Выконваюцца ўсе найважнейшыя паказчыкі сацыяльна–эканамічнага развіцця

ВУП Беларусі расце хутчэй за прагноз, усе найважнейшыя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця выконваюцца. Пра гэта заявіў Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Савета Міністраў, дзе разглядаліся вынікі работы эканомікі Беларусі за першае паўгоддзе і меры па выкананні пастаўленых задач на 2018 год.

“У цэлым вынікі работы эканомікі ў першым паўгоддзі 2018 года пазітыўныя. Выконваюцца ўсе найважнейшыя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця, зацверджаныя кіраўніком дзяржавы. Сацыяльныя гарантыі дзяржавы насельніцтву выконваюцца. Захоўваецца даволі добрая дынаміка росту”, — адзначыў Андрэй Кабякоў.

Па тэмпе росту ВУП паказчык вышэйшы за прагноз — 104,5 працэнта пры прагнозе 102,8 працэнта. Ва ўсіх рэгіёнах адзначаецца рост валавога рэгіянальнага прадукту і прадукцыйнасці працы.

Дадатны вынік і па ўсіх секцыях відаў эканамічнай дзейнасці. У апрацоўчай прамысловасці плюс 7,9 працэнта — рост забяспечваецца па ўсіх без выключэння 13 падсекцыях, у будаўніцтве — 7,5 працэнта, у гандлі (аптовым і рознічным) — 7,8 працэнта, у сельскай гаспадарцы і транспартнай дзейнасці — 3,9 працэнта і 3,7 працэнта адпаведна. Вытворчасць машын і абсталявання павялічылася на 19,2 працэнта, транспартных сродкаў — на 13,7 працэнта, прадукцыі дрэваапрацоўкі — на 14,8 працэнта, фармацэўтычнай прадукцыі — на 11,9 працэнта.

Захоўваецца баланс у знешнім гандлі. Сальда па таварах і паслугах (за 5 месяцаў) дадатнае — плюс $310 млн, або 1,4 працэнта да ВУП. “Вынік крыху лепшы, чым у мінулым годзе, прычым ён атрыманы за кошт прыросту экспарту тавараў і паслуг, перш за ўсё ў краіны па-за СНД”, — звярнуў увагу Андрэй Кабякоў. Акрамя экспарту энергетычных тавараў, у гэтыя краіны нарасцілі аб’ёмы экспарту трактароў, грузавых машын, шын, металапракату, мэблі і прадукцыі дрэваапрацоўкі, лакаў і фарбаў, ільняных тканін, тавараў малакаперапрацоўкі і іншых. Усяго экспарт тавараў і паслуг большы, чым за 5 месяцаў мінулага года, на $3 млрд (плюс $2,4 млрд — па таварах і $0,6 млрд — па паслугах). Практычна палова прыросту экспарту тавараў сфарміравана за кошт росту фізічных аб’ёмаў.

Нізкі ўзровень інфляцыі разам з іншымі мерамі макрабалансіроўкі даюць магчымасць зніжаць кошт крэдытных рэсурсаў для эканомікі. Стаўка рэфінансавання Нацбанка ў чэрвені зніжана да 10 працэнтаў гадавых. Новыя крэдыты для юрыдычных асоб у рублях (без уліку льготных) у чэрвені выдаваліся пад 11,3 працэнта гадавых.

Кіраўнік урада адзначыў, што стабільнасць на валютным, крэдытна-дэпазітным і фінансавым рынках захоўваецца, давер да нацыянальнай валюты паступова расце. Тэрміновыя рублёвыя зберажэнні насельніцтва за першае паўгоддзе 2018 года павялічыліся на Br412 млн. Іх доля ў агульным аб’ёме зберажэнняў насельніцтва вырасла на 3 працэнтныя пункты.

На ўнутраным валютным рынку за першае паўгоддзе сфарміравалася дадатнае сальда куплі-продажу валюты ў аб’ёме $320 млн. Насельніцтва на чыстай аснове прадало амаль $800 млн, юрыдычныя асобы купілі $480 млн.

Андрэй Кабякоў нагадаў, што ўрад даручаў кіраўнікам прыняць меры па зніжэнні ставак па раней прыцягнутых крэдытах і змяненні валюты крэдытавання. “Недапушчальна, калі дзеючыя стаўкі па раней выдадзеных крэдытах значна перавышаюць бягучы ўзровень кошту крэдытных рэсурсаў. Больш за тое, калі кампенсацыя працэнтаў па такіх крэдытах ажыццяўляецца за кошт бюджэту”, — падкрэсліў кіраўнік урада, даручыўшы віцэ-прэм’ерам разабрацца з сітуацыяй.

“Па зарплатах бюджэтнікам будзем рухацца ў рамках даручэнняў кіраўніка дзяржавы і магчымасцей бюджэту. Суадносіны заработнай платы бюджэтнікаў і сярэдняй па краіне ўжо складаюць 78,8 працэнта. У чацвёртым квартале гэтага года плануецца выйсці на 80 працэнтаў”, — адзначыў таксама Андрэй Кабякоў.

За пяць месяцаў бягучага года рэальныя даходы насельніцтва прыраслі на 7,7 працэнта, рэальная заработная плата па паўгоддзі — на 13 працэнтаў, у тым ліку ў бюджэтнай сферы — на 15,4 працэнта. Сярэдняя заработная плата па краіне за чэрвень склала Br953,7. У пазабюджэтным сектары эканомікі сярэдняя зарплата за студзень — чэрвень склала Br996,3. Гэта значыць практычна выйшлі на мэтавую задачу Br1 тысячы, канстатаваў прэм’ер-міністр.

Пры гэтым кіраўнік урада звярнуў увагу на неабходнасць строгай увязкі росту заработнай платы з прадукцыйнасцю працы. “Праяўляюцца тэндэнцыі, калі заработная плата на прадпрыемствах расце хутчэй, чым прадукцыйнасць працы. Сітуацыю да канца года трэба выпраўляць”, — даручыў Андрэй Кабякоў. Ён заўважыў, што гэта сфера адказнасці галіновых міністраў і старшынь аблвыканкамаў.