Вырашальная сустрэча з бізнес-анёламі

Вакол маладога тэрміна “стартап” існуюць розныя стэрэатыпы. Адны лічаць, што гэта моднае замежнае запазычанне, і не разглядаюць яго ў якасці бізнесу. Другія перакананы, што стартап — гэта каманда-пачатковец (хоць так назваць можна не кожную новую кампанію, паколькі не ўсе з іх маюць высокі патэнцыял росту, інавацыйную мадэль развіцця ці тэхналагічную перавагу). Гэтыя стэрэатыпы паспрабавалі развеяць у Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце, дзе прайшоў фінал трэцяга сезона стартап-школы “Дзень эксперта”.

Даследчыкі з бізнес-партала Belbiz адзначаюць, што беларускія стартап-кампаніі — гэта бізнес маладых кампаній, большасць з якіх працуе на рынку менш за 3 гады, часцей — нават менш за год.

Цікава, што самая папулярная крыніца фінансавання стартапаў сёння — гэта якраз бізнес-анёлы (незалежныя прыватныя інвестары, якія ўкладваюць свой капітал у праекты на ранніх стадыях іх развіцця, а таксама прадастаўляюць кансультацыі, звязаныя з ажыццяўленнем дзейнасці маладых кампаній у абмен на долю ў праекце). Гэтай крыніцай скарысталіся больш за 24% стартапаў краіны.


Стартап-школа, завяршэннем якой стала вызначэнне лепшага маладзёжнага праекта, праводзілася ў межах праекта “Стварэнне ўстойлівай інфраструктуры для падтрымкі развіцця стартапаў і малога бізнесу”. На працягу двух месяцаў удзельнікі наведвалі трэнінгі па кіраванні праектамі, псіхалогіі ў бізнесе, прамоўніцкім майстэрстве і стратэгічным кіраванні бізнесам. Тут яны змаглі знайсці карысныя кантакты, а таксама палепшыць свае ўменні і навыкі. Усё, што заставалася ўдзельнікам пасля інтэнсіўнага тэарэтычнага курсу, — яскрава, лаканічна, упэўнена і, галоўнае, пераканаўча расказаць пра свой праект, добра арыентуючыся ў тэхніцы, эканоміцы і маркетынгу сваёй ідэі.

Сёлета стартап-школа ахапіла каля 200 чалавек: заявіць пра сябе на “Дзень эксперта” выказалі жаданне аўтары 17 праектаў. 9 ідэй, якія дайшлі да фіналу, прадставілі студэнты, маладыя вучоныя, выкладчыкі і прадпрымальнікі. Ролі суддзяў прымералі на сябе кіраўнік медыяцэнтра БНТУ Віталь Гмырак, намеснік генеральнага дырэктара па эканоміцы і фінансах тэхнапарка “Палітэхнік” Максім Журкевіч, заснавальнік і камерцыйны дырэктар студыі вэб-дызайну GOODRANK Алег Канановіч і саўладальнік і кіраўнік кампаніі HologramTechnologies Аляксей Кароткі.

Уладзімір Круцько — студэнт 1 курса БНТУ. Юны ўзрост не перашкодзіў яму прадставіць адразу два праекты: “Падтрымка малога і сярэдняга бізнесу “Соль” і “Мадэрнізацыя вырошчвання сельскагаспадарчых культур у цяпліцах “РОСТ”. У першым выпадку юнак прэзентаваў кампанію, якая на пэўных фінансавых умовах у далейшым магла б спецыялізавацца на развіцці праектаў фізічных асоб. Другі праект накіраваны на паляпшэнне ўмоў для вырошчвання агародніны шляхам забеспячэння адной кампаніяй комплесных паслуг па паліве, клімат-кантролі і іншых функцый, патрэбных для развіцця і хуткага росту раслін.

Мікалай Волкаў абараняў ідэю стварэння страйкбольнага клуба. Па словах юнака, страйкбольны рух набірае ўсё большую папулярнасць. Яго каманда хацела б распаўсюджваць гульню, улічваючы магчымасці і зацікаўленасць не толькі тых людзей, якія займаюцца ёй на прафесійным узроўні, але і тых, хто толькі пачынае знаёміцца.

Канстанцін Ерамееў прадставіў стварэнне дзіцячага ўніверсітэта, базай для якога маглі б стаць БНТУ і БДУ. Гэта, па словах хлопца, дапамагло б дзецям ад 8 да 14 гадоў уявіць, што такое сапраўдны ўніверсітэт, падрыхтаваць іх да наступнага пасля школы этапу. Першым фактарам у развіцці такой ініцыятывы Канстанцін назваў добры імідж універсітэтаў, дзе будзе пабудаваны працэс узаемадзеяння з дзецьмі.

Георгій Качаноўскі расказаў пра зручнасць выкарыстання электрасамакатаў. Прытым не толькі з пункту гледжання ўладальніка, але і як карыстальнік, які хацеў бы арганізаваць пракат агрэгатаў у межах Мінска. Як расказаў Георгій, такая практыка шырока распаўсюджана за мяжой, рэалізацыя праекта ў Беларусі — гэта толькі справа часу. Ідэя заключаецца ў тым, што на машыне або на грамадскім транспарце даехаць некуды ў кароткі тэрмін не заўсёды проста, электрасамакат у такім выпадку — добрая альтэрнатыва. Першая яго вартасць у параўнанні з веласіпедам — кампактнасць, другая — затрачванне меншай колькасці энергіі для руху. Карыстальнік, які ўзяў электрасамакат напракат, дабраўшыся да месца, зможа пакінуць яго там жа, праз спецыяльнае мабільнае паведамленне паведаміўшы пра гэта ў фірму-пракатчык. Вяртанне транспартнага сродку назад павінна ажыццяўляцца спецыялістамі-тэхнікамі, якімі яна абслугоўваецца.

Для Паўла Бурмакі выхад да бізнес-анёлаў стаў дэбютам у выступленні перад публікай. На конкурсе хлопец расказаў пра “Школу тэніса для пачаткоўцаў: Playtennis.by”. Павел звязаў рэалізацыю ідэі з уласным хобі: юнак трэніруе тэнісістаў-аматараў. Ён расказаў, што, калі сам узяўся за ракетку, зразумеў, як няпроста ўліцца ў гэты від спорту: то спрацоўваюць псіхалагічныя фактары, то становіцца незразумелай тэрміналогія, якую выкарыстоўваюць на занятках. Работа з такімі аспектамі, па словах Паўла, можа стаць яго фішкай у прасоўванні ініцыятывы. Як аказалася напрыканцы прэзентацыі, хлопец не прагадаў: яго скарбонку ўзнагарод папоўнілі дыплом ІІІ трэцяй ступені і прыз аўтарскіх сімпатый.

Уладальнікам “серабра” стала каманда Яўгена Грыцука і Мікалая Волкава “Страйкбольны клуб: PhoenixClub”, а на вышыні п’едэстала апынуўся Георгій Качаноўскі з “Шэрынгам электрасамакатаў”. Ён жа прадставіць сваю ініцыятыву на гарадскім этапе конкурсу “100 ідэй для Беларусі”. А гран-пры і сертыфікат на год бізнес-інкубавання ідэі “Буравы раствор на аснове сапрапелю для тунэлепраходчых комплексаў” у тэхнапарку “Палітэхнік” атрымаў Дзмітрый Яўстрацікаў.

Ірына ІВАШКА.
Фота прадастаўлена арганізатарамі мерапрыемства.