Выпадковых людзей сярод настаўніцтва быць не павінна

- 10:45Апошнія запісы, Калегіі, пасяджэнні

17 лютага на базе Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта прайшла калегія Міністэрства адукацыі, дзе падвялі вынікі работы галіны за 2020 год і абмеркавалі алгарытм узаемадзеяння ўсіх зацікаўленых па ўдасканаленні нацыянальнай сістэмы адукацыі. У пасяджэнні калегіі прыняў удзел намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка.

Падзяку прэм’ер-міністра атрымала Л.В.Мартыненка.

“Мінулы год быў няпросты, пандэмія паўплывала на арганізацыю адукацыйнага працэсу. На мой погляд, сістэма адукацыі з гэтым справілася, таму што мы аптымальна выбудоўвалі схему ўзаемадзеяння з органамі аховы здароўя ў вырашэнні эпідэмічных пытанняў. Мы не пайшлі па шляху шэрага краін, якія закрывалі школы і сёння канстатуюць факт, што пагоршылася я­касць адукацыі, а дзеці страцілі да яе дос­туп”, — адзначыў перад пачаткам калегіі міністр адукацыі Ігар Карпенка.

Па яго словах, дыстанцыйная адукацыя шырока прымяняецца ў сістэме вышэйшай школы. “Сёння многія лекцыйныя заняткі право­дзяцца выключна ў дыстанцыйнай форме. Мы таксама актыўна выкарыстоўваем гэтую форму ў навучанні замежных грамадзян. І трэба адзначыць, што, дзякуючы гэтаму, у нас не ўпаў экспарт адукацыйных паслуг, мы яго нават перавыканалі. У мінулым годзе мы зарабілі $82 млн у сістэме адукацыі, у нас вучылася больш за 27 тысяч чалавек са 109 краін свету”, — дадаў міністр.

Адказваючы на пытанне журналістаў наконт лічбаў прыёму ва ўніверсітэты ў гэтым годзе, Ігар Карпенка сказаў: “Цяпер ідзе работа над лічбамі прыёму, а таксама іх абмеркаванне з кожнай канкрэтнай навучальнай установай. Да 1 красавіка яны павінны быць апублікаваны на сайтах устаноў адукацыі. Адразу магу сказаць, што бу­дуць змяншацца на 6% лічбы прыёму на шэраг гуманітарных спецыяльнасцей, у прыватнасці, на эканамічныя і юрыдычныя”.

У сваім выступленні намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка адзначыў, што 2020 год стаў для ўсіх годам выпрабаванняў і праверкі на трываласць, у тым ліку і для сістэмы адукацыі. “Але сёння з упэўненасцю можна ска­заць, што галіна спрацавала стабільна. У ня­простых умовах адукацыйны працэс ва ўстановах адукацыі не быў сарваны, арганізавана прай­шла ўступная кампанія ў ВНУ, кале­джы і ліцэі, і ўвогуле пастаўленыя задачы выкананы. Мы ўступілі ў новую пяцігодку. На цяперашні момант галоўная задача ў сістэме адукацыі — забяспечыць рэалізацыю ўстановак, якія былі агучаны на VI Усебеларускім народным сходзе. Гэта тычыцца развіцця вышэйшай адукацыі, правядзення мала­дзёжнай палітыкі, патрыятычнага выхавання”, — адзна­чыў Ігар Петрышэнка.

Паказчыкі, якіх неабходна дасягнуць у адукацыі да 2025 года, вызначаны ў дзяржаўнай праграме “Адукацыя і маладзёжная палітыка” на 2021—2025 гады. У сістэме дашкольнай адукацыі адна з галоўных задач — яе даступнасць. Віцэ-прэм’ер адзначыў, што на працягу апошніх пяці гадоў практычна вырашана праблема з забяспечанасцю дзяцей месцамі ў дашкольных установах. “За гэты час у рэгіёнах пабудавана больш за 70 дзіцячых садкоў на 14 тысяч месцаў. Яшчэ засталіся адзінкавыя раёны з інтэнсіўнай жыллёвай забудовай, дзе пакуль актуальнае пытанне крокавай даступнасці дзіцячых садоў. У далейшым будзе працягнута інтэнсіўнае будаўніцтва дзіцячых садкоў, і да канца 2025 года запланавана пабудаваць больш за 90 дашкольных устаноў на 21 тысячу месцаў. Большасць з іх — у Мінску і Мінскай вобласці”, — працягваў намеснік прэм’ер-міністра.

Паводле яго слоў, пры ўзвя­дзенні садоў важна ўлічваць не толькі бягучы момант, але і бачыць дзейнасць гэтага сада ў перспектыве. Паколькі ўкладваюцца немалыя бюджэтныя сродкі, то, зна­чыць, і аддача, эфектыўнасць працы дзіцячага садка павінны быць адпаведнымі. “Неабходна разгля­даць, розныя варыянты, у тым ліку адкрыццё сямейных дзіцячых садоў, размяшчэнне ўстаноў або асобных груп на першых паверхах жылых будынкаў. Ёсць адпаведныя станоўчыя прыклады па такіх дзіцячых садах. Трэба больш актыўна прыцягваць інвестараў да будаўніцтва дашкольных устаноў”, — падкрэсліў Ігар Петрышэнка.

Намеснік прэм’ер-міністра таксама спыніўся на пытанні мадэрнізацыі дзіцячых садоў і аснашчэнні іх сучасным абсталяваннем. Ён адзначыў, што трэба забяспечыць у рэгіёнах распрацоўку і рэалізацыю планаў мадэрнізацыі і аснашчэння абсталяваннем на бягучую пяцігодку. “Таксама я лічу, што дзіцячыя сады і школы павінны праходзіць камісійную праверку да пачатку навучальнага года па адзіных патрабаваннях. У сувязі з гэтым неабходна прапрацаваць пытанне аб прыёмцы дзіцячых садоў па правілах, аналагічных для школ”, — сказаў намеснік прэм’ер-міністра.

Ганаровая грамата Міністэрства адукацыі ўручана Т.А.Канавалёнак.

Далей ён спыніўся на сістэме агульнай сярэдняй адукацыі, адзначыўшы, што адной з ключавых задач галіны з’яўляецца забеспячэнне роўнага доступу да якаснай адукацыі для навучэнцаў усіх устаноў, незалежна ад месца іх навучання: у гарадской ці сельскай школе. “Для гэтага праведзена немалая работа. Важным крокам сталі адмена ўступных экзаменаў у гімназіях і замацаванне магчымасці адкрыцця профільных класаў у любой школе, у тым ліку ў сельскай мясцовасці. З мэтай замацавання кадраў з 2019 года БПС-Сбербанкам і Міністэрствам адукацыі рэалізуецца праграма “Настаўнік для Беларусі”, — адзначыў віцэ-прэм’ер.

Разам з тым, па яго меркаванні, трэба больш увагі ўдзя­ляць развіццю здольных сельскіх школьнікаў:  актыўней далучаць іх да алімпіяднага руху, запрашаць у Дзіцячы тэхнапарк.

Асаблівай увагі патрабуе арганізацыя выхаваўчай, патрыятычнай і ідэалагічнай работы з моладдзю. Ігар Петрышэнка адзначыў, што трэба яшчэ раз паглядзець і ўзмацніць выхаваўчы аспект у адукацыі. “Тэарэтычныя асновы выхаваўчай, патрыятычнай, ідэалагічнай работы павінны распрацоўваць профільныя ўстановы, у нас ёсць Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы, Нацыянальны інстытут адукацыі, РІПА, Акадэмія паслядыпломнай адукацыі. У рэгіёнах гэтай працай павінны займацца інстытуты развіцця адукацыі”, — адзначыў віцэ-прэм’ер.

Але ж асноўны упор павінен рабіцца на практычныя дзеянні, каб студэнты і навучэнцы не былі аддадзены на водкуп сацыяльным сеткам і блогерам. Намеснік прэм’ер-міністра прапанаваў узмацніць выхаваўчую, патрыятычную і ідэалагічную работу з дапамогай дзейнасці рэспубліканскіх цэнтраў дадатковай адукацыі, якія маюць філіялы ў рэгіёнах. 

“Асаблівая тэма — гэта грамадскія маладзёжныя аб’яднанні. Наша задача — максімальна задзейнічаць іх у інтарэсах дзяржавы. Трэба шырэй выкарыстоў­ваць патэнцыял БРСМ у рэалізацыі выхаваўчай, патрыятычнай і ідэалагачнай работы, ставіць перад ім канкрэтныя задачы і патраба­ваць іх выканання. Крытэрыямі якасці працы аб’яднання павінны стаць ахоп моладзі і зацікаўленасць маладых людзей у справах і праектах БРСМ. А Саюзу моладзі неабходна распрацаваць стратэгію свайго развіцця — гэта дазволіць ажыццявіць адзіныя падыходы і комплексны характар у рабоце з моладдзю на доўгатэрміновую перспектыву”, — лічыць Ігар Петрышэнка.

Віцэ-прэм’ер падкрэсліў, што ролю выхавальніка, настаўніка, кіраўніка ўстановы адукацыі складана пераацаніць: “Ад вашай працы залежыць і якасць набытых ведаў, і тое, якія жыццёвыя ўстаноўкі атрымае моладзь. Сёння гэта асабліва актуальна. Трэба разумець, што паводзіны педагога, яго думкі і меркаванні — гэта прыклад для навучэнцаў, таму да падыходу і расстаноўкі кадраў патрэбна павышаная ўвага. Выпадковых лю­дзей сярод настаўніцтва быць не павінна”.

Дырэктар сярэдняй школы № 1 Ліды Сяргей Фанасаў гаварыў пра павышэнне эфектыўнасці адукацыйнага працэсу ва ўмовах лічбавай трансфармацыі. “Лічбавая трансфармацыя адукацыйнага працэсу разглядаецца намі як інавацыйная кіраўнічая задача, што мае на ўвазе стварэнне і развіццё інфармацыйна-камунікацыйнай прасторы ўстановы адукацыі”, — адзначыў Сяргей Анатольевіч.

Каб развіваць інфармацыйна-адукацыйнай прастору, у школе пастаянна ўдасканальваецца матэрыяльна-тэхнічная база. Робіцца гэта за кошт пазабюджэтных, бюджэтных і спонсарскіх сродкаў. За тры апошнія гады колькасць камп’ютараў унутранай лакальнай сеткі павялічана з 80 да 101, ва ўсіх прадметных кабінетах устаноўлены інтэрактыўныя комплексы (камп’ютар з выхадам у інтэрнэт + тэлебачанне). У пяці кабінетах устаноўлены інтэрактыўныя дошкі або інтэрактыўныя панэлі. Дзякуючы дзяржаўнай праграме па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы кабінетаў, у 2020 годзе школа атрымала тры інтэрактыўныя панэлі. Сумесна з Паркам высокіх тэхналогій адкрыты кабінет робататэхнікі.

На аснове лакальнай сеткі, якая аб’ядноўвае камп’ютары ўсіх кабінетаў, створана адзіная інфармацыйная адукацыйная прастора школы. Кожны педагог мае доступ да віртуальных кабінетаў, баз даных, архіваў уваходнай электроннай пошты, фатаграфій, загадаў. Настаўнікі маюць магчымасць перадаваць і капіраваць любыя матэрыялы, ажыццяўляць сумеснае рэдагаванне дакументаў, абменьвацца паведамленнямі, што ў сваю чаргу дазваляе аператыўна прымаць кіраўніцкія рашэнні.

“Сфарміравана 18 віртуальных кабінетаў па ўсіх прадметах вучэбнага плана, віртуальныя метадычныя кабінеты вучэбнай і выхаваўчай работы, што дазваляе ўдасканальваць работу з педагагічнымі кадрамі, спрыяе павышэнню якасці арганізацыі адукацыйнага працэсу, эканоміць час і забяспечвае хуткі прафесійны рост маладых спецыялістаў. Вядучай стратэгіяй у кіраванні лічым удасканаленне інфармацыйна-камунікацыйнай кампетэнтнасці педагогаў. Таму ў школе і на ўзроўні раёна праводзяцца тэматычныя семінары, конкурсы, ініцыіруецца павышэнне кваліфікацыі ў дыстанцыйнай форме на базе абласнога інстытута развіцця, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі”, — расказаў дырэктар школы.

У выніку, дзякуючы мэтанакіраванай працы педагогі школы не толькі актыўна выкарыстоўваюць інфармацыйныя і воблачныя тэхналогіі ў сваёй педагагічнай дзейнасці, але і ствараюць электронныя вучэбныя матэрыялы, актыўна ўдзельнічаюць у даследчых і праектных формах работы з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, неаднаразова перамагалі на рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”.

“Ужо чатыры гады на сайце нашай школы працуе праект “On-Line школа” па ўсіх прадметах вучэбнага плана. Задзейнічаны ўсе педагогі. Ідэя On-Line школы заключаецца не ў дыстанцыйным навучанні, а ў дыстанцыйным суправаджэнні навучання. На гэтай платформе кожны настаўнік у любы час, не звяртаючыся да адміністратара сайта (праз свой Google-дыск), можа размясціць любыя электронныя матэрыялы, якія выкарыстаў на ўроку. Вучань мае магчымасць дома паўтарыць і замацаваць матэрыял. Для работы яму неабходна зайсці на сайт школы, выбраць вучэбны прадмет, настаўніка, неабходную папку або дакумент. Гэты праект у поўнай меры прадэман­страваў свае магчымасці ў чацвёртай чвэрці мінулага навучальнага года, калі выкарыстоўваўся для арганізацыі работы навучэнцаў, якія займаліся дома”, — паведаміў Сяргей Анатольевіч.

Падзяку Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь атрымаў І.М.Бойка.

Акрамя таго, развіццё інфармацыйна-камунікацыйнай прасторы дазваляе ўдасканальваць выхаваўчы працэс, актывізуе ўзаемадзеянне педагога з навучэнцамі і бацькамі ў віртуальнай прасторы, спрыяе развіццю дзіцячай і маладзёжнай ініцыятывы. На сайце школы размешчаны матэрыялы інтэрнэт-праектаў, прафарыентацыйныя матэрыялы, пазітыўны вопыт сямейнага выхавання, матэрыялы праекта “Школа актыўнага грамадзяніна”, штомесячны школьны выпуск інфармацыйнай праграмы “Пяць мінут пра галоўнае”, анлайн-віктарыны.

“Важным складнікам лічбавай трансфармацыі адукацыі з’яўляецца камунікатыўнае ўзаемадзеянне. Мы актыўна выкарыстоўваем для работы з навучэнцамі сацыяльныя сеткі. У сацыяльнай сетцы арганізавана работа дзіцячых call-цэнтраў “Міласэрнасць”, “Моладзь сярэдняй школы № 1 Ліды”, “БРПА сярэдняй школы № 1 Ліды”, з лютага 2020 года рэалізоўваецца анлайн-праект “Ліда — горад мужнасці”. Актыўна выкарыстоўваючы ў рабоце з навучэнцамі сацыяльныя сеткі, не пакідаем без увагі і праблему бяспечных паво­дзін у іх дзяцей. У школе праводзіцца цэлы комплекс узаемазвязаных мерапрыемстваў па фарміраванні бяспечнага анлайн-асяроддзя для дзяцей і дарослых па прынцыпе роўнага навучання, працуе група валанцёраў “Тэрыторыя бяспечнага інтэрнэту”, — працягваў дырэктар сярэдняй школы № 1 Ліды.

Вядома ж, школам патрэбен быў рэсурс, каб аб’яднаць метадычны вопыт настаўнікаў, акумуляваць іх дыдактычныя напрацоўкі. І такім важным крокам для лічбавай трансфармацыі адукацыйнага працэсу і заканамерным вынікам развіцця ў Беларусі інфармацыйнага грамадства з’яўляецца стварэнне партала “Адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс”. У падрыхтоўцы матэрыялаў, размешчаных на партале, прынялі ўдзе­л і педагогі сярэдняй школы № 1 Ліды.

“Нягледзячы на тое што адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс працуе ў тэставым рэжыме, ён ужо заваяваў сваю аўдыторыю сярод навучэнцаў і педагогаў. Навучэнцы атрымалі магчымасць вывучыць або паўтарыць вучэбны матэрыял, ажыццявіць самакантроль. З’явілася пляцоўка, якая дапаможа ўдасканальваць арганізацыю адукацыйнага працэсу”, — падкрэсліў Сяргей Фанасаў.

“Арганізацыя апераджальнай падрыхтоўкі кадраў для высокатэхналагічных вытворчасцей” стала тэмай выступлення дырэктара філіяла “Каледж сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе” РІПА Арцёма Рыбака. Эканамічная палітыка дзяржавы, у адпаведнасці з Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021—2025 гады, накіравана на ўстойлівы рост праз павышэнне прадукцыйнасці працы і стварэнне новых працоўных месцаў. “Выканаць названыя задачы, на наш погляд, магчыма праз арганізацыю апераджальнай падрыхтоўкі кадраў, якую мы разглядаем у двух аспектах. З аднаго боку, як абнаўленне зместу адукацыйных праграм і адкрыццё новых спецыяльнасцей, уключаючы вывучэнне сучасных тэхналогій, якія яшчэ толькі плануецца ўкараняць на вытворчасцях, з другога боку, як своечасовае перанавучанне работнікаў прадпрыемстваў, якія падлягаюць вызваленню ў рамках мадэрнізацыі вытворчасцей або перамяшчэнню на новыя працоўныя месцы”, — адзначыў Арцём Яўгенавіч.

Асноўная праблема пры арганізацыі апераджальнай падрыхтоўкі і адкрыцці новых спецыяльнасцей — вызначыць, які спецыяліст бу­дзе запатрабаваны на рынку працы. Ключ у вырашэнні праблемы — удасканаленне механізмаў узаемадзеяння адукацыі і арганізацый рэальнага сектара, адным з якіх з’яўляецца распрацоўка прафесійных стандартаў.

Адным з першых у прамысловасці распрацаваны і зацверджаны ў студзені 2020 года прафесійны стандарт на такі від працоўнай дзейнасці, як “Распрацоўка, абслугоўванне і эксплуатацыя аўтаматызаваных ліній у машынабудаванні”. “У яго распрацоўцы прымалі ўдзе­л не толькі прадстаўнікі вядучых прадпрыемстваў машынабудавання, Мінпрама, РІПА, але і выкладчыкі нашага каледжа і БНТУ. На аснове прафесійнага стандарту пры каардынацыі РІПА распрацаваны адукацыйны стандарт і з 1 верасня 2020 года адкрыта падрыхтоўка па новай спецыяльнасці — “Эксплуатацыя мехатронных сістэм прамы­словага абсталявання”, — заўважыў Арцём Яўгенавіч.

Каб забяспечыць якасць пад­рыхтоўкі кадраў па новай спецыяльнасці, у каледжы абноўлена матэрыяльна-тэхнічная база, функцыянуе рэсурсны цэнтр, дзе сканцэнтравана найноўшае абсталяванне. “Вынікі навучання ў рэсурсным цэнтры паказалі, што навучэнцы маюць дастаткова высокі ўзровень вучэбнай матывацыі да вывучэння сучаснага абсталявання, інавацыйных тэхналогій і дэманструюць адпаведныя кампетэнцыі пры выкананні праверачных работ. Асаблівую цікавасць у навучэнцаў выклікала знаёмства з тэхналогіямі лічбавага завода, прадстаўленымі ў лабараторыі “Індустрыя 4.0 і мехатроніка”. Лабараторыя створана па міжнародных стандартах цэнтраў па навучанні кампетэнцыям будучыні.

У снежні 2019 года лабараторыя атрымала афіцыйны статус міжнароднага вучэбнага цэнтра па тэхналогіі індустрыі 4.0 і мехатроніцы, што дазваляе нам арганізаваць апераджальную падрыхтоўку кадраў для высокатэхналагічных вытворчасцей нашай краіны і рэалізоўваць экспартна арыентаваныя праграмы, у тым ліку сумесна з профільнымі факультэтамі ўніверсітэтаў”, — працягваў дырэктар.

Важным напрамкам у апераджальнай падрыхтоўцы кадраў з’яўляецца уключанасць прадпрыемстваў у прафарыентацыйную работу. Напрыклад, адзін з партнёраў каледжа — кіруючая кампанія холдынга “Ніва-Холдынг” у Салігорску — загадзя прагназуе патрэбы ў кадрах на некалькі гадоў наперад і праводзіць прафарыентацыйную работу з навучэнцамі мясцовых школ.

“Зыходзячы з нашага вопыту, з кожным годам патрэба ў выпускніках машынабудаўнічага профілю ўзрастае, а колькасць выпускнікоў узроўню ПТА і ССА не становіцца большай, і закрыць 100-працэнтную патрэбу ў кадрах не ўяўляецца магчымым. Акрамя таго, мадэрнізацыя вытворчасцей патрабуе навучання (перанавучання) новым тэхналогіям не толькі беспрацоўных, але і тых, хто працуе на прадпрыемстве. Гэтыя задачы могуць вырашацца за кошт адукацыйных праграм дадатковай адукацыі дарослых па рабочых прафесіях на базе рэсурсных цэнтраў у цесным узаемадзеянні арганізацый і ўстаноў адукацыі.

У гэтым кірунку паказальны вопыт супрацоўніцтва нашага кале­джа з холдынгам “Амкадор”, у якога прагназуецца на працягу года патрэба для прадпрыемстваў холдынга больш за 70 чалавек у сувязі з павелічэннем аб’ёму вытворчасці. Колькасць выпускнікоў кале­джа па машынабудаўнічым профілі ў год каля 100 чалавек, і іх чака­юць на многіх базавых прадпрыем­ствах (МТЗ, МЗКЦ, “Пеленг” і інш.). Гэта значыць, патрэбу “Амкадора” за кошт выпуску маладых спецыялістаў мы не можам забяспе­чыць. Але каб вырашыць гэтае пытанне, ААТ “Амкадор-Унімод” набрала 13 чалавек з ліку незанятага дарослага насельніцтва, якія хочуць атрымаць працоўнае месца на прадпрыемстве, падключыла да гэтай работы службу занятасці і накіравала ў каледж на навучанне па адукацыйнай праграме перападрыхтоўкі па прафесіі рабочага аператар станкоў з праграмным кіраваннем”. У планах — працяг­нуць гэтую практыку супрацоўніцтва.

На жаль, не так шмат падобных прыкладаў, калі прадпрыемствы не чакаюць чарговага выпуску маладых спецыялістаў, а звяртаюцца ў рэсурсны цэнтр для своечасовага перанавучання дарослых. Адной з прычын, на наш погляд, з’яўляецца адсут­насць фінансавых рэсурсаў для аплаты навучання або павышэння кваліфікацыі сваіх работнікаў. І гэта тое пытанне, якое не вырашаецца толькі ў сістэме адукацыі: яно патрабуе дадатковай прапрацоўкі і кансалідацыі намаганняў усіх зацікаўленых бакоў у забеспячэнні эфектыўнай занятасці і развіцці кадравага патэнцыялу нашай краіны”, — адзначыў Арцём Яўгенавіч Рыбак.

Пра шляхі ўдасканалення сі­стэмы выхаваўчай работы з моладдзю гаварылі рэктар Віцеб­скага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава Валянціна Багатырова, начальнік упраўлення па адукацыі Бабруйскага гарвыканкама Алена Лісіца. Іх выступленні чытайце далей у гэтым нумары газеты.

Ганаровыя граматы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь атрымалі:

дырэктар Ждановіцкай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната Іна Вітольдаўна Волчак;

настаўнік-дэфектолаг Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 75 Мінска Наталля Уладзіміраўна Шчэрба.

Падзякамі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь адзначаны:

выкладчык спецыяльных дысцыплін Гомельскага прафесійна-тэхнічнага каледжа электратэхнікі Андрэй Уладзіміравіч Дробаў;

настаўнік працоўнага навучання і чарчэння сярэдняй школы № 8 Оршы Андрэй Аляксеевіч Паўлаў.

Падзякі Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь былі ўручаны:

выкладчык спецыяльных дысцыплін Гомельскага аўтамеханічнага каледжа Уладзімір Аляксандравіч Асадчы;

намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Мінскага каледжа сферы абслугоўвання Святлана Мікалаеўна Дзядзюля;

настаўнік працоўнага навучання Мацвееўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Івана Мікалаевіча Бойка;

кіраўнік фізічнага выхавання ясляў-сада № 3 Дуброўна Ала Мікалаеўна Троцкая.

Падзякі Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь атрымалі:

выхавальнік Мінскага прафесійнага ліцэя № 10 будаўніцтва імя І.М.Жыжаля Вольга Анатольеўна Конава;

настаўніца англійскай мовы гімназіі № 7 Мінска Людміла Віктараўна Мартыненка;

загадчык Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Магілёва Таццяна Юр’еўна Швяцова;

дацэнт кафедры філасофіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Сняжана Здзіславаўна Семярнік;

выкладчык Віцебскага політэхнічнага каледжа Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Анатолій Сяргеевіч Шандрыкаў.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.