Вынікаў магчыма дасягнуць толькі сумеснымі і зладжанымі намаганнямі

- 12:17Інфармацыйная гадзіна

Лідар КНДР Кім Чэн Ын заявіў пра неабходнасць спынення ўзаемнай варожасці паміж КНДР і ЗША пасля праведзенага 12 чэрвеня ў Сінгапуры саміту з Прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам.

Паўночнакарэйскі лідар падкрэсліў важнасць прыняцця “смелага рашэння аб спыненні варожых ваенных дзеянняў”. Ён таксама сказаў Дональду Трампу, што КНДР і ЗША павінны ўстрымацца ад процістаяння і прымаць адпаведныя юрыдычныя сістэмныя меры для вырашэння пытанняў. Кім Чэн Ын заявіў, што калі ЗША прыме меры па ўмацаванні даверу паміж бакамі, то і КНДР прадоўжыць крокі ў гэтым напрамку.

Акрамя таго, кіраўнік паўночнакарэйскага боку падкрэсліў важнасць прымянення практычных мер для рэалізацыі ўсіх пунктаў пагаднення, падпісанага па выніках саміту. Абодва лідары згадзіліся, што для дасягнення міру і поўнай дэнуклеарызацыі Карэйскага паўвострава крокі неабходна рабіць паслядоўна і сумесна.

Амерыканскі прэзідэнт са свайго боку заявіў пра намер спыніць правакацыйныя дарагія ваенныя вучэнні, што праводзяцца ЗША сумесна з Рэспублікай Карэя.

Па выніках сустрэчы ў Сінгапуры быў падпісаны сумесны дакумент, згодна з якім КНДР узяла на сябе абавязацельствы па дэнуклеарызацыі Карэйскага паўвострава ў абмен на гарантыі бяспекі з боку ЗША.

У чацвер КНДР і Рэспубліка Карэя пачалі першыя за 10 гадоў ваенныя перагаворы на высокім узроўні для зніжэння напружанасці на Карэйскім паўвостраве, паведамляе паўднёвакарэйскае Міністэрства абароны.

“Улічваючы, што сустрэча праходзіць пасля доўгага перапынку, нам неабходна дасягнуць вынікаў”, — сказаў кіраўнік паўднёвакарэйскай дэлегацыі Кім До Гюн. Ён таксама падкрэсліў, што вынікаў магчыма будзе дасягнуць толькі сумеснымі і зладжанымі намаганнямі бакоў.

Кіраўнік паўночнакарэйскай дэлегацыі Ан Ік Сан у сваю чаргу адзначыў, што Кім До Гюн стане першым ваенным, які пераступіў дэмаркацыйную лінію, што раздзяляе дзве краіны. Ён таксама дадаў, што перагаворы павінны прайсці ў духу падпісанай раней у Пханмунджоме дэкларацыі.

На першых з 2007 года перагаворах бакі абмеркавалі пытанні ўстанаўлення трансгранічнай ваеннай лініі сувязі, правядзення дыялогу на пастаяннай аснове, а таксама ўстанаўлення гарачай лініі паміж ваенным камандаваннем дзвюх краін.