананы. Ёсць шэраг даручэнняў, тэрміны для рэалізацыі якіх яшчэ не надышлі. І ёсць нявыкананыя даручэнні, да чаго будзе строгі падыход.