Выпадковасці будуюць жыццё

- 11:35Выхаваўчая прастора

Зіма змяніла восень. Адным пра гэта сведчаць лічбы на календары, іншым — снег на дахах дамоў, трэцім — новы танцавальны турнір. Калі яшчэ крыху больш за месяц назад спартыўныя танцоры старанна паўтаралі рухі перад выхадам на паркет у рамках рэспубліканскага турніру “Мінская восень”, то ў мінулыя выхадныя іх клопаты былі скіраваны на спаборніцтвы Royal Cup.

Нягледзячы на тое, што турнір Royal Cup існуе толькі 3 гады, ён ужо заслужыў давер спартсменаў і гледачоў. Сёлета на яго прыехалі каля 500 пар удзельнікаў з 37 клубаў Беларусі. Выступалі яны ў 25 катэгорыях: з раніцы да самага вечара. Праглядзець столькі выступленняў і яшчэ выбраць з іх пераможцаў — справа не з простых. Суддзям запомніліся мінскія клубы “Дуэт”, “Людміла”, “Элеганс”, гродзенскія “Імперыя”, “Грацыя” і інш.

Значную частку ўзнагарод забраў калектыў спартыўнага бальнага танца “Капрыз” (Палац дзяцей і моладзі “Золак” Мінс­ка). Ён жа ў 2017 го­дзе стаў ініцыятарам стварэння Royal Cup. Кіраўнік клуба Хрысціна Канаш гаво­рыць, што на Захадзе практыка правядзення адной камандай турніру вельмі распаўсюджана. Сваімі вучнямі яна задаволена, хаця першая трэніроўка на наступны ж дзень пасля спаборніцтваў не абышлася і без указання памылак. Толькі гэта нікога не кранае. Па тварах танцораў бачна, што яны з павагай ставяцца да слоў кіраўніка і ўжо прадумваюць варыянты паляпшэння тэхнікі.

Танцаваць = жыць

Хрысціна Сяргееўна сама пачала займацца танцамі ў 6 гадоў. Аднак калі б не шчаслівая выпадковасць, магчыма, зараз гэты матэрыял быў бы пра кіраўніка народнага ансамбля.

— Бабуля, калі прывяла мяне на танцы, пераблытала кабінеты бальнага і народнага. Так я і пачала займацца. З часам стала майстрам спорту, перамагала на шматлікіх спаборніцтвах, была (хаця мінулых чэмпіёнаў не бывае, так?) фіналіст­кай Кубка Усходняй Еўропы, фіналісткай Кубка свету і Еўропы.

У пэўны момант са спартыўнай кар’ерай прыйшлося развітацца. У гэтай гісторыі перамагло каханне: Хрысціна Сяргееўна выйшла замуж і нарадзіла дзіця. За плячыма ўжо быў дыплом Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, і новая шчаслівая выпадковасць вырашыла, дзе яго прымяніць.

З маімі вучнямі ў мяне вельмі даверлівыя адносіны: яны бачаць ува мне сябра і таму трымаюцца нашага агульнага шляху. Меж не пераходзяць. Магчыма, мне пашчасціла, што папаліся такія выхаваныя дзеці, магчыма, я з імі праводжу правільную работу, бо ніякай грубасці, заўваг, недаверу з іх боку за ўвесь час не было.

— Неяк я прыйшла ў будынак “Золаку” па асабістых пытаннях. На другім паверсе адчыніла дзверы ў адзін з кабінетаў, і падумала: “Якая прыгожая зала”. Прапанавала дырэктару свае паслугі, і так 10 гадоў назад з’явіўся калектыў “Капрыз”.

Юбілей прафесіяналізму

Многія вучні, якія прыйшлі на першыя заняткі, ходзяць у клуб дагэтуль. Толькі цяпер яны ўжо не сціплыя і нявопытныя дзеці, а чэмпіёны Беларусі і ўдзельнікі сусветных спаборніцтваў. На сённяшні момант тут займаюцца каля 140 вучняў ад 3,5 да 19 гадоў. Калісьці ўсе яны адсеялі іншыя варыянты і выбралі спартыўныя танцы.

— Калі ў нас праходзіў дзень адкрытых дзвярэй 10 гадоў назад, — узгадвае Хрысціна Канаш, — у мяне ўзнік маркетынгавы план: паставіць сподак з цукеркамі на стол, дзе мы давалі інфармацыю пра клуб. Думаю, гэта спрацавала, таму што набор у нас тады быў вялікі. І праз пэўны час, калі я пыталася ў дзяцей, чаму яны вырашылі прыйсці, некаторыя шчыра адказвалі: “У вас былі вельмі смачныя цукеркі”. Пасля пачало працаваць ужо сарафаннае радыё, напэўна.

Калі дзіця прыводзяць на бальныя танцы ў 3,5 года, гэта не значыць, што ў 5 яно бу­дзе паказваць цудоўную тэхніку ў вальсе, танга, румбе і г.д. Навучанне праходзіць паступова. Спачатку развіваюцца харэаграфічныя навыкі: правільная пастава, расцяжка і вываратнасць. А пра астатняе Хрысціна Сяргееўна расказ­ваць адмовілася, сказала, што “методыка і прынцыпы выкладання — гэта ваенна-стратэгічная тайна”.

— У кожнага клуба яны свае з пункту погляду тэхнікі, узаемадзеяння з дзецьмі. З маімі вучнямі ў мяне вельмі даверлівыя адносіны: яны бачаць ува мне сябра і таму трымаюцца нашага агульнага шляху. Меж не перахо­дзяць. Магчыма, мне пашчасціла, што папаліся такія выхаваныя дзеці, магчыма, я з імі праводжу правільную работу, бо ніякай грубасці, заўваг, недаверу з іх боку за ўвесь час не было.

На трэніроўках Хрысціне Канаш добра дапамагае тое, што яна сама калісьці праз іх праходзіла. Педагог можа ўявіць (ці ўзгадаць) сябе на месцы вучняў, калі ў іх узнікаюць нейкія фізічныя, тэхнічныя, псіхалагічныя цяжкасці. А яны існуюць, без гэтага спорт не спорт.

— У першую чаргу, гэта падлеткавыя праблемы. Калі дзіця расце, яно сумняваецца ў правільнасці свайго выбару, і тут прыхо­дзіцца шукаць манеўр, каб патлумачыць усе плюсы і мінусы. Бы­ваюць складанасці пры ўзаемадзеянні ў пары. Мы стараемся іх мірным шляхам вырашаць, але здараецца ўсялякае. Пры неабходнасці шукаем новых партнёраў. І, канечне, тэхніка. Бывае, не атрымліваецца нешта, тады дзіця пачынае вінаваціць сябе. У гэты момант з ім варта паразмаўляць і аказаць падтрымку.

Важная частка спартыўнага жыцця — гэта спаборніцтвы. Дзеці бесперапынна да іх рыхтуюцца, каб падняць самаацэнку, здзівіць гледачоў і сапернікаў, парадаваць любімага трэнера.

— Спаборніцтвы фарміруюць спартыўны дух у дзіцяці, характар, асобу, жаданне перамагчы, — разважае Хрысціна Канаш. — Плюс, калі ты ў стрэсавай сітуацыі, то думаеш, як з яе выйсці, як узяць сябе ў рукі. Да таго ж танцы — гэта не толькі спорт, гэта яшчэ і мастацтва, таму ты павінна паказваць сама, што танцаваць зусім не складана, усміхацца, узаемадзейнічаць з гледачамі. За сваё танцавальнае жыццё ніколі не бачыла на турнірах жорсткасці, мае дзеці зараз таксама не адчуваюць нейкіх падкопаў ад сапернікаў. Усё праходзіць прыстойна.

Пасля спаборніцтваў эмоцыі бываюць рознымі. Перамога ў руках не заўсёды роўная задавальненню.

— Бывае, не ўсё падабаецца ў тэхніцы, — гаворыць педагог. — Здаецца, і месца ёсць, але, як выканаў танец, не падабаецца. Часам наадварот: усё было добра, але перамагчы не змог. Галоўнае, пасля кожнага турніру зрабіць вынікі. Трэба мець правільны настрой і памятаць, што ў спорце важныя як перамогі, так і прой­грышы.

Напэўна, адна з галоўных мар танцора — трапіць на чэмпіянат свету ці якія-небудзь міжнародныя спаборніцтвы, што можна зрабіць дзякуючы перамозе на нацыянальным чэмпіянаце. Для Хрысціны Сяргееўны гэтая сітуацыя знаёмая, бо яе вучні Вадзім Іваш і Ульяна Самохіна так і адправіліся пакараць сусветныя вяршыні.

— Калі я назіраю за тым, як танцуюць мае дзеці, то радуюся за іх поспехі і хвалююся за іх няўдачы значна больш, чым калі танцавала сама. Здараецца, што думаеш: “Вось і я хацела б”. Але гэта не шкадаванне і прыкрасць, а вяртанне ўспа­мінамі ў сваё танцавальнае мінулае.

Для ўсіх

На жаль, існуе стэрэатып, што танцы не падыходзяць для хлопцаў. Як і дзяўчаты ў некаторых сферах успрымаюцца з недаверам. Аднак за вокнамі ХХІ стагоддзе, час ламаць звыклыя меркаванні і даказ­ваць, што для зацікаўленых людзей рамак не існуе. “Капрыз” ідэальна ўпісваецца ў такое жыццё.

— Танцы — адзін з лепшых відаў спорту для фігуры хлопца, для яго ўзаемасувязі ў калектыве, у тым ліку з жаночым полам, і для правільнага баўлення вольнага часу. Здаецца, у мяне атрымалася сцерці гэтыя стэрэатыпы, і дзеці, калі ба­чаць атмасферу ў клубе, цягнуцца да нас.

Чалавек любога ўзроўню падрыхтоўкі і ўзросту можа займацца танцамі, як упэўнена Хрысціна Сяргееўна. Існуе толькі адна ўмова — здароўе. Калі з гэтым пунктам усё добра, то чаму б не па­спрабаваць? Гэта ж адны плюсы: знаёмствы з іншымі людзьмі, парнае ўзаемадзеянне, падтрымка фігуры ў добрым стане (у бальных танцах задзейнічана 90% мышцаў), развіццё мозгу. А калі справа тычыцца фінансавага боку, то і тут усё не так страшна.

— У нашай краіне гэта не вельмі дарагі від спорту. Асноўная трата — касцюм. Але для лацінаамерыканскай і еўрапейскай праграм дастаткова аднаго. Канечне, калі ёсць фінансы, то можна пашыць і больш. З абуткам таксама ўсё даволі дэма­кратычна. Бывае, на год хапае і адной трэніровачнай пары. Калі нага вырасла, то трэба дакупляць. Танцавальныя пары для дарослых трэба дзве, а для дзяцей дастаткова адной.

Каб паехаць на чэмпіянат свету, ты павінен выйграць чэмпіянат Беларусі ці стаць другім. Гэта сістэматычная ўпартая праца для дасягнення сваёй мэты. Дзеці радуюцца перамогам, але яны разумеюць, што рыхтаваліся да гэтага, праходзілі вялікі шлях і проста атрымалі заслужанае.

Але, канечне, свая лыжка дзёгцю ёсць і ў гэтай бочцы.

— Калі гэта спорт высокіх дасягненняў, то і траўмы сустракаюцца даволі сур’ёзныя: і пераломы, і вывіхі, і расцяжэнні. Вельмі цяжка прыходзіцца пальцам на руках і нагах. Гцэтага не пазбегнуць. Ёсць праблемы з фінансаваннем. Тыя, хто ездзіць на чэмпіянаты свету, не спансіруюцца. Усё за грошы танцораў ці іх бацькоў. Пры арганізацыі турніру ты ўсё вымушаны рабіць сам. Нам, напрыклад, вельмі дапамагаюць бацькі вучняў: упрыгожваюць памяшканне, займаюцца арганізацыйнымі момантамі, штосьці манціруюць. Мы спадзяёмся, што пары, якія прадстаўляюць Беларусь у свеце і займаюць добрыя месцы, будуць заўважаны дзяржавай.

А лепшай падтрымкай для танцораў стануць зацікаўленыя вочы і шчырыя апладысменты.

— Людзі бачаць такія праекты, як “Танцы з зоркамі”, “Танцы на ТНТ”, і вядуць сваіх дзяцей у клубы, каб тыя аддавалі свой вольны час гэтаму напрамку. Хочацца, каб беларускія масмедыя таксама больш увагі звярталі на спартыўныя танцы. Кожны год да нас запісваюцца дзеці і іх дастаткова, але заўсёды імкнешся да большага, — выказала пажаданне Хрысціна Сяргееўна.

Захварэць бы!

— У кожнага свой спартыўны век. Хтосьці танцуе вельмі доўга: спачатку ў спартыўных групах, потым пераходзіць у прафесіяналы. Хтосьці заканчвае кар’еру роўна на паступленні, бо сумяшчаць вучобу і танцы цяжка (але магчыма!). Тут усё залежыць ад вольнага часу чалавека, ад жадання, стараннасці і здароўя. Калі не атрымліваецца, хтосьці сыходзіць у педагагічную кар’еру, хтосьці развітваецца з танцамі. Але, пагутарыўшы з многімі людзьмі з нашай сферы, магу сказаць: танцы — гэта хвароба. Хто аднойчы захварэў, у таго гэты “вірус” застанецца назаўсёды.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота прадастаўлены Х.С.Канаш.