«Выкладвацца па максімуме». Пра падрыхтоўку алімпіяднікаў па хіміі расказала Святлана Швайбовіч з Магілёва

- 9:00Главная, Образование

На Рэспубліканскай алімпіядзе па хіміі сёлета адразу два вучні гімназіі № 3 Магілёва атрымалі дыпломы. Спецыяльнага прыза міністра адукацыі быў удастоены Платон Несцярэнка за высокі вынік пры выкананні заданняў другога (эксперыментальнага) тура. Юнак вучыцца ў 8 класе, а на алімпіядзе выступаў за 9 клас і атрымаў дыплом ІІІ ступені. Такі ж дыплом заваявала і дзесяцікласніца гімназіі Валерыя Дужык. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

– З такімі дзецьмі камфортна, бо яны гатовы шмат працаваць, выкладвацца па максімуме. Мая задача – быць ім памочнікам і кансультантам, складаць індывідуальны план работы і карэкціраваць падрыхтоўку, дапамагаючы разбірацца ў складаных момантах, – адзначае настаўніца пераможцаў Святлана Швайбовіч.

Кожны паспяховы хімік, як правіла, яшчэ і добры матэматык і не толькі. Педагог пакідае за вучнямі права выбіраць прадмет, якім яны хочуць займацца паглыблена. Тым больш што жаданне ўдзельнічаць у алімпіядзе павінна быць добраахвотным, нельга яго навязваць. Але, калі выбар зроблены, Святлана Пятроўна гатова ўкладваць у будучага алімпіядніка шмат сіл і часу. І ад вучня патрабуе таго ж.

Любоў да прадмета пачынаецца з першых урокаў. Усім навучэнцам педагог закладвае асновы разумення навукі. Дзецям даводзіцца запамінаць шмат інфармацыі.

Здольнасці Платона Несцярэнкі ў гімназіі заўважылі даўно. Да 7 класа, калі пачынаецца курс хіміі, ён ужо бліскуча выступаў на алімпіядах, расказвае педагог. – А ў 7 класе ён атрымаў аж пяць дыпломаў на гарадскім узроўні: па беларускай мове, матэматыцы, англійскай мове, біялогіі і хіміі. Платон усебакова адораны: вывучае не толькі англійскую, але і кітайскую мову, іграе на піяніна і гітары. Для сваіх 14 гадоў ён вельмі ўпэўнены і спакойны, але ў той жа час сціплы, выхаваны, інтэлігентны малады чалавек, які прад’яўляе да сябе высокія патрабаванні.

Калі Платон выйграў гімназічны тур алімпіяды па хіміі за 7 клас, я дала яму заданні 8 класа. І ён справіўся. На гарадской алімпіядзе атрымаў дыплом І ступені, з такім жа вынікам выступіў на алімпіядзе па матэматыцы. Сёлета ён у 8 класе, я прапанавала яму паспрабаваць свае сілы ў алімпіядзе за 9 клас, і ў выніку Платон дайшоў да рэспубліканскага ўзроўню, дзе перамог.

Аналітычны розум Платона Несцярэнкі і яго залатыя рукі пры выкананні эксперыментаў адзначалі не толькі прадстаўнікі журы, але і выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій, якія дапамагалі рыхтаваць школьнікаў з абласной каманды да заключнага этапу рэспубліканскіх спаборніцтваў, прадастаўлялі якаснае абсталяванне і рэактывы.

Дзесяцікласніца Валерыя Дужык таксама вельмі працаздольная і мэтанакіраваная дзяўчына, яна атрымлівала дыпломы на абласных алімпіядах па матэматыцы. Я ў большай ступені кансультант для Леры. Разам мы стараемся дайсці да ісціны. З ёй мы на сувязі, як гаворыцца, 24 на 7, асабліва напярэдадні алімпіяды. Часта займаемся анлайн. Па-за вучобай Лера цікавіцца музыкай, іграе на гітары і барабанах, – гаворыць педагог.

С. Швайбовіч расказала і пра адзінаццацікласніцу Насцю Шваюнову, якая тры гады запар уваходзіць у рэзерв каманды Магілёўскай вобласці для ўдзелу ў рэспубліканскай алімпіядзе. У камандзе пяць чалавек, а Насця шостая ў рэйтынгу.

Сёлета пасля абласного тура я прапанавала Насці самой выбраць: засяродзіцца на падрыхтоўцы да ЦЭ (ЦТ) або да алімпіяды, – прыгадвае суразмоўніца. Неверагодна працавітая Насця выбрала і першае, і другое. Тэмпы падрыхтоўкі да інтэлектуальнага спаборніцтва мы збавілі толькі за некалькі тыдняў да выпрабаванняў, калі канчаткова зацвердзілі склад каманды.

У алімпіядную групу С. Швайбовіч сёлета ўваходзяць сем вучняў, у тым ліку васьмікласнікі, удзельнікі раённых і гарадскіх этапаў. Займаюцца ўсе разам, старэйшыя дапамагаюць малодшым.

– Па суседстве з маімі хімікамі на працягу года займаўся і пяцікласнік Макар Русакоў, які рыхтаваўся да алімпіяды па прадмеце «Чалавек і свет». Пасля ён вырашыў пачаць вывучаць хімію, чым вельмі парадаваў усіх. Ён стаў малодшым членам нашай алімпіяднай сям’і, – падзялілася педагог.

У рабоце з алімпіяднікамі трэба сачыць за тым, каб яны не ператамляліся, не выгаралі. Пры падрыхтоўцы да спаборніцтваў дзеці займаюцца з педагогам штодня да самага вечара, у тым ліку на канікулах і ў выхадныя дні. Святлана Пятроўна дапамагае ім знаходзіць баланс паміж вучобай і адпачынкам. Настаўніца і яе вучні ходзяць на каток, у кафэ або проста гуляюць па вуліцы, абмяркоўваючы розныя тэмы і цікавыя жыццёвыя гісторыі.

Пераможцы алімпіяд па хіміі, якіх штогод рыхтуе С. Швайбовіч, як правіла, атрымліваюць медалі пасля заканчэння гімназіі і паступаюць альбо ў медыцынскі ўніверсітэт, альбо ў БДУ на хімфак.

– Выказваю вялікую падзяку бацькам сваіх вучняў за давер і падтрымку, а таксама кіраўніцтву гімназіі, якое стварае камфортныя ўмовы для работы і вучобы, – падкрэслівае педагог.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота з архіва педагога