Выпрабаванне Эльбрусам

- 17:50Адукацыйная прастора

“Лепш за горы могуць быць толькі горы, на якіх ты яшчэ не бываў”, — сцвярджаў у сваіх вершах Уладзімір Высоцкі. З яго меркаваннем згодны выхаванцы і педагогі Слуцкага цэнтра турызму — удзельнікі клуба арыентавання “Случ”, якія штогод спяшаюцца да новых прыгод і новых вяршынь. Сёлета яны пакарылі Эверэст.

Кожнае лета выхаванцаў Слуцкага цэнтра турызму напоўнена падарожжамі. Яны ўздоўж і ўпоперак абхадзілі Карэлію, сплаўляліся па горных рэчках на Кольскім паўвостраве, пабывалі ў Альпах і здзейснілі мноства турыстычных паходаў. Сёлета падлеткі ўзняліся на найвышэйшую кропку Еўропы. Дарэчы, настолькі юныя турысты не часта спрабуюць свае сілы на такім няпростым горным аб’екце. А слуцкія школьнікі робяць гэта ўжо другі раз. 10 гадоў назад іншая група выхаванцаў Слуцкага цэнтра турызму, у склад якой уваходзілі навучэнцы 9 класаў, ужо ўзнімалася на Эльбрус.

Сёлета ў склад групы ўвайшлі сем школьнікаў Слуцка — навучэнцы школ горада ва ўзросце 14—18 гадоў: Алеся Дзічкоўская, Карына Краўчанка, Карына Шпакоўская, Уладзіслаў Вярынскі, Ілья Новак, Павел Мартынаў, Глеб Сяўрук. Яны не навічкі і маюць добрую фізічную падрыхтоўку. Усе дзеці — удзельнікі зборнай Рэспублікі Беларусь, якая прадстаўляла сёлета нашу краіну на чэмпіянаце Еўропы па спартыўным арыентаванні. Суправаджалі іх педагогі дадатковай адукацыі Слуцкага цэнтра турызму Дзмітрый Міхайлавіч Краўчанка і Кацярына Аляксандраўна Краўчанка. Яны здзейснілі горны паход другой катэгорыі складанасці па Цэнтральным Каўказе, кульмінацыяй якога стала пакарэнне Эльбруса.

Паход доўжыўся два тыдні, а ўзыходжанне на Эльбрус заняло тры дні. Каб адаптавацца да вышыні, турысты рабілі тры прыпынкі. На сваім шляху ім давялося вытры-маць выпрабаванне надвор’ем — снег, град, маланкі не напужалі юных турыстаў, як і моцны вецер з марозам, што сустрэлі пры падыходзе да вяршыні.

— Пераадольваць усе перашкоды падлеткам дапамагала падтрымка адно аднаго, камандны дух, — расказвае Кацярына Аляксандраўна Краўчанка, педагог дадатковай адукацыі. — Дзеці вельмі дружныя. Гэта сфарміраваны калектыў, які дзейнічае як адзіны арганізм. Кожны гатовы дапамагчы сябру, падтрымаць. Прыемна назіраць, якія яны адказныя, сабраныя, дасведчаныя. Яны займаюцца ў клубе ўжо некалькі гадоў, прайшлі разам мноства няпростых кіламетраў, і гэтыя падарожжы дапамаглі праявіцца іх лепшым чалавечым якасцям.

Падлеткі ўпэўнена ішлі да сваёй мэты. І вось ён — Эльбрус, які пакарыўся слуцкім школьнікам і назаўсёды застанецца адным з самых яркіх успамінаў. Успамінаў аб падарожжы і сапраўдным сяброўстве.

— Гэта мой першы паход за межамі Беларусі. І адразу такая мэта — Эльбрус! — дзеліцца ўражаннямі Ілья Новік. — Самымі складанымі былі першыя дні, пакуль цела прывыкла да працяглай хады з цяжкім рукзаком за плячыма. А самымі прыемнымі момантамі былі невялічкія сюрпрызы, якія кожны ўдзельнік групы падрыхтаваў загадзя. У складаныя хвіліны мы па чарзе радавалі імі таварышыў. І хоць было няпроста, ні на хвіліну не пашкадаваў, што адправіўся ў такое падарожжа. Па-першае, гэта было выпрабаванне ўласных сіл. Я адчуў вялікі гонар, што дасягнуў пастаўленай мэты. Па-другое, прыемна ўсвядоміць, што навокал мноства добрых, годных людзей. Гэта і мае надзейныя сябры, і турысты з іншых краін, якія ўзнімаліся на Эльбрус. Мы сустрэлі шмат добразычлівых, дружалюбных людзей, гатовых прыйсці на дапамогу.

Дар’я РЭВА.
Фота з уласнага архіва Д.М.КРАЎЧАНКІ.