Удзельнікі руху WorldSkills крочаць па вялікім шляху да сусветных вяршынь. Зараз гэты шлях праходзіць праз абласны этап Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства. Першыя абласныя спаборніцтвы прайшлі на Гомельшчыне і Міншчыне. У хуткім часе абласныя старты адбудуцца ва ўсіх рэгіёнах краіны.
На Міншчыне вызначалі лепшых у вобласці па прафесійнай кампетэнцыі “Эксплуатацыя сельскагаспадарчых машын”. Спаборніцтвы прайшлі на базе Смілавіцкага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя.
13 прадстаўнікоў устаноў адукацыі вобласці ўзялі ўдзел у конкурсе па прафесіях трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці, слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання.
Конкурсныя іспыты патрабавалі правесці тэхнічнае абслугоўванне газаразмеркавальнага механізма і рэгуляванне паліўнай апаратуры рухавіка, падрыхтаваць да камплектавання і скамплектаваць ворны машынна-трактарны агрэгат.
Эксперты, якія ацэньвалі канкурсантаў, звярталі ўвагу на выкананне патрабаванняў аховы працы, санітарных норм і правіл, экалагічнай бяспекі, а таксама ўменне арганізаваць рабочае месца, працаваць з абсталяваннем і інструментам.
Па выніках конкурсу пераможцам стаў Мікалай Грыбко, навучэнец Смілавіцкага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя.
Конкурс стаў не толькі захапляючым спаборніцтвам, але і прафарыентацыйным мерапрыемствам — за тым, як юнакі спрытна працуюць з тэхнікай, назіралі навучэнцы мясцовых школ.
Таксама на Міншчыне прайшлі абласныя спаборніцтвы па кампетэнцыях “Праграмнае рашэнне для бізнесу”, “Вэб-дызайн і распрацоўка”, “Графічны дызайн” і “Візуальны мерчандайзінг”.
Дар’я РЭВА.
Фота Марыі АРЭХ.