Вынік на ўсе 100!

- 12:19Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

Выпускнікі гімназіі № 1 Горак прадэманстравалі стабальныя вынікі на сёлетнім цэнтралізаваным тэсціраванні.

Вікторыя Нявесценка і Станіслаў Бекараў заўсёды былі выдатнікамі вучобы. Атэстаты аб агульнай сярэдняй адукацыі ў іх асаблівага ўзору, маладыя лю­дзі атрымалі залатыя медалі. Нядзіўна, што і на ЦТ учарашнія гімназіс­ты праявілі сябе найлепшым чы­нам. Вікторыя набрала максімальныя 100 балаў па беларускай мове і біялогіі, а Станіслаў — па матэматыцы. 

Па меркаванні Вікторыі Нявесценка, ніякага сакрэту, які прыво­дзіць да поспеху на тэсціраванні, не існуе. Патрэбны толькі ўласнае жаданне і плённая праца.

— Рыхтавалася да ЦТ старанна. Вельмі ўдзячна сваім школьным педагогам — настаўніцам беларускай мовы Ірыне Міхайлаўне Каралёвай, Алене Аляксандраўне Шкуратавай і настаўніцы біялогіі Таццяне Мікалаеўне Казловай. Яны далі мне сапраўды трывалыя веды. Гэтыя вучэбныя прадметы заўсёды былі для мяне любімымі, па беларускай мове даволі паспяхова ўдзельнічала ў алімпіядах. Пад­рыхтоўкай займалася шмат, таму стабальныя сертыфікаты не сталі для мяне нейкім сюрпрызам ці нечаканасцю. Спадзяюся, што добрыя вынікі на тэсціраванні, залаты медаль і атэстат з адзнакай дазволяць мне паступіць на жаданую спецыяльнасць, — падзялілася Вікторыя. 

— Я таксама ішоў на тэсціраванне з канкрэтнай мэтай, планаваў набраць добрыя балы. Матэматыкай захапляюся с 1 класа, даўно ўдзельнічаю ў алімпіядным руху, быў нават прызёрам заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды. Некаторыя задачы на ЦТ выклікалі пытанні і сумненні, але з усімі заданнямі справіўся. Вынік, канечне, парадаваў. За свае веды вельмі ўдзячны настаўніцам пачатковых класаў Зінаідзе Васільеўне Лабанавай, Але Іванаўне Вараўка і асаб­ліва — настаўніцы матэматыкі Наталлі Міхайлаўне Сенчанка. Дзякую за ўсебаковую падтрымку і кіраўніцтву нашай гімназіі, — адзначыў Стас Бекараў. 

Падрыхтоўцы вучняў да здачы цэнтралізаванага тэсціравання ў Горацкім раёне ўдзяляюць вялікую ўвагу. Гэтая работа вядзецца планава і паступальна.

— На трэцяй ступені адукацыі абавязкова праводзім для навучэнцаў мерапрыемствы па прафесійным самавызначэнні. У нас вызначаны рэсурсныя цэнтры, апорныя ўстановы адукацыі па падрыхтоўцы да экзаменаў і тэсціравання. Там працуюць вопытныя педагогі-­прадметнікі, якія кансультуюць па гэтых пытаннях калег і право­дзяць заняткі для вучняў з усяго раёна. Якаснай падрыхтоўцы спрыяе і профільнае навучанне. Усё гэта ў сукупнасці прыносіць адпаведныя вынікі, — адзначыла галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі Горацкага райвыканкама Іна Курціна.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота Міхаіла ЛЯЎЦОВА.