Выкарыстоўваць сілу паўзы

- 11:00Псіхолаг у школе, Сацыяльны ракурс

Як дапамагчы падлетку справіцца з трывогай?

Калі трывога становіцца пастаяннай і перашкаджае жыць, неабходна навучыцца з ёй спраўляцца. Таму гаворка сёння пойдзе пра тое, што вы можаце зра­біць і чаму навучыць сваё дзіця, каб аблягчыць яго стан.

Дзецям любога ўзросту вельмі важна мець падтрымку і разуменне дарослых. У першую чаргу маецца на ўвазе разуменне дарослым эмацыянальных і паводзінскіх рэакцый свайго дзіцяці. Неабходна ведаць, што ў падлеткаў не заўсёды ёсць вопыт барацьбы з фактарамі, што выклікаюць стрэс і трывогу. Імклівыя змяненні і важныя падзеі, такія як выпускныя экзамены, пошук сябе, першыя рамантычныя адносіны і перажыванні, звязаныя з імі, спадзяванні настаўнікаў і бацькоў, могуць ускладняць ім жыццё. Усё гэта выклікае ў падлеткаў трывогу і яркія эмацыянальныя перажыванні, з якімі падлетак не заўсёды можа справіцца самастойна.

Часта бывае так, што падлетак адчувае трывогу не толькі пры рэальнай сустрэчы з сур’ёзнай пагрозай, але і тады, калі толькі ўяўляе гэтую пагрозу і яе магчымыя наступствы. У такім выпадку бацькам важна выслухаць яго, даведацца, у якой дапамозе ён мае патрэбу (эмацыянальная падтрымка, папаўненне інфармацыі, якой не хапае, парада, прапановы па вырашэнні сітуацыі), і пры неабходнасці суправаджаць дзіця падчас вырашэння сітуацыі, што склалася. Таксама важна расказаць падлетку, што з ім адбываецца, што гэта не назаўсёды і разам атрымаецца справіцца.

Трывога можа выяўляцца па-рознаму: праз трывожныя думкі, цялесныя праяўленні (некантралюемыя і неўсвядомленыя дзеянні, якія пастаянна ўзнікаюць), таксама магчымы фізіялагічныя рэакцыі (парушэнне харчовых паводзін, расстройства жывата, бяссонніца і інш.). Пытацца ў падлетка, чаму з ім гэта адбываецца, часта дарэмна — хутчэй за ўсё, ён не зможа дакладна адказаць на гэтае пытанне.

Вы можаце прапанаваць вашаму дзіцяці зрабіць наступнае:

  1. Запісаць 10 галоўных трывожных думак, што прыходзяць у галаву часцей за іншыя.
  2. Запісаць 10 рэчаў, якія яно робіць у школе, калі ім авалодваюць трывога і неспакой.
  3. Апісаць фізічныя сімптомы сваёй трывогі. Гэта могуць быць учашчанае сэрцабіцце, патлівасць, аняменне твару, прылівы гарачыні ці дрыжыкі, рэзкае звужэнне поля зроку (тунэльны зрок), іншыя непрыемныя ці незвычайныя адчуванні.

Нельга недаацэньваць перажыванні, любая дробязь можа быць вельмі важнай падзеяй для вашага дзіцяці.

Памятайце, што няма правільных ці няправільных адказаў. Нельга неда­ацэньваць перажыванні, любая дробязь можа быць вельмі важнай падзеяй для вашага дзіцяці. Задача гэтага практыкавання — усвядоміць трывогі і страхі і зразумець, якія наступствы для псіхаэмацыянальнага стану яны нясуць.

Калі ваша дзіця кажа, што яго мучаць прыступы вострай трывогі, аж да панікі, самае важнае — знізіць яе ўзровень. У гэтым выпадку вам неабходна расказаць яму, як гэта зрабіць.

  1. Знайсці бяспечнае месца. Вы можаце абмеркаваць з падлеткам, якое месца ў школе для яго бяспечнае, ці ёсць яно. Калі яго няма, то паспраба­ваць разам з ім яго знайсці.
  2. Выраўняць дыханне — удых павінен быць карацейшы за выдых, навучыце падлетка выдыхаць праз рот з гукам. Няхай ён дыхае жыватом.
  3. Прымяніць “метад катэгорый”. ­Растлумачце падлетку, што ён асабліва эфектыўны ў барацьбе з назойлівымі думкамі. Можна выбраць любую катэгорыю: сусветныя сталіцы, маркі любімых прадуктаў, краіны свету, імёны знакамітых акцёраў і гэтак далей — і пералічыць усё, што прыходзіць у галаву. Сутнасць гэтага практыкавання заключаецца ў тым, што з кожнай новай назвай будзе ўсё складаней, і ён не зможа думаць ні пра што іншае.
  4. Выкарыстоўваць сілу паўзы. Раскажыце падлетку пра тое, што ў кожнай сітуацыі ў нас ёсць некалькі секунд, каб зразумець, як дзейні­чаць. Гэтая паўза неабходна пасля любога дзеяння ці падзеі, што правакуе прыступ ірацыянальнай трывогі, гневу, лютасці. Нават такі кароткі прамежак часу дазво­ліць змяніць погляд на цяжкую сітуацыю.

Сёння, калі свет вакол нас мяняецца імкліва, можна смела казаць пра такі феномен, як фонавая трывога. Вострую трывогу можна змякчыць тут і цяпер, выкарыстоўваючы апісаныя вышэй прыёмы, а для фонавай неабходна планамерная работа, якая патрабуе часу.

Са свайго боку, вы можаце дапамагчы дзіцяці пражы­ваць трывогу. Прапануйце яму складаць план спраў і жаданняў на дзень. Важна, каб гэты план уключаў у сябе не толькі тое, што неабходна да выканання, але і тое, што вельмі хочацца (хобі, сустрэчы з сябрамі, гульні і г.д.). Заахвочвайце эмацыянальнае праяўленне перажыванняў вашага дзіцяці. Паспрабуйце зразумець, на якія тэмы яму складана з вамі размаўляць, і прапануйце звярнуцца да псіхолага. Звяртайце яго ўвагу на тыя моманты, калі яно імкнецца прадугадаць будучыню “а што калі”, г.зн. фантазіруе. Фантазіі абуджаюць яшчэ большую трывогу. Вучыце яго канцэнтравацца на фактах і аналізаваць іх.

Падтрымлівайце дзіця і будзь­це ўважлівы да змяненняў яго стану. Не бойцеся прапанаваць яму звярнуцца па кансультацыю да псіхолага, калі вы адчуеце, што яно больш не можа спраўляцца з трывогай самастойна.

Наталля ПАЎЛАВА, 
начальнік аддзела псіхалагічнай дапамогі ў крызісных сітуацыях
Рэспубліканскага 
цэнтра псіхалагічнай дапамогі; 
Кацярына МАЛАФЕЕВА, 
педагог-псіхолаг аддзела.