Выпускны для будучых кіраўнікоў

Сертыфікаты аб заканчэнні абласной школы педагагічнага лідара атрымалі 40 педагогаў, якія ўключаны ў рэзерв кіруючых кадраў сістэмы адукацыі Гродзеншчыны.

Школа педагагічнага лідара працуе на базе Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, і сёлетні яе выпуск — трэці. 

Сертыфікаты аб заканчэнні школы слухачам уручыла начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай работы галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Таццяна Валянцейчык.

— Упэўнена, што атрыманыя веды будуць для вас карыснымі і спатрэбяцца ў педагагічнай і кіраўніцкай дзейнасці, — падкрэсліла Таццяна Валянцейчык. — Нікому яшчэ не перашкаджала развіццё сваіх лідарскіх, арганізатарскіх здольнасцей, а для гэтага трэба вучыцца. Важна не толькі валодаць прафесійнымі ведамі, але і ўмець сябе прэзентаваць, працаваць з аўдыторыяй. Мы рады бачыць сярод кіраўнікоў тых маладых людзей, якія імкнуцца паказаць сябе, ініцыятыўных, актыўных, творчых, і яны заўсёды гатовыя працягнуць руку дапамогі таму, хто хоча рухацца далей.

Завяршылася трэцяя заключная сесія школы педагічнага лідара. Арганізатары прапанавалі будучым кіраўнікам заняткі, на якіх разглядаліся такія пытанні, як фарміраванне кампетэнцый кіраўніка на аснове інавацыйных практык, самапрэзентацыя прафесійна-асобасных якасцей як інструмент самарэалізацыі ў сучасным грамадстве, публічныя выступленні ў практыцы кіраўніка, развіццё выхаваўчага асяроддзя ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі ва ўмовах VUCA-свету, маркетынгавы падыход у кіраванні і інш. 

— Навучанне на працягу трох сесій было кароткім, але вельмі насычаным, амаль 40 гадзін заняткаў у розных фарматах, мноства адкрыццяў, інсайтаў, дыягностыкі, тэстаў і дамашніх заданняў, — расказала метадыст ГрАІРА Наталля Сачэўка. — Гэта была тэхналогія магутнага прафесійнага паглыблення. Трэцяя сесія называлася “Прафесійнае майстэрства менеджараў адукацыі”. Фарматам яе я назвала б фармат псіхалагічнага кафэ. Менавіта стравы, якія падаваліся ў нашым метадычным кафэ, слухачы сустрэлі на ўра. Мы вучылі маладых людзей кіраваць энергіяй і патэнцыялам калектыву і сваімі ўласнымі. Кожны з іх сёння гатовы заняць кіруючую пасаду ў раёнах нашага рэгіёна.“Разам мы кіруем развіццём” — такі дэвіз нашай школы.

Настаўнік інфарматыкі сярэдняй школы № 7 Навагрудка Андрэй Падліпскі — адзін з выпускнікоў школы:

— Веды, атрыманыя на занятках, дапамогуць нам раскрыць свае здольнасці, самарэалізавацца. Вядома, не ўсе стануць кіраўнікамі, але гэта вельмі добры стымул працаваць над сабой. Вельмі ўдзячны педагогам абласнога інстытута развіцця адукацыі за магчымасць быць сярод слухачоў школы. 

Намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Ваўкавыскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Ірына Пушкарова таксама прызналася, што атрымала вялікае задавальненне ад зносін з таленавітымі выкладчыкамі, удзячна ім за магчымасць адчуць свае сілы ў ролі лідара, раскрыць таленты. Яна адзначыла выдатную арганізацыю і крэатыўны падыход у выкладанні. Яшчэ адзін плюс — цесная сувязь з калегамі з іншых рэгіёнаў. 

Прыемным момантам стала выступленне ансамбля медных інструментаў Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа пад кіраўніцтвам Канстанціна Мазюка, сённяшняга выпускніка школы педагагічнага лідара.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.