Выпускніца магістратуры МДЛУ: Хачу, каб больш людзей у Кітаі ведалі беларускую мову, таму буду выкладаць яе на радзіме

- 13:46Образование: Беларусь — Китай

Выпускніца магістратуры Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Чжан Сяатун нарадзілася і вырасла ў невялікай правінцыі непадалёк Пекіна. Сёння яна свабодна размаўляе па­-беларуску, чытае Купалу і Коласа ў арыгінале і плануе звязаць сваё жыццё з выкладаннем нашай мовы. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Беларуская ў Кітаі — трэнд

Калі мы сустрэліся з дзяўчынай, тая толькі што абараніла магістарскую дысертацыю на беларускай мове — на дзясятку. Калі вернецца дамоў, плануе выкладаць рускую і беларускую мовы ў Цяньцзінскім універсітэце замежных моў.

— Упэўнена, мова — гэта мост паміж нашымі краінамі, — лічыць Чжан Сяатун. — Беларускай я зацікавілася яшчэ на радзіме, калі была студэнткай Пекінскага ўніверсітэта замежных моў. Два гады вывучала яе дыстанцыйна, а пасля атрымання дыплома паступіла сюды, у магістратуру МДЛУ. Магу сказаць, што ў маладых кітайцаў цікавасць да беларускай мовы з кожным годам расце. Гэта ўжо нават трэнд. Яна мілагучная і вельмі падобная да рускай. Таму тым, хто разумее па-руску, беларуская даецца лягчэй.

Тут трэба адзначыць і тое, што добры вынік дае вялікая работа па папулярызацыі вывучэння беларускай мовы сярод замежных студэнтаў, якую праводзіць Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт: з кожным годам колькасць кітайскіх студэнтаў, якія прыязджаюць сюды вучыцца, расце.

— У нас заключаны дагаворы з некалькімі кітайскімі ўніверсітэтамі, сярод якіх Пекінскі і Другі пекінскі ўніверсітэты замежных моў, а таксама Цяньцзінскі і Сіянскі ўніверсітэты замежных моў, — расказвае загадчыца кафедры беларускай мовы і літаратуры МДЛУ Марыя Воінава-Страха. — Пачынаючы з 2020 года адтуль да нас прыязджаюць студэнты, цэлы год яны вывучаюць беларускую мову, літаратуру, гісторыю і культуру нашай краіны. Для іх праводзяцца экскурсіі па Беларусі, яны наведваюць музеі, выставы. Мы робім усё, каб кітайцы змаглі адчуць усе адметнасці самабытнай беларускай культуры. Дарэчы, наша кафедра — адзіная ў краіне, якая зай­маецца выкладаннем беларускай мовы як замежнай у рамках адукацыйнай праграмы агульнай вышэйшай адукацыі, прычым робім мы гэта на сістэмнай аснове. Кітайскія выкладчыкі таксама прыязджаюць да нас на стажыроўку, напрыклад, Чжаа Сінь, дырэктар Цэнтра вывучэння Беларусі ў Пекінскім універсітэце замежных моў, вучылася тут год.

Навуковы кіраўнік Чжан Сяатун — Ларыса Сяргееўна Кныш, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры беларускай мовы і літаратуры. На працягу года яна працавала запрошаным прафесарам у Пекінскім універсітэце замежных моў, выкладала беларускую мову групе кітайскіх студэнтаў, куды трапіла і Чжан Сяатун. Тады яна і зацікавілася Беларуссю і ўсім, што з ёй звязана. Апошнія гады ў кітайскіх ВНУ нават з’явіўся спецыяльны набор для жадаючых вывучаць беларускую мову, адкрываюцца цэнтры вывучэння Беларусі — для нашых сяброў з Паднябеснай яна ўжо не такая экзатычная. І што наогул выклікае гордасць, у Цяньцзінскім універсітэце замежных моў сумесна з МДЛУ створаны і працуе Цэнтр Якуба Коласа: ім кіруе запрошаны прафесар Вольга Васільеўна Шахаб.

Проста Надзя

Сябры і выкладчыкі называюць Чжан Сяатун проста Надзя — так больш зручна. Падчас размовы дзяўчына лёгка пераключаецца з рускай мовы на беларускую.

— Кажуць, што англійская — адна з самых лёгкіх, але для кітайца вучыць рускую значна прасцей, — адзначае яна. — Потым на гэтую базу добра кладзецца і беларуская. Але многія студэнты, напрыклад, з Цяньцзінскага ўніверсітэта, ужо вывуча­юць беларускую з нуля — без рускай лінгвістычнай базы. Для іх гэта цяжкая задача, бо нашы мовы не вельмі падобныя. Нягле­дзячы на ўсе адрозненні і цяжкасці, я вельмі хачу, каб больш людзей у Кітаі ведалі беларускую мову. Мая магістарская дысертацыя была прысвечана менавіта параўнанню некаторых аспектаў нашых моў.

У 2023/2024 навучальным годзе на кафедры беларускай мовы і літаратуры ў МДЛУ, акрамя Чжан Сяатун, вучыліся 7 студэнтаў з Цяньцзінскага ўніверсітэта замежных моў і 4 — з Сіянскага. А 6 студэнтаў з Кітая плануюць паступіць у МДЛУ ў наступным годзе.

Сама Надзя захапляецца творчасцю беларускіх пісьменнікаў: Купалу, Коласа, Шамякіна чытае ў арыгінале, хаця шмат твораў беларускіх аўтараў сёння перакладзена на кітайскую — у асноўным класіка.

— Раскажу і пра свае дзве перамогі, — усміхаецца дзяўчына. — На двух конкурсах “Гаворым па-беларуску”, якія МДЛУ праводзіў сумесна з Пекінскім універсітэтам замежных моў, я ўзяла галоўныя прызы. На першым я чытала верш Эдзі Агняцвет “Зямля з блакітнымі вачамі”, а на другім сама іграла на раялі і спявала песні на вершы беларускіх пісьменнікаў.

Сінявокая і Паднябесная

За год, што магістрантка правяла ў Беларусі, паспела шмат даведацца пра нашу краіну. Яна прыводзіць такія параўнанні:

— Зіма ў вас доўгая — у нас яна карацейшая і цяплейшая. Але ў цэлым надвор’е падобнае на наша. Таксама мяне прыемна здзівіла, якія адкрытыя і гасцінныя беларусы: сяброўкі пры сустрэчы са мной заўсёды абдымаюцца! У Кітаі людзі традыцыйна вытрымліваюць дыстанцыю…

Жывецца кітайскім студэнтам нясумна: Чжан Сяатун спявала ў студэнцкім хоры МДЛУ, які сёння вядомы на міжнародным узроўні, прычым на рускай, беларускай, кітайскай і нават італьянскай мовах. Шмат падарожнічала па Беларусі, наведала Брэст і Гомель. А хутка збіраецца ў госці да сваёй сяброўкі ў Віцебск.

— Мы вельмі дапамагалі адна адной: я ёй з кітайскай, а яна мне з беларускай мовай, — заўважае Чжан Сяатун. — Ра­зам рыхтаваліся да экзаменаў. Наогул мне нярэдка даводзілася неафіцыйна высту­паць у ролі перакладчыка паміж кітайцамі і беларусамі. Напрыклад, на Алімпіядзе ў Пекіне я і мае аднакурснікі працавалі валанцёрамі-перакладчыкамі, віншавалі беларускіх спартсменаў — гэты ролік паказалі па вашым тэлебачанні.

Сёлета Чжан Сяатун стала пераможцай Рэспубліканскай алімпіяды для замежных студэнтаў па рускай мове — у яе дыплом І ступені.

Пытаюся, чым адрозніваецца вучэбны працэс у беларускіх і кітайскіх ВНУ.

— Розніца ёсць, — адказвае магістрантка. — Тэсты ў нас усе толькі пісьмовыя, вусных экзаменаў няма. Думаю, таму, што на курс у Кітаі набіраюць значна больш студэнтаў, і апытваць кожнага было б цяжка. А сама вучоба больш доўгая, напрыклад, толькі ў аспірантуры трэба вучыцца 4 гады. Такім чынам, большасць кітайцаў завяршае адукацыю, калі ім пад 30 гадоў.

Сёння перспектывы для тых, хто валодае беларускай мовай, у Кітаі вялікія. Можна выкладаць ва ўніверсітэце ці ў іншых навучальных установах, можна нават уладкавацца на службу ў Міністэрства замежных спраў.

— Адна з маіх сябровак, якая вучылася ў Беларусі, ужо працуе ў кітайскім МЗС, — расказвае Чжан Сяатун. — І гэтыя перспектывы, лічу, будуць толькі пашырацца — і ў медыцыне, і ў культуры, і ў навуцы, і ў адукацыі. Таму што мова — гэта тое, што хутчэй за ўсё яднае народы.

Вок супраць патэльні

Чым падобныя беларуская і кітайская кухні?

— Прасцей сказаць, чым яны адрозніваюцца, — усміхаецца Чжан Сяатун. — Вы ўжываеце значна больш мяса, бульбы, малака. У нас жа аснову складае агародніна, рыба. Прычым усе кітайскія стравы даволі вострыя. Мне больш за ўсё падабаюцца беларускія дранікі. Ваша кухня смачная — студэнты з Кітая яе даўно ацанілі, хаця ў Мінску сёння шмат кітайскіх кафэ і рэстаранаў, амаль як у нас на радзіме. Вучу беларускіх сяб­роў гатаваць нешта з нашай кухні. Напрыклад, тушаную агародніну са спецыямі.

Пытаюся, ці ёсць хоць адзін беларускі рэстаран у Кітаі.

— Ёсць! Гэты рэстаран адкрыўся ў Пекіне толькі 2 гады назад і ўжо карыстаецца папулярнасцю, — заўважае дзяўчына і нават дэманструе мне на тэлефоне фота яго меню — на кітайскай мове. На здымках можна ўбачыць блінцы, смажанае мяса, салаты.

Лізавета МІЦКЕВІЧ
Фота аўтара