Вынікам вельмі задаволены

Беларускія параалімпійцы вярнуліся з зімовых Гульняў у Пхёнчхане. У Нацыянальным аэрапорце Мінск атлетаў і трэнераў сустракалі родныя і сябры, кіраўніцтва Міністэрства спорту і турызму, Параалімпійскага камітэта Беларусі.

“З 15 атлетаў у нашай камандзе было шэсць дэбютантаў Параалімпійскіх гульняў. Вынік перасягнуў нават нашы чаканні. Планавалі пяць узнагарод, зыходзячы з выступленняў нашых спартсменаў на турнірах у ходзе сезона. Аднак увайшлі ў лік дзесяці лепшых каманд, занялі 8-е месца ў медальным заліку. Вынікам вельмі задаволены, — падкрэсліў старшыня Параалімпійскага камітэта Беларусі Алег Шэпель. — Дзяржава нам дапамагае развіваць параалімпійскі спорт, выцягваць людзей з абмежаванымі магчымасцямі з чатырох сцен займацца спортам. Мы ж адказваем такім паспяховым выступленнем, як у Пхёнчхане”.

Чэмпіён і трохразовы прызёр Параалімпіяды Юрый Голуб расказаў, што самым галоўным яго балельшчыкам у час Гульняў была маці. “Параалімпіяда атрымалася і паспяховай, і цяжкай для мяне. Удалося выйграць чатыры медалі, але з кожнай гонкай было ўсё цяжэй і цяжэй. Вельмі ўдзячны трэнерскаму штабу, сваім балельшчыкам, маці, роднаму Глуску, дзе ўсе за мяне перажывалі”, — адзначыў Юрый Голуб.

XII зімовыя Параалімпійскія гульні ў Пхёнчхане сталі самымі паспяховымі ў гісторыі беларускага параалімпійскага спорту. На біятлонных і лыжных трасах Пхёнчхана беларускія спартсмены заваявалі 12 узнагарод: па чатыры залатыя, сярэбраныя і бронзавыя. На вышэйшую прыступку п’едэстала галоўных стартаў чатырохгоддзя ўзнімаліся Святлана Саханенка, якая стала трохразовай параалімпійскай чэмпіёнкай у лыжных гонках, і Юрый Голуб, які перамог у біятлоне.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *