Выправіць сітуацыю неабходна ў першым паўгоддзі

- 10:41Інфармацыйная гадзіна

Сітуацыя з экспартам павінна быць выпраўлена ў I паўгоддзі, заявіў Прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас на пасяджэнні Савета Міністраў аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця.

У I квартале выканана 6 з 7 найважнейшых параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця. Не выкананы толькі паказчык па экспарце тавараў і паслуг (98,1 працэнта пры заданні 100,5 працэнта), аднак па выніках I паўгоддзя трэба выправіць сітуацыю. “Падпісана распараджэнне прэзідэнта аб устанаўленні персанальнай адказнасці прэм’ер-міністра за рост эканомікі за кошт знешніх фактараў і за выкананне паказчыкаў па экспарце. Мы ў найбліжэйшы час установім алгарытм, як мы будзем працаваць па экспарце, каб тыя міністэрствы, дзяржорганы, пасольствы, якія не выконваюць гэты паказчык, штомесяц адчувалі напружанне і па выніках паўгоддзя мы ўвайшлі ва ўстаноўленыя заданні”, — сказаў Сяргей Румас.

За студзень — сакавік экспарт тавараў знізіўся на $250 млн — гэта на 3,2 працэнта ніжэй, чым у аналагічным перыядзе 2018 года. Знізіліся аб’ёмы экспарту прадуктаў нафтаперапрацоўкі, грузавых аўтамабіляў, машын для ўборкі сельгаскультур, электрычных трансфарматараў. “Істотна прыраслі па экспарце паслуг у IT-сферы — 30 працэнтаў, дабавілі ў сферы транспартных паслуг 2,5 працэнта. Але правалілі па іншых пазіцыях. Як, напрыклад, па будаўнічых, інжынерных і архітэктурных паслугах — зніжэнне склала 1,5 разу”, — канстатаваў прэм’ер-міністр.

У цэлым рост эканомікі ў бягучым годзе забяспечаны пры захаванні макраэканамічнай збалансаванасці. Узровень інфляцыі ўтрымліваецца ў межах запланаваных значэнняў, забяспечана дадатнае сальда знешняга гандлю ($433 млн у I квартале).

Рэспубліканскі бюджэт выконваецца, як і было запланавана. “Абавязацельствы ўрада ў замежнай валюце выкананы своечасова і ў поўным аб’ёме”, — падкрэсліў прэм’ер-міністр. Пры гэтым золатавалютныя рэзервовыя актывы краіны павялічыліся на $0,4 млрд і на 1 мая склалі $7,6 млрд. Паводле ацэнкі кіраўніка ўрада, стабільна функ­цыянуе ўнутраны валютны рынак.

ВУП Беларусі за чатыры месяцы 2019 года вырас на 1,4 працэнта — гэта адпавядае прагнозу, па I паўгоддзі неабходна забяспечыць рост на 1,8 працэнта. Пакуль “тармозіць” сельская гаспадарка (99,4 працэнта да аналагічнага перыяду мінулага года) і ўсё, што звязана са спажываннем газу, электра- і цеплаэнергіі (98 працэнтаў). “Калі па энергетыцы гэта зразумела і ў прынцыпе нядрэнна (для эканомікі гэта ў цэлым зніжэнне энергазатрат), то міністра сельскай гаспадаркі і харчавання прашу далажыць аб сітуацыі ў вёсцы. Спрыяль­ныя ўмовы надвор’я і як ніколі арганізавана праведзеная веснавая палявая кампанія даюць магчымасць разлічваць на сур’ёзную аддачу ад сельскай гаспадаркі”, — рэзюмаваў Сяргей Румас.