Вынікі РЦЭ стануць вядомыя да канца лютага

- 15:04Актуально

Колькі 11-класнікаў праверылі свае веды на РЦЭ і якія прадметы выбрала большасць з іх для праходжання экзамену? Хто не змог завяршыць выкананне тэстаў і па якой прычыне? Даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Удзельнікамі рэпетыцыі цэнтралізаванага экзамену сталі каля 55,5 тысячы навучэнцаў — гэта 98,4% ад агульнай колькасці старшакласнікаў. 908 чалавек адсутнічалі па ўважлівай прычыне: каля 700 па хваробе, а астатнія з-за ўдзелу ў спаборніцтвах або праходжання аздараўлення.

— Самая галоўная задача, якую мы ставілі перад сабой, — каб выпускнікі школ маглі адаптавацца, азнаёміцца з пунктам, у якім у маі будуць праходзіць непасрэдна цэнтралізаваны экзамен, і адпрацаваць арганізацыйна-тэхнічныя моманты, — падкрэсліў міністр адукацыі Андрэй Іванец.

Ён паведаміў, што топ прадметаў, якія здаюць на РЦЭ выпускнікі школ, практычна застаецца нязменным:

— У лік прадметаў, якія найбольш запатрабаваны ў цэлым па краіне, увайшлі руская мова — яе здавалі амаль 30% 11-класнікаў (16,7 тысячы чалавек), матэматыка, якую выбралі каля 23% школьнікаў (12,9 тысячы), і біялогія — па ёй выпрабаванне прайшлі каля 11% выпускнікоў (6,4 тысячы).

Паводле інфармацыі Мінадукацыі, патрабаванні да правядзення рэпетыцыйнага цэнтралізаванага экзамену ідэнтычныя патрабаванням да правядзення ЦЭ. У іх лік уваходзяць: строгі кантроль наяўнасці дакумента, які сведчыць асобу, прыбыццё ў пункт правядзення экзамену за 30 мінут, жараб’ёўка дзяцей для размеркавання па аўдыторыях, стварэнне максімальна камфортных умоў.

— Аднак мы крыху змянілі інструкцыю правядзення цэнтралізаванага экзамену, якая распаўсюдзіцца і на ЦТ. Унесена забарона на выкарыстанне аўдыя-, відэа- і фотафіксацыі не толькі ў аўдыторыі, дзе праходзіць ЦЭ, але і ў цэлым у пункце правядзення экзамену. Пры гэтым мы поўнасцю захавалі празрыстасць: кожны абітурыент, які прайшоў рэпетыцыю цэнтралізаванага экзамену, у сваім электронным кабінеце на сайце РІКВ убачыць скан-копію бланка свайго адказу да канца лютага і азнаёміцца з вынікамі, — дадаў Андрэй Іванавіч.

У кожным пункце правядзення РЦЭ была арганізавана работа брыгад медыцынскіх работнікаў. Па стане здароўя прайсці выпрабаванне не змог адзін навучэнец Гомельскай вобласці. А вось выдаленымі з аўдыторый сёлета аказаліся пяць старшакласнікаў. Так, у Акадэміі кіравання парушальнік меў пры сабе смарт-гадзіннік, з-за якога не завяршыў праходжанне тэста па матэматыцы. У БНТУ ў час здачы РЦЭ па замежнай мове быў выяўлены навучэнец са спісанай рукой. У БДТУ за шпаргалкі выдалены адразу два чалавекі: адзін не здаў біялогію, другі — матэматыку. Да таго ж і ў БДПУ адзін са школьнікаў, які здаваў матэматыку, меў пры сабе мабільны тэлефон, што строга забараняецца.

— Нагадваю, пераздачы рэпетыцыйнага цэнтралізаванага экзамену няма. Выкарыстанне забароненых для праносу сродкаў будзе сур’ёзна адсочвацца і ў маі на самім ЦЭ, а да парушальнікаў будуць прымяняцца адпаведныя меры — выдаленне з выпрабавання. Упэўнены, што ў рамках правядзення рэпетыцыйнага тэсціравання кожны зможа паспрабаваць яшчэ раз свае сілы ў рамках трэцяга этапу РТ, — перакананы кіраўнік адукацыйнага ведамства.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара