Вынікі іх працы — гордасць для Беларусі

- 9:00Актуально, Апошнія запісы

Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды больш як 60 прадстаўнікам розных сфер. Урачыстая цырымонія прайшла ў Палацы Рэспублікі.

Дырэктар Ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Георгій Голікаў узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”.

“Кожны з вас з’яўляецца ўзорам прафесіяналізму, на­дзейнасці, вернасці абавязку, умення браць на сябе адказнасць за прынятыя рашэнні, за даручаны ўчастак работы. Вы з гонарам ідзяце па сваім працоўным шляху. І вынікі, якіх кожны змог дабіцца, — гэта гордасць для Беларусі”, — сказаў Раман Галоўчанка ў час цырымоніі ўзнагароджання.

За самаадданую працу і высокі прафесіяналізм асаблівыя словы ўдзячнасці кіраўнік урада выказаў работнікам аховы здароўя. “Сёння ўся краіна гаворыць вам дзякуй за тое, што вы кожны дзень ратуеце чалавечыя жыцці”, — падкрэсліў прэм’ер-міністр.

Настаўнік Дзяржаўнага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Гродна Ларыса Сямёнава ўзнагароджана медалём “За працоўныя заслугі”.

У ліку ўзнагароджаных былі і прадстаўнікі адукацыйнай галіны — педагогі, кіраўнікі ўстаноў адукацыі. “Менавіта дзякуючы вашаму таленту беларуская сістэма адукацыі паспяхова і годна развіваецца, актыўна ўкараняе сучасныя тэхналогіі і інавацыі ў адукацыйны працэс”, — адзначыў Раман Галоўчанка.

Узнагароды былі ўручаны і дзяржаўным служачым. Прэм’ер-міністр звярнуў увагу на тое, што рэалізацыя маштабных праектаў і якаснае вырашэнне пастаўленых перад дзяржорганамі задач шмат у чым залежаць ад прафесіяналізму кіраўніцкіх кадраў.

Сярод узнагароджаных — дзеячы культуры і мастацтва, прадстаўнікі спартыўнай сферы, грамадскіх аб’яднанняў, ветэранскіх арганізацый, работнікі аграпрамысловага і энергетычнага комплексаў, сферы транспарту, камунікацый, будаўнічай галіны, падатковых органаў.

“У нашай маладой па гістарычных мерках дзяржаве ўжо склаліся свае працоўныя, культурныя традыцыі. І сярод стваральнікаў гэтых традыцый усе вы, безумоўна, знаходзіцеся на перадавой. Вы — гэта чалавечы капітал Беларусі. Упэўнены, што вы не спыніцеся на дасягнутым”, — сказаў Раман Галоўчанка. Ён падзякаваў узнагароджаным за добрасумленнае стаўленне да працы, прафесіяналізм, самаадданасць пры выкананні свайго службовага абавязку, праяўленую ініцыятыву.

Па інфармацыі БелТА.
Фота Аксаны Манчук, БелТА.