Вымярэнні творчасці і прыгажосці

- 11:43Рознае, Суразмоўца

Найважнейшым фактарам станаўлення ўсебакова развітой, духоўна багатай асобы, здольнай да інавацый і творчага пераўтварэння рэчаіснасці, чалавека высокай культуры і адданага патрыёта сваёй краіны з’яўляецца эстэтычнае выхаванне. Менавіта яно сродкамі інтэгральных зносін з навакольным светам дапамагае дзіцяці на ўсіх узроўнях яго прыродна-культурнай арганізацыі, ва ўсіх формах паводзін гарманізаваць рэчаіснасць, сацыяльнае асяроддзе са сваімі ўяўленнямі, мэтамі і задачамі, вынікамі ўласнай дзейнасці. У сувязі з гэтым якасна новае значэнне набывае дзейнасць устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і ў прыватнасці аб’яднанняў па інтарэсах выяўленча-мастацкага і дэкаратыўна-прыкладнога профілю. Пра вопыт, напрацоўкі і дасягненні педагогаў рэгіёна ў азначаным напрамку расказвае намеснік генеральнага дырэктара загадчык аддзела эстэтычнага выхавання Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі Наталля ЯНЦЭВІЧ.

— Сістэма дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі на Віцебшчыне мае ярка выражаную спецыфіку. Як рэалізоўваюцца адукацыйныя запыты дзяцей і іх бацькоў?
— У вобласці захавана разгалінаваная сетка ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. На цяперашні час іх 33, з якіх 6 з’яўляюцца профільнымі і 27 — мнагапрофільнымі. Кожнаму навучэнцу прадастаўляецца свабода выбару сфер і відаў дзейнасці, магчымасцей для самаўдасканальвання і самарэалізацыі. Асноўнае месца ў нашай дзейнасці займае работа аб’яднанняў па інтарэсах. У вобласці ажыццяўляецца планамернае развіццё сеткі такіх аб’яднанняў, ствараюцца ўмовы для павышэння якасці адукацыйных паслуг на аснове запытаў і патрэбнасцей дзяцей і іх бацькоў. У цэлым за апошнія 5 гадоў ахоп дзяцей рознымі формамі адпачынкавай дзейнасці ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі павялічыўся на 10,3 працэнта, і сёння іх наведвае каля 42 тысяч навучэнцаў. Паказчык даволі высокі, асабліва калі браць пад увагу дэмаграфічную сітуацыю ў рэгіёне. Самыя шматлікія на сёння — больш за палову ад агульнай колькасці — аб’яднанні мастацкага профілю, у тым ліку выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Па выніках мінулага навучальнага года ў іх займалася 11,5 тысячы дзяцей і падлеткаў, прычым параўнальны маніторынг паказвае рост колькасці навучэнцаў на 9,6 працэнта ў параўнанні з мінулым годам, што сведчыць аб папулярнасці і запатрабаванасці гэтага напрамку ў насельніцтва.

— Асаблівы гонар уяўляюць аб’яднанні, якія маюць званне “ўзорны” і “народны” самадзейны калектыў…
— Іх можна без перабольшанняў назваць вядучымі прапагандыстамі нацыянальнай культуры, плённым асяроддзем выхавання актыўнай сацыяльнай асобы і пляцоўкай для рэалізацыі творчых здольнасцей дзяцей і моладзі. Усяго ў вобласці 67 узорных і 13 народных аматарскіх калектываў. Ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі функцыянуе 21 узорны і народны аматарскі калектыў мастацкага профілю, уключаючы 8 выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога напрамку. Сярод апошніх 3 дзейнічаюць пры абласным Палацы дзяцей і моладзі. Адно з найстарэйшых творчых аб’яднанняў — народная дзіцячая мастацкая студыя, паўвекавы юбілей якой мы ўрачыста адзначылі ў 2012 годзе. Больш за 38 гадоў гэты калектыў узначальвае вопытны і крэатыўны педагог Ларыса Здор. Ларыса Мікалаеўна двойчы ўзнагароджвалася знакам “Выдатнік адукацыі” (у 1985 і 2007 гадах), работы яе выхаванцаў пабывалі ў многіх краінах свету і маюць узнагароды прэстыжных міжнародных конкурсаў. Кажучы пра такія педагагічныя кадры, неабходна адзначыць, што менавіта яны ў першую чаргу забяспечваюць рэйтынг устаноў дадатковай адукацыі. Адрасоў прафесійнага майстэрства ў нас нямала. Сёння ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі рэгіёна працуе 1851 педагог, па напрамку “Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” — 334, з іх больш за палову мае вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. У кожным з гарадоў і раёнаў ёсць свае эфектыўныя мадэлі арганізацыі работы па далучэнні навучэнцаў да актыўнай творчасці, развіцці іх здольнасцей, падтрымцы юных талентаў. Напрыклад, на Браслаўшчыне праводзіцца Міжнародны архітэктурна-мастацкі плэнер “Браслаўская вясёлка”, у Оршы рэалізоўваецца інфармацыйна-адукацыйны праект “Віртуальная галерэя выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва”, у Наваполацку — праект “Арт-дэбют”. У цэлым па вобласці склалася развітая сістэма падтрымкі дзіцячай творчасці, аснову якой складаюць абласныя масавыя мерапрыемствы: агляды, конкурсы, выставы, фестывалі, акцыі. Многія з іх праходзяць на аснове міжведамаснага ўзаемадзеяння. Конкурсна-выставачная дзейнасць дазваляе ажыццяўляць адбор і ўсебаковую падтрымку адораных навучэнцаў.

— А тыя ў сваю чаргу радуюць нас сваімі творчымі дасягненнямі?
— Падставы парадавацца за поспехі нашых юных талентаў сапраўды ёсць. Напрыклад, штогод разам з упраўленнем адукацыі Віцебскага аблвыканкама мы праводзім акцыю “На добрую памяць”, па выніках якой 3 лепшыя работы навучэнцаў накіроўваюцца для ўдзелу ў рэспубліканскім конкурсным адборы. Ганарымся, што ўжо трэці год запар менавіта прадстаўнікі нашай вобласці атрымліваюць права ўручыць выраблены ўласнымі рукамі навагодні сувенір Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь у рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”. Плённым з’яўляецца і штогадовы ўдзел творчых калектываў дадатковай адукацыі вобласці ў разнастайных рэспубліканскіх конкурсах і выставах, у прыватнасці такіх як “Калядная зорка”, “АрхНавацыя”, “Беларускі вянок”, “Пасябруй са спортам”, “Юныя таленты Беларусі”. А ўсяго за 2013/2014 навучальны год нашы выхаванцы атрымалі 93 дыпломы, 27 падзяк і 6 грамат міжнародных, 79 — рэспубліканскіх, 289 — абласных конкурсаў, выстаў, фестываляў і акцый. Лідарамі па колькасці дыпломаў сталі навучэнцы аб’яднанняў па інтарэсах Браслаўскага, Лепельскага, Пастаўскага, Сенненскага, Чашніцкага раёнаў, Віцебска, Наваполацка, Оршы і Полацка.

— Што дапамагае прадстаўнікам устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Віцебскай вобласці пакараць і ўтрымліваць конкурсныя вышыні?
— Aб’яднанні па інтарэсах выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога напрамку трэба разглядаць як неад’емную частку цэласнай адукацыйнай прасторы, дзе створаны і паспяхова функцыянуюць арыгінальныя выхаваўчыя мадэлі, пабудаваныя з улікам асаблівасцей рэгіёна і сацыяльнага заказу. Сістэма работы ўстаноў дадатковай адукацыі Віцебшчыны ў гэтым сегменце характарызуецца інавацыйнай успрымальнасцю, кампетэнтнасцю педагагічных і кіруючых кадраў, матывацыяй педагогаў ствараць, засвойваць і рэалізоўваць усё лепшае, што ёсць у навуцы і педагагічнай практыцы. Работа ў рэжыме пераходу на якасна новы ўзровень патрабуе ад педагогаў вызначэння спецыфікі сваёй дзейнасці, абнаўлення зместу форм і метадаў, укаранення інавацыйных педагагічных методык, тэхналогій у адукацыйны працэс. З мэтай больш поўнага задавальнення рознабаковых патрэбнасцей навучэнцаў вядзецца актыўны пошук новых форм арганізацыі адукацыйнага працэсу: апрабуюцца і ўкараняюцца ў практыку работы арт-тэхналогіі, тэхналогіі праектнага, ілюстратыўнага, індывідуальнага навучання. Шырокае распаўсюджанне атрымліваюць новыя комплексныя мадэлі аб’яднанняў па інтарэсах: студыі, школы, лабараторыі, тэатры. Расце колькасць клубна-профільных аб’яднанняў. Павялічылася колькасць аб’яднанняў па інтарэсах сучасных напрамкаў, арыентаваных на работу са старшакласнікамі, садзейнічанне прафесійнай арыентацыі навучэнцаў — я маю на ўвазе тэатры моды, дызайн- і арт-студыі.

— Адпаведна, пашыраецца і сфера метадычнага ўдзелу педагогаў вобласці ў рэспубліканскіх конкурсах, семінарах, майстар-класах?
— Па выніках Рэспубліканскага конкурсу метадычных распрацовак вучэбных заняткаў “Мае лепшыя заняткі” педагогі нашай вобласці атрымалі 28 дыпломаў (на конкурс была прадстаўлена 31 работа) Міністэрства адукацыі і НЦМТДіМ. Гэта найлепшы паказчык у параўнанні з іншымі рэгіёнамі. Дарэчы, сярод узгаданых 28 распрацовак 15 выканалі педагогі, якія працуюць у напрамку выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Падобныя факты пераканаўча сведчаць аб мэтанакіраваным развіцці метадычнага патэнцыялу і росце прафесійнага майстэрства педагагічных кадраў, чаму ў немалой ступені садзейнічае работа па метадычным забеспячэнні адукацыйнай дзейнасці, арганізацыі працэсу павышэння прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў. Ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі створаны і эфектыўна працуюць 15 метадычных аб’яднанняў мастацкага профілю. У рамках работы метадычных аб’яднанняў праводзяцца вучэбныя і праблемным семінары, панарамы і прэзентацыі вопыту, майстар-класы, адкрытыя заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах, навукова-практычныя канферэнцыі, круглыя сталы, творчыя майстэрні.

— Неабходнай умовай прафесійнага росту педагогаў на сучасным этапе выступае інавацыйная дзейнасць…
— Асновай высокай выніковасці ў дзейнасці ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі служыць імкненне да пошуку новых форм, росту эфектыўнасці і якасці адукацыйнага працэсу. Засваенне новых сродкаў, падыходаў і тэхналогій педагагічнай дзейнасці ажыццяўляецца ў 23 установах вобласці. Найбольш значныя з іх — рэалізацыя інавацыйнага праекта “Апрабацыя адукацыйнай праграмы “Творчая майстэрня” ў практыцы аб’яднання па інтарэсах” (Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Першамайскага раёна Віцебска) і рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне аўтарскай мадэлі фарміравання нацыянальнай самасвядомасці навучэнцаў на аснове гісторыка-культурнай спадчыны роднага краю” (Лепельскі раённы ЦТДіМ). Побач з традыцыйнымі формамі метадычнага суправаджэння і падтрымкі выкарыстоўваюцца новыя падыходы і формы навучання педагагічных кадраў. Так, у Браслаўскім раённым цэнтры дзяцей і моладзі праводзіцца метадычная акцыя “Педагогі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі — маладым спецыялістам”, у Полацкім і Ушацкім — дні і дэкады педагагічнага майстэрства як агляд ведаў і ўменняў педагагічных работнікаў, у Оршы — панарама метадычных ідэй па прэзентацыях вопыту педагогаў, вынікова прадстаўленых на абласных і рэспубліканскіх конкурсах і выставах навукова-метадычных матэрыялаў і педвопыту. У Расонскім раёне дзейнічае клуб “Крэатыўныя людзі” для вопытных педагогаў, у Наваполацку адкрыты віртуальны вучэбна-метадычны кабінет, створаны на сайце Палаца дзяцей і моладзі. У Чашніцкім раёне эфектыўна працуе творчая лабараторыя “Сувенір”, якая аб’яднала педагогаў дадатковай адукацыі ў напрамку дэкаратыўна-прыкладной творчасці.

— Пытанням грамадзянска-патрыятычнага выхавання дзяцей і падлеткаў сродкамі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ўдзяляецца асаблівая ўвага. Як наладжана работа ў гэтым напрамку ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі на Віцебшчыне?
— Павышэнне эфектыўнасці грамадзянска-патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення, фарміраванне павагі да гісторыка-культурнай і мастацкай спадчыны роднага краю — адзін з прыярытэтаў у дзейнасці аб’яднанняў па інтарэсах эстэтычнага профілю, куды ўваходзяць аб’яднанні выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога напрамкаў. Далучэнне выхаванцаў да твораў выяўленчага і декаратыўна-прыкладнога мастацтва абуджае і выхоўвае ў іх светапоглядныя, эстэтычныя, маральныя, патрыятычныя пачуцці і перакананні, дазваляе ім правільна асэнсаваць сваё стаўленне да навакольнага, свядома ставіцца да выканання сваіх абавязкаў перад Радзімай і грамадствам. Ва ўстановах дадатковай адукацыі арганізаваны аб’яднанні і клубы па адраджэнні народных рамёстваў, звычаяў, традыцый, дзе беражліва захоўваецца багатая гістарычная і культурная спадчына Віцебшчыны. У педагагічную практыку ўстаноў трывала ўвайшлі сістэмныя і доўгатэрміновыя формы работы: акцыі, фестывалі, канферэнцыі, конкурсы, агляды-конкурсы і выставы народнай творчасці, каляндарна-абрадавыя святы, экскурсіі. Так, у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі Кастрычніцкага раёна прайшла навукова-практычная канферэнцыя “Духоўная спадчына роднага краю”, у Сенненскім раённым цэнтры дзяцей і моладзі рэалізаваны праект “Вяртанне да вытокаў”, прысвечаны 95-годдзю стварэння Матронай Маркевіч узору “Узыходзячае сонца”, у Полацкім раёне — інтэрактыўны праект “Ратуша часу”.

— Якімі вы бачыце шляхі далейшага ўдасканалення і развіцця выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі?
— Нягледзячы на пэўны пазітыўны вопыт і вынікі работы, ёсць у нас, канечне, і праблемныя моманты, і пытанні, якія патрабуюць неадкладнага вырашэння. Найперш гэта звязана з удасканаленнем метадычнай і ўмацаваннем матэрыяльна-тэхнічнай баз аб’яднанняў па інтарэсах, аптымізацыяй кадравай работы. У некаторых раёнах трэба актывізаваць дзейнасць па захаванні асобных традыцыйных відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Хацелася б, каб больш у сістэме дадатковай адукацыі было аб’яднанняў па інтарэсах са званнем “узорны” і “народны” аматарскі калектыў. Тым больш што патэнцыял для гэтага ёсць. Як кажуць — няма межаў для ўдасканальвання…

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.