Выпрацаваць сістэму навучання рашэнню разліковых задач

- 17:12Магілёў

БАБАК Святлана Аляксандраўна,
настаўніца хіміі гімназіі Глуска.

Скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці “Хімія”. Педагагічнае крэда: “Веды не дзеля ведаў, а для жыцця”.

Намінацыя “Хімія, біялогія”

У сваёй рабоце Святлана Аляксандраўна прытрымліваецца дзейнаснага падыходу, фарміруе ў навучэнцаў уменне дзейнічаць у розных сітуацыях, прымяняць атрыманыя веды на практыцы, у штодзённым жыцці. Вынікі анкетавання навучэнцаў 7—11 класаў паказалі, што рашэнне разліковых задач выклікае ў іх найбольшыя цяжкасці пры вывучэнні хіміі. Настаўніца стараецца выпрацаваць такую методыку навучання рашэнню задач, якая не толькі звязала б усе тыпы разлікаў у адзіную сістэму, аб’яднала веды па хіміі, фізіцы, матэматыцы, але і спрыяла стварэнню добрага адукацыйнага асяроддзя, не адштурхоўвала навучэнцаў пры ўзнікненні цяжкасцей, а падахвочвала да іх пераадолення. На працягу сваёй педагагічнай дзейнасці С.А.Бабак спрабуе розныя прыёмы навучання рашэнню разліковых хімічных задач, аналізуе вынікі самастойных, праверачных, кантрольных работ навучэнцаў. Яна прымяняе падыход, пры якім задача выступае як аб’ект стараннага вывучэння, а яе рашэнне — як аб’ект канструявання і вынаходства. У гэтым выпадку школьнікі вучацца лагічна мысліць, творча прымяняць тэарэтычныя веды ў нечаканых для іх сітуацыях. Святлана Аляксандраўна прывучае школьнікаў да складання пытанняў, правільнага запісу рашэння і, канечне, аналізу выніку, прадумвае сістэму задач, якія паслядоўна ўскладняюцца. Каб задачы абуджалі думку і развівалі мысленне, яны павінны быць пасільнымі. Вялікае значэнне мае ўменне настаўніка грунтавацца на ведах вучняў, атрыманых пры вывучэнні іншых прадметаў, гэта значыць выкарыстоўваць міжпрадметныя сувязі, а таксама на ведах, атрыманых на папярэдніх вучэбных занятках па прадмеце.

На другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі праграмай па хіміі прадугледжана некалькі тыпаў разліковых задач. Для іх паспяховага засваення настаўніца прапаноўвае навучэнцам складаць схемы, якія адлюстроўваюць якасны і колькасны склад рэчываў. Такія схемы часта выкарыстоўваюцца пры рашэнні задач цэнтралізаванага тэсціравання і алімпіядных задач, што дазваляе хутка і проста атрымаць адказ, а складанне схем — часта адзіны спосаб рашэння. Вынікі праверачнай работы паказваюць, што магчыма дабіцца поўнага засваення матэрыялу.

Пасля таго як школьнікі навучыліся складаць схемы, можна пачынаць вылічэнне адноснай малекулярнай і адноснай формульнай масы. На гэтым этапе разам з навучэнцамі Святлана Аляксандраўна запаўняе табліцы “Фізічныя велічыні ў хіміі” — сістэматызуе веды пра масу рэчыва, адносную атамную масу элемента, адносную малекулярную (формульную) масу рэчыва. Вялікая колькасць падобных паняццяў выклікае блытаніну, цяжкасці пры рашэнні. Далей папярэднія схемы пераўтвараюцца ў выраз для разліку адноснай малекулярнай масы.

Вопыт паказвае, што сумяшчэнне схем і выразаў для разліку адноснай малекулярнай масы практычна выключае памылкі ў вылічэннях, знімае цяжкасці пры выкарыстанні вялікай колькасці сімвалаў. Пры навучанні вылічэнню масавай долі элемента па хімічнай формуле рэчыва настаўніца звяртае ўвагу навучэнцаў на тое, што трэба аперыраваць такімі паняццямі, як працэнт і прапорцыя, з якімі школьнікі знаёмяцца на ўроках матэматыкі ў 6 класе, і афармляць рашэнне задач як у фізіцы.

Святлана Аляксандраўна прапаноўвае навучэнцам скласці і рашыць прапорцыю, выкарыстоўваючы схемы, а таксама прымяняючы ўменне разлічваць адносную малекулярную масу рэчыва, — разлічыць масавую долю элемента ў рэчыве. Навучэнцы параўноўваюць атрыманы лікавы выраз з разліковай формулай, прыведзенай у вучэбным дапаможніку. У далейшым самі выбіраюць спосаб рашэння: выкарыстоўваць прапорцыю або разліковую формулу. Веданне разліковых формул, безумоўна, неабходна, але часта ва ўмовах кантролю ведаў (праверачная, кантрольна работа, ЦТ) навучэнцы звяртаюцца да тых ведаў, якія адпрацаваны на большай колькасці матэрыялу. Задача настаўніка — паказаць магчымыя спосабы рашэння.

Пры навучанні вылічэнню хімічнай колькасці рэчыва па яго масе і масы рэчыва па яго хімічнай колькасці, вылічэнню хімічнай колькасці газу па яго аб’ёме і аб’ёму газу па яго хімічнай колькасці найбольшую цяжкасць выклікае ўвядзенне паняцця “хімічная колькасць рэчыва”. Добрыя вынікі дае паступовае запаўненне табліцы хімічных велічынь па меры ўвядзення новых паняццяў (хімічная колькасць рэчыва, колькасць структурных адзінак, пастаянная Авагадра, малярная маса, малярны аб’ём), складанне схемы, якая адлюстроўвае ўзаемасувязь паміж фізічнымі велічынямі.

Работу па падрыхтоўцы навучэнцаў да рашэння задач з выкарыстаннем хімічных ураўненняў рэакцый Святлана Аляксандраўна пачынае на этапе тлумачэння закона захавання масы рэчыва, складання ўраўненняў хімічных рэакцый. Наступным этапам з’яўляецца складанне ўраўненняў хімічных рэакцый па тэксце. Пасля таго як навучэнцы разабраліся з умовамі задач, пачынаюць іх рашаць. Пры тлумачэнні рашэння педагог выкарыстоўвае метад алгарытмаў, а таксама прапаноўвае скласці лагічную схему. Паспяховае ўменне рашаць задачы па хіміі фарміруецца і замацоўваецца толькі пры ўмове бесперапыннай работы ў гэтым кірунку на працягу ўсяго курса хіміі. Паказчыкам эфектыўнасці такога падыходу да навучання з’яўляецца: павышэнне якасці ведаў па прадмеце, павышэнне матывацыі да вывучэння хіміі, выбар навучэнцамі хіміка-біялагічнага профілю; паступленне выпускнікоў у вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя медыцынскія, ветэрынарныя, тэхналагічныя навучальныя ўстановы; праяўленне індывідуальных асаблівасцей навучэнцаў, удзел у алімпіядным руху.