Выпускнікі ўстаноў адукацыі радзей сталі звяртацца ў службу занятасці

Рэгістрацыя беспрацоўных з ліку моладзі ў Беларусі штогод скарачаецца, паведаміла кансультант упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі Жанна Шчамялёва.

Цяпер 28,5% тых, хто стаў на ўлік у службе занятасці, — маладыя людзі, тады як у 2000 годзе гэтая лічба складала 52%, у 2015-м — 33,9, у 2017-м — 30,8%. “Рэгістрацыя беспрацоўных з ліку моладзі штогод скарачаецца, радзей сталі звяртацца ў службу занятасці і выпускнікі ўстаноў адукацыі. У адпаведнасці з заканадаўствам маладыя людзі, якія ўпершыню выходзяць на рынак працы, адносяцца да сацыяльна слабаабароненай катэгорыі. Ім даюцца дадатковыя гарантыі занятасці”, — адзначыла Жанна Шчамялёва.

Акрамя таго, моладзь у першачарговым парадку адпраўляецца на навучанне па накіраваннях службы занятасці (40% ад агульнай колькасці накіраваных), каля 35% тых, хто атрымаў субсідыі на адкрыццё сваёй справы, — беспрацоўныя ва ўзросце да 31 года.

У цэлым удзельная вага моладзі сярод тых, хто працуе, у Беларусі складае каля 22,6%. Самым маладзёжным відам эканамічнай дзейнасці з’яўляецца сфера IT (51,4%). Шмат маладых людзей працуе ў галіне аказання паслуг па часовым пражыванні і харчаванні (38,8% ад агульнай колькасці работнікаў), інфармацыі і сувязі (38,1%), у аптовым і рознічным гандлі, займаецца рамонтам аўтамабіляў (31%), фінансавай і страхавой дзейнасцю (27,5%). Доля моладзі сярод кіраўнікоў — каля 6%, сярод спецыялістаў — амаль 42%.