Вырашаць штодзённыя задачы

- 12:43Суразмоўца

Некалькі новых пастаянных камісій з’явілася ў складзе Гродзенскага абласнога прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. Аб задачах, якія перад імі ставяцца, а таксама аб надзённых справах прафсаюза мы гутарым са старшынёй абкама Верай ГРЫШЭЧКА.

— Вера Віктараўна, чым абумоўлена стварэнне новых камісій?
— Прафсаюзная арганізацыя работнікаў адукацыі і навукі Гродзенскай вобласці — адна з самых вялікіх па колькасці членаў — звыш 66 тысяч чалавек. Па ўзросце і прафесійным складзе арганізацыя таксама вельмі рознабаковая — ад навучэнцаў прафесійна-тэхнічных устаноў адукацыі, студэнтаў да навуковых супрацоўнікаў, выкладчыкаў устаноў вышэйшай адукацыі.
Членамі прафесійнага саюза з’яўляюцца звыш 13 тысяч студэнтаў і навучэнцаў. Таму было вырашана для актывізацыі работы, а таксама ў сувязі з тым, што 2015 год у нашай краіне аб’яўлены Годам моладзі, стварыць камісію па рабоце з моладдзю. Яе старшынёй абрана Дзіяна Трафімовіч, якая ўзначальвае прафсаюзную арганізацыю студэнтаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Мы бачым, што надзённымі задачамі ў рабоце з навучэнцамі і студэнтамі павінна стаць не толькі паляпшэнне матэрыяльных умоў жыцця і засяленне ў інтэрнаты, але і будатрадаўскі рух, падрыхтоўка да самастойнай прафесійнай работы і інш. Так, студэнцкі прафкам ГрДУ актыўна супрацоўнічае з кіраўніцтвам універсітэта — удзельнічае ў распрацоўцы нарматыўных дакументаў і ўносіць свае прапановы па розных кірунках дзейнасці.
Яшчэ адна новая камісія — па рабоце з ветэранамі. У складзе арганізацыі шмат людзей, якія ўсё жыццё аддалі справе адукацыі і выхавання, і сёння яны патрабуюць да сябе ўвагі і клопату. Яны гэта заслужылі. Мы вылучылі гэты напрамак работы як прыярытэтны для арганізацыі. Гэтую камісію ўзначаліла Галіна Рыгораўна Гарбатка, старшыня Гродзенскай раённай арганізацыі галіновага прафсаюза. Па рашэнні прэзідыума абкама пералічым грошы ў памеры 5 мільёнаў рублёў на добраўпарадкаванне вайсковых могілак у Гродне.
І яшчэ дзве камісіі — па пытаннях сацыяльнага партнёрства (старшыня — Станіслаў Баляслававіч Фабішэўскі, які ўзначальвае Дзятлаўскую раённую арганізацыю) і па культурна-масавай і фізкультурна-аздараўленчай рабоце (яе ўзначальвае старшыня Астравецкага райкама прафсаюза Ларыса Васільеўна Ярмоліч) — будуць працаваць у складзе абкама.

— Што сёння найбольш хвалюе вас як старшыню абласной прафсаюзнай арганізацыі?
— Калі ў двух словах, то матэрыяльнае становішча членаў прафсаюза і прэстыж педагагічнай прафесіі. У Гродзенскай вобласці сярэдняя заработная плата настаўнікаў — адна з самых невялікіх па рэспубліцы. Але нават ва ўмовах існуючай нарматыўнай базы можна падняць заробкі, напрыклад, праз павышэнне катэгорыі і адукацыйнага ўзроўню педагогаў. Прафсаюзныя арганізацыі сумесна з адміністрацыяй устаноў адукацыі павінны матываваць педагогаў на павышэнне свайго прафесійнага майстэрства і ствараць такія ўмовы, каб дапамагчы настаўніку ў гэтым.
У абласной сістэме адукацыі з амаль 42 тысяч работнікаў па кантракце працуюць звыш 33 тысяч чалавек. Кантрактная сістэма таксама можа стаць элементам дадатковага матэрыяльнага стымулявання.
Будзем звяртацца з прапановамі да мясцовых органаў улады, каб стымуляваць педагогаў з дапамогай грантаў, прэмій.
На маю думку, прафсаюзныя арганізацыі павінны вялікую ўвагу ўдзяляць прафесійнаму станаўленню маладых настаўнікаў, актыўна ўдзельнічаць у рэалізацыі плана мерапрыемстваў па павышэнні прэстыжу прафесіі настаўніка, росту аўтарытэту прафесіі. Менавіта ад настаўнікаў залежыць, якая змена прыйдзе ў школу. І тут можна прывесці добрыя прыклады: 50 працэнтаў педагагічнага калектыву сярэдняй школы № 1 Ашмян складаюць выпускнікі гэтай установы адукацыі.
Хачу адзначыць, што пільная ўвага павінна ўдзяляцца сацыяльнаму партнёрству прафсаюзаў з кіраўніцтвам устаноў адукацыі. Дэкрэт № 5 накіраваны на павышэнне адказнасці кіраўніка, і роля прафсаюзнага лідара таксама павінна павысіцца. Ён павінен генерыраваць ідэі, прапаноўваць меры па паляпшэнні спраў у арганізацыі, быць актыўным. Узяць, напрыклад, рашэнне жыллёвага пытання. Па хадайніцтве Гродзенскага гаркама нашага прафсаюза ў абласным цэнтры пабудаваны два дамы, выдзелены кватэры ў трэцім доме, які будуецца. І гэта не проста хадайніцтва, а вялікая папярэдняя работа.

— Пытанням інфармавання сёння ўдзяляецца вялікая ўвага. Як будзеце працаваць у гэтым кірунку?
— Каб напоўніцу працавала сувязь паміж прафсаюзнымі арганізацыямі ўсіх узроўняў, ставім задачу стварэння кожнай раённай арганізацыяй інтэрнэт-сайта з абавязковай рубрыкай “Пытанне — адказ”, кансультатыўных старонак. Мы бачым цікавасць да такой інфармацыі. Так, было выказана пажаданне аб размяшчэнні інфармацыі па набыцці пуцёвак на аздараўленне. Мы распрацоўваем алгарытм дзеянняў прафсаюзнай арганізацыі і размесцім яго на сайце. З’явіцца на сайце старонка “Прафсаюзы і моладзь”.

— Вера Віктараўна, дзякуй за размову. Вы нядаўна ўзначалілі Гродзенскі абласны прафесійны саюз работнікаў адукацыі і навукі, але ў Гродзенскай вобласці вас добра ведаюць па шматгадовай працы ў сістэме кіравання адукацыяй, таму праблемы і перспектывы гэтай галіны вам добра вядомы. Поспехаў, натхнення і карысных вынікаў ва ўсіх справах і пачынаннях!

Гутарыла Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Міхаіла ІСАЧАНКІ.