Выпрацоўку стратэгічных рашэнняў не трэба сумяшчаць з вырашэннем актуальных пытанняў

Беларуска-расійская група па інтэграцыі, якая створана па рашэнні прэзідэнтаў Беларусі і Расіі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, павінна будзе выпрацаваць сумесную праграму дзеянняў. Аб гэтым заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі і Расіі Уладзімір Сямашка.

“Гэта працяглы, няпросты працэс, — сказаў пасол. — Трэба разабрацца, што зроблена ў рамках саюзнага дагавора 1999 года, што не зроблена і па якой прычыне, а што можа і рабіць ужо не трэба, яно не актуальна. І наадварот, жыццё дыктуе нейкія новыя пытанні, якія трэба вырашыць. Гэта будзе цэлая праграма. Зыходзячы з майго вопыту, гэта зойме паўтара, два гады, можа і больш”.

На думку Уладзіміра Сямашкі, не трэба сумяшчаць два напрамкі беларуска-расійскага ўзаемадзеяння. “Адзін з іх — работа гэтай групы і выпрацоўка нейкіх рэкамендацый, — растлумачыў ён. — Трэба напрацаваць цэлую базу пэўных праектаў заканадаўчых актаў, потым прайсці ўсе ўнутрыдзяржаўныя працэдуры, узгадніць, потым вынесці, можа, нешта і на рэферэндум — напэўна, нешта давядзецца і ў Расіі, і ў Беларусі. І толькі потым зацвердзіць і прыняць пэўныя стратэгічныя рашэнні. А паралельна трэба вырашаць тыя пытанні, якія сёння актуальныя, жыццёвыя”.

Гаворачы аб маючай адбыцца 13 лютага сустрэчы прэзідэнтаў Беларусі і Расіі, пасол адзначыў, што яе тэмы ўжо абазначаны. “Перш за ўсё гэта парадак работы і напрамкі той рабочай групы, якая была створана рашэннем прэзідэнтаў і якую ўзначальваюць два міністры эканомікі: з расій­скага боку Арэшкін, з беларускага — Крутой. Відаць, ім ужо давядзецца даць справаздачу, што зроблена, як зроблена, па якіх напрамках яны працуюць і куды далей рухацца”, — сказаў пасол.

Уладзімір Сямашка падзяліўся сваім адчуваннем, што папярэднія раўнды перагавораў на вышэйшым узроўні, якія адбыліся 25 і 29 снежня мінулага года, праходзілі ў канструктыўным рэчышчы. “Хто б як ні каменціраваў, бакі, асабліва 29 снежня, зблізіліся ў разуменні таго, што нешта трэба рабіць і што рабіць, — адзначыў пасол. — Я амаль на сто працэнтаў упэўнены, што 13 лютага будзе вырашэнне гэтых пытанняў — і падатковага манеўру, і што тычыцца нафты і газу і г.д. Ёсць і іншыя актуальныя тэмы — мяса-малочная, пытанні ўзаемных паставак тэхнікі. Такая тэматыка, хутчэй за ўсё, будзе пераважаць на сустрэчы 13 лютага”.