Выкладанне з асалодай

Join Us and Enjoy Your Teaching — “Далучайся да нас і атрымлівай асалоду ад выкладання” — гэты заклік стаў дэвізам XIV Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Выкладанне англійскай мовы і сумежных дысцыплін у сучасным свеце”. Беларуская асацыяцыя выкладчыкаў англійскай мовы і Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт сталі яе арганізатарамі.

Акрамя англійскай, рабочымі мовамі былі руская і беларуская. У анлайн-фармаце 70 дакладчыкаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Германіі, Грэцыі, Турцыі, Вялікабрытаніі, ЗША і Мальты прадставілі свой выкладчыцкі вопыт, прадэманстравалі інавацыйныя метады і падыходы да навучання, расказалі пра вучэбныя дапаможнікі, па­дзяліліся ідэямі і методыкамі выкладання англійскай мовы ў межах урока і пазакласнай дзейнасці.

На 6 пленарных і 15 секцыйных пасяджэннях дыскусійную пляцоўку прадаставілі для выкладчыкаў усіх узростаў і рознага ўзроўню моўнай падрыхтоўкі. Як расказала загадчык кафедры замежнай літаратуры Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Ірына Кудраўцава, былі разгледжаны актуальныя тэндэнцыі ў лінгвістычнай адукацыі, у тым ліку выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій і анлайн-рэсурсаў для арганізацыі адукацыйнага працэсу ў аддаленым рэжыме, для ацэнкі ведаў навучэнцаў і кантролю іх самастойнай работы.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.