Выпуск юных міратворцаў

Тры гады Гомельскі цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі на базе дзіцячага сада — пачатковай школы № 63 Гомеля рэалізоўваў праграму аб’яднання “Турысты-міратворцы”.

Час праляцеў у калейдаскопе розных міратворчых і дабрачынных мерапрыемстваў як адно імгненне. І вось першы выпуск. Юныя міратворцы правялі яго ў форме творчай справаздачы.

Зярняткі дабрыні, міласэрнасці, высакароднасці былі пасеяны ў юныя душы другакласнікаў. Кожная добрая справа дазваляла міратворцам ацаніць крохкасць свету, каштоўнасць дабра і сяброўства. У выпускніках 4-х класаў мы ўжо бачым самастойных, упэўненых у сабе, з шырокай душой і добрым сэрцам хлопчыкаў і дзяўчынак, якія здабылі “два крылы”, каб паляцець “галубамі міру” ў дарослае жыццё.

З пажаданнем да выпускнікоў звярнуўся старшыня Гомельскага аддзялення Беларускага фонду міру, уручыў ім падзячныя лісты. Развітваючыся з вучнямі, мы спа-дзяёмся, што колькасць міратворцаў будзе павышацца, іх дзейнасць увальецца ў агульны паток барацьбы за мір на планеце. І не зброяй, а цяплом добрых рук і смехам дзяцей будзе напоўнена зямля, а рух юных міратворцаў зойме годнае месца сярод многіх маладзёжных арганізацый і аб’яднанняў Гомельшчыны.

Наталля ЗАХАРАНКА,
метадыст, педагог дадатковай адукацыі
Гомельскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.