Выконваць дзяржаўны заказ

Супрацоўніцтва сістэмы прафесійнай адукацыі з заказчыкамі кадраў павінна стаць стратэгічным напрамкам як у развіцці прафесійнай адукацыі, так і непасрэдна ў прафарыентацыйнай рабоце. Аб гэтым было заяўлена прадстаўнікамі Міністэрства адукацыі падчас правядзення Рэспубліканскага педагагічнага савета. Сёння ўжо ніводная навучальная ўстанова не працуе без сувязі з вытворчасцю, у тым ліку па павышэнні эфектыўнасці прафарыентацыйнай работы. Слуцкі дзяржаўны каледж мае ў гэтым кірунку багаты вопыт, які фарміраваўся доўгі час.

Нядаўна завяршылася прыёмная кампанія ва ўстановы прафесійнай адукацыі. Асноўная колькасць новых спецыяльнасцей адкрылася ў 2020 годзе. Набор на іх працягваўся і падчас гэтай прыёмнай кампаніі. У структуры сёлетняга прыёму былі захаваны ранейшыя тэндэнцыі і спецыяльнасці рэальнага сектара эканомікі склалі амаль 75%. Дае станоўчыя вынікі прафарыентацыйная работа, да якой далучаны прадпрыемствы — заказчыкі кадраў.

Сапраўды, эфектыўная прафарыентацыйная работа, якая праводзіцца на працягу ўсяго навучальнага года, з’яўляецца асновай паспяховага правядзення прыёмнай кампаніі. Гэтая дзейнасць павінна пастаянна развівацца, каб пашыраць кола сацыяльных партнёраў. У прафарыентацыі трэба мабільна рэагаваць на запыты сучаснасці, ісці ў нагу з часам, цікавіцца інтарэсамі нашай моладзі, улічваць іх прыярытэты, далучаць маладых людзей да рабочых прафесій праз усё новыя і новыя формы і метады работы. У гэтай справе павінны больш актыўна ўдзельнічаць і заказчыкі кадраў. Слуцкі дзяржаўны каледж ідзе шляхам прадукцыйнага супрацоўніцтва, якое наладжвалася гадамі.

— Сёння мала знаёміць падлеткаў з самой навучальнай установай, дзе яны могуць атрымаць рабочую прафесію, — адзначыў дырэктар каледжа Барыс Браніслававіч Блахін. — Перад тым як яны зробяць свой прафесійны выбар, трэба актыўна знаёміць іх з вытворчасцю, з канкрэтным прадпрыемствам, куды ў далейшым яны пойдуць працаваць. У сваю чаргу прадпрыемствы павінны быць зацікаўлены ў тым, каб моладзь ішла вучыцца на іх прафесіі, а потым прыходзіла ўладкоўвацца на працу, маючы якасныя веды і прафесійныя навыкі. 

Б.Б.Блахін паведаміў, што пазіцыянаванне і фарміраванне статусу рабочага чалавека павінна пачынацца з ранняга ўзросту. Таму ў арганізацыі прафарыентацыйнай работы навучальная ўстанова павінна працаваць у адным звязку з вытворцамі. Для патэнцыяльных абітурыентаў трэба арганізоўваць экскурсіі на прадпрыемствы, сустрэчы з вытворцамі, дзе яны расказвалі б пра дзейнасць свайго прадпрыемства. Акрамя таго, важна прэзентаваць моладзі, як будуць арганізаваны практыка-арыентаваная падрыхтоўка будучых рабочых на вытворчасці, прадастаўленне выпускнікам першага рабочага месца, знаёмства з абсталяваннем, умовамі працы, адпачынку, узроўнем заробку. У маладых людзей пазл за пазлам павінна складвацца карціна жыцця: як ён будзе будаваць сваю працоўную кар’еру, удасканальваць сваё прафесійнае майстэрства.

Як адзначыў Б.Б.Блахін, у ліку прыярытэтных напрамкаў супрацоўніцтва з заказчыкамі кадраў важнымі для ўстановы адукацыі з’яўляюцца сумеснае перспектыўнае планаванне патрэбы ў спецыялістах той ці іншай сферы, фарміраванне адпаведнага зместу навучання, які павінен быць максімальна набліжаны да запытаў патэнцыяльных работадаўцаў. Для выканання гэтых задач арганізацыі — заказчыкі кадраў прымаюць актыўны ўдзел у адукацыйным працэсе, атэстацыі выпускнікоў, арганізацыі вучэбнай і вытворчай практык, асваенні навучэнцамі на вытворчасці сучаснага абсталявання і высокіх тэхналогій. Заказчыкі кадраў рэгулярна прымаюць уд зел  у рэцэнзаванні (узгадненні) вучэбных праграм, дыпломных работ, пасяджэннях дзяржаўнай экзаменацыйнай камiсii, арганізацыі і правядзенні стажыровак выкладчыкаў і  майстроў вытворчага навучання на прадпрыемствах. Актыўнае супрацоўніцтва каледжа з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў дае высокі вынік у дзейнасці як установы адукацыі, так і прадпрыемстваў.

На сёння каледж мае заяўкі на падрыхтоўку рабочых і спецыялістаў з 24 арганізацый — заказчыкаў кадраў. Таксама ён цесна супрацоўнічае з 98 арганізацыямі, на базе якіх для навучэнцаў арганізавана вытворчае навучанне, практыка, што ўключае допуск да работы на сучасным абсталяванні з выкарыстаннем найноўшых тэхналогій і матэрыялаў, азнаямленне з перадавымі тэхналогіямі ў вытворчасці.

Выступаючы на Рэспубліканскім педагагічным савеце, міністр адукацыі І.В.Карпенка падкрэсліў значнасць мэтавай падрыхтоўкі спецыялістаў як формы дзяржаўнага заказу, якую ў далейшым плануецца пашырыць. Мэтавы набор — адна з эфектыўных форм узаемадзеяння Слуцкага дзяржаўнага каледжа, выпускнікоў і заказчыкаў кадраў, якая імкліва развіваецца. Для атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі рабочых у 2021 годзе каледж заключыў дагаворы з шэрагам арганізацый і прадпрыемстваў. Сярод іх — Слуцкі кранавы завод. Прадпрыемства заключыла дагавор з установай на падрыхтоўку кадраў па кваліфікацыях электрагазазваршчык, электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання. З Капыльскім філіялам Слуцкага сыраробнага камбіната заключана дамоўленасць на падрыхтоўку кадраў па кваліфікацыі лабарант хіміка-бактэрыялагічнага аналізу; з “Савушкіным прадуктам” — па кваліфікацыі аператар лініі ў вытворчасці харчовай прадукцыі. Універмагу “Слуцк” і Салігорскаму гандлёваму дому патрэбны спецыялісты гандлю, прадаўцы. Універмаг “Слуцк” таксама мае патрэбу ў кадрах для грамадскага харчавання, кухарах, спецыялістах па тэхналогіі хлебапякарнай вытворчасці, пекарах.

У мэтах павышэння якасці навучання, узмацнення ўзаемадзеяння з заказчыкамі кадраў, вырашэння пытанняў прафарыентацыі, практыка-арыентаванага навучання, працаўладкавання, пытанняў сацыяльнага характару на працягу ўсяго навучальнага года і падчас летняга перыяду Слуцкі дзяржаўны каледж традыцыйна праводзіць мэтанакіраваную работу з прадстаўнікамі вытворчасці. Сустрэчы, круглыя сталы, семінары, канферэнцыі праводзяцца як у самім каледжы, так і на прадпрыемствах і ў арганізацыях, прычым не толькі ў Слуцку, але і ў іншых рэгіёнах краіны, дзе працуюць прадпрыемствы перапрацоўчай прамысловасці. Адно з сумесных мерапрыемстваў прайшло з удзелам прадстаўнікоў арганізацыі — заказчыка кадраў Слуцкага кранавага завода, з якім наладжана доўгатэрміновае супрацоўніцтва. Калектыў прадпрыемства ў асноўным сфарміраваны з выпускнікоў навучальнай установы. У час сустрэчы выступалі рабочыя — выпускнікі ўстановы адукацыі, спецыялісты прадпрыемства, кіраўнікі тэхналагічнага бюро і аддзела кадраў. З боку навучальнай установы ў размове прынялі ўдзел загадчыкі аддзяленняў каледжа, выкладчыкі, майстры вытворчага навучання. У ходзе размовы былі разгледжаны пытанні мэтавай падрыхтоўкі навучэнцаў, прадастаўлення першага рабочага месца, перавагі працы на кранавым заводзе. У час экскурсіі па прадпрыемстве ўдзельнікі сустрэчы азнаёміліся з сучасным абсталяваннем, вытворчымі тэхналогіямі, наведалі цэхі, у якіх працуюць рабочыя. Стала традыцыяй правядзенне круглых сталоў, творчых сустрэч кіраўніцтва каледжа з прадстаўнікамі Горацкага харчовага камбіната, прадпрыемстваў “Малочныя горкі” (г.Горкі, Магілёўская вобл.), “Орша-Савушкін” (г.Орша, Віцебская вобл.),”Марозпрадукт”(г.Мар’іна Горка, Мінская вобл.). У час сустрэч  абмяркоўваюцца пытанні мэтавай падрыхтоўкі, размеркавання, працаўладкавання, прадастаўлення выпускнікам жылля і іншых сацыяльных гарантый. Выпускнікі аддзялення механіка-тэхналагічных спецыяльнасцей каледжа, намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце В.М.Радзюк, загадчыкі аддзяленняў В.М.Горбач і А.У.Кісель, педагогі каледжа пры наведванні ААТ “Здравушка-мілк” разам з вытворцамі абмяркоўвалі пытанні праходжання практыкі, працаўладкавання выпускнікоў, спецыфікі работы маладога спецыяліста, прагназавання патрэбы ў кадрах, азнаёміліся з новым абсталяваннем і асартыментам выпускаемай прадукцыі. Навучэнцы мелі магчымасць задаць пытанні спецыялістам прадпрыемства, а таксама прайшлі папярэдняе субяседаванне для далейшага працаўладкавання. На ААТ “Савушкін прадукт” (вытворчы філіял г.Бяроза), ААТ “Брэсцкае марожанае” адбыліся сустрэчы кіраўніцтва каледжа, загадчыкаў аддзяленняў з прадстаўнікамі вытворчасці, дзе таксама былі ўзняты злабадзённыя пытанні праходжання вытворчай практыкі, удзелу прадстаўнікоў арганізацый у выніковай атэстацыі навучэнцаў, працаўладкавання выпускнікоў. З мэтай карэкціроўкі вучэбных праграм па адпаведных дысцыплінах былі вывучаны патрэбы ў кадрах на найбліжэйшую перспектыву і спецыфіка вытворчасці. Адбылася сустрэча выпускнікоў аддзялення каледжа “Грамадскае харчаванне і гандлёвая справа”, дырэктара ўстановы, майстроў вытворчага навучання, выкладчыкаў з работнікамі ўнівермага “Слуцк”. Было праведзена мерапрыемства пад назвай “Мазгавы штурм” па тэме “Прафесійнае станаўленне маладых спецыялістаў”. Намеснік дырэктара ўнівермага А.М.Ларыёнава расказала пра сучасныя змены на рынку паслуг і гандлю, закранула пытанні маркетынгу, бягучага і перспектыўнага попыту, прадастаўлення розных відаў паслуг.

— Наша прадпрыемства з’яўляецца вытворчай пляцоўкай для праходжання практыкі навучэнцамі каледжа, — паведаміла А.М.Ларыёнава. — Мы супрацоўнічаем з установай ужо шмат гадоў і кожны раз шукаем новыя формы і метады ўзаемадзеяння на карысць высокай якасці падрыхтоўкі кадраў. А для нас каледж рыхтуе прадаўцоў, кухараў, пекараў. Па сутнасці, усе работнікі гэтай сферы, якія працуюць у нашым універмагу, — выпускнікі каледжа, і іх работай мы задаволены.

На базе Слуцкага хлебазавода разам з педагогамі і базавікамі была праведзена дзелавая гульня “Інавацыі тэхналогій — аснова стабільнай паспяховай будучыні кожнага прадпрыемства”. Вялікая ўвага ўдзялялася асартыменту лячэбна-прафілактычнага прызначэння, прайшла дэгустацыя і абмеркаванне новых відаў хлебнай прадукцыі. Інжынер-тэхнолаг па новых відах і распрацоўках Слуцкага хлебазавода А.В.Савановіч прадставіла на сустрэчы асартымент лячэбна-прафілактычнага прызначэння. Была праведзена дэгустацыя новых відаў прадукцыі: хлеб “Фітнес плюс аржаны”, сухары-грэнкі Rigas са смакам смятаны і зеляніны, сухары “Капрыз” дыябетычныя, сухары “Ішла Саша” з разынкамі. А.В.Савановіч з’яўляецца старшынёй дзяржаўнай кваліфікацыйнай камісіі пры правядзенні дзяржаўнага экзамену ў выпускнікоў каледжа.

— Наша прадпрыемства зраднілася з навучальнай установай, — расказала А.В.Савановіч. — Наша супрацоўніцтва доўжыцца ўжо дзесяцігоддзі, і яно прыносіць карысць і ўстанове, і нашаму заводу. Мы не толькі ўдзельнічаем у фарміраванні зместу навучання будучых кадраў, але і прадастаўляем заводскія плошчы для адпрацоўкі навучэнцамі вытворчых навыкаў. Сёння на заводзе працуюць многія выпускнікі каледжа. Яны прыходзілі да нас яшчэ школьнікамі ў час экскурсій, і менавіта тады ў іх сфарміравалася жаданне прысвяціць сваё жыццё вырабу хлеба.

А.В.Савановіч адзначыла, што такая цесная сувязь навучання і вытворчасці існуе дзякуючы намаганням кіраўніцтва каледжа і прадпрыемства, якое бачыць развіццё сферы вытворчасці перш-наперш у якаснай падрыхтоўцы рабочых кадраў. У працяг супрацоўніцтва з прадпрыемствамі малочнай галіны Слуцкі дзяржаўны каледж правёў семінар-практыкум па тэме “Класіка і інавацыі ў сыраробстве”. Прадстаўнікі арганізацый — заказчыкаў кадраў, дырэктар каледжа, намеснікі дырэктара, загадчыкі аддзяленняў, выкладчыкі, майстры вытворчага навучання вывучалі і абмяркоўвалі пытанні сертыфікацыі, рэалізацыі патрабаванняў тэхнічных рэгламентаў да працэсаў харчовай прадукцыі, рабілі карэкціроўкі вучэбных праграм па прадметах і дысцыплінах, у тым ліку па розных відах практык. Майстар вытворчага навучання Слуцкага дзяржаўнага каледжа Т.М.Давідовіч у супрацоўніцтве з калегамі Слуцкага сыраробнага камбіната прадставіла вырабы розных відаў цвёрдых сычужных сыроў (“Гаўда”, “Тыльзітар”, “Маасдам”). Семінар-практыкум прадэманстраваў высокі ўзровень метадычнай актыўнасці спецыялістаў і паспрыяў развіццю прафесіяналізму. На ім педагогі каледжа прадставілі свой вопыт работы.

Шмат мерапрыемстваў ладзілася з удзелам замежных партнёраў. Відэастрымы прайшлі з супрацоўнікамі Усерасійскага навукова-даследчага інстытута масларобства і сыраробства (г.Угліч, Расійская Федэрацыя). Па тэме інавацый у вытворчасці сыроў выступіў эксперт французскай сыраробнай школы. Тэарэтычныя асновы ўсіх этапаў вытворчасці сыру раскрылі беларускі эксперт у галіне сыраробства А.М.Галімава і эксперт у галіне мікрабіялогіі кандыдат тэхнічных навук Л.У.Сафроненка. На прадпрыемстве “Савушкін прадукт” (вытворчы філіял г.Баранавічы) адбылася рабочая сустрэча дырэктара каледжа Б.Б.Блахіна, педагогаў з начальнікам аддзела кадраў прадпрыемства па пытаннях размеркавання навучэнцаў, распрацоўкі вучэбных праграм вытворчых (тэхналагічных і пераддыпломнай) практык.

На Слуцкім хлебазаводзе была праведзена вытворча-дзелавая сустрэча з майстрамі вытворчага навучання па пытанні пашырэння ўзаемадзеяння пры падрыхтоўцы спецыялістаў для галіны, у тым ліку з прынятымі на работу ў бягучым годзе. Педагогі вывучалі нацыянальныя традыцыі выпечкі хлеба, знаёміліся з сучаснымі тэхналогіямі вытворчасці, вывучалі асаблівасці функцыянавання новай магутнай энергазахавальнай газавай печы, у якой прадугледжана ўтылізацыя адпрацаванага цяпла, што сёння вельмі актуальна.

Такім чынам, калектыў Слуцкага дзяржаўнага каледжа на чале з дырэктарам Б.Б.Блахіным паспяхова выконвае дзяржаўны заказ і скіраваны на прадукцыйнае ўзаемадзеянне з заказчыкамі кадраў.

Ала КЛЮЙКО.