Вырашэнне міжнародных праблем магчыма толькі з улікам інтарэсаў і нацыянальных асаблівасцей краін

У Беларусі ўстаноўлены яшчэ больш жорсткія абмежаванні на прымяненне смяротнай кары, чым прадугледжаныя міжнародным пактам. Аб гэтым заявіў намеснік міністра замежных спраў Валянцін Рыбакоў у час міжнароднай канферэнцыі “Смяротная кара: пераадоленне рознагалоссяў”.

Валянцін Рыбакоў адзначыў, што з пункту гледжання міжнароднага права прымяненне смяротнай кары ўніверсальна не забаронена. “Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, удзельнікам якога з’яўляецца Беларусь, устанаўлівае толькі некаторыя абмежаванні на прымяненне смяротнай кары”, — заўважыў ён. “Смяротныя прыгаворы могуць выносіцца толькі за самыя цяжкія злачынствы. Смяротны прыгавор не выносіцца за злачынствы, учыненыя асобамі, маладзейшымі за 18 гадоў, і не прыводзіцца ў выкананне ў адносінах да цяжарных жанчын”, — працытаваў намеснік міністра артыкул шосты пакта.
“У Беларусі ўстаноўлены яшчэ больш жорсткія абмежаванні на прымяненне смяротнай кары, чым тыя, якія прадугледжаны міжнародным пактам. Смяротная кара не можа быць назначана асобам, якія ўчынілі злачынствы ва ўзросце да 18 гадоў, усім жанчынам, а таксама мужчынам, якія дасягнулі да дня вынясення прыгавору 65 гадоў”, — падкрэсліў Валянцін Рыбакоў.
Ён звярнуў увагу, што ў нацыянальным заканадаўстве, у прыватнасці ў Канстытуцыі Беларусі, замацаваны часовы характар прымянення смяротнай кары. “Смяротная кара да яе адмены можа прымяняцца згодна з прыгаворам суда як выключная мера пакарання за некаторыя асабліва цяжкія злачынствы, звязаныя з наўмысным пазбаўленнем жыцця чалавека пры абцяжваючых віну абставінах. Улічваючы гэтую норму Канстытуцыі, наша краіна займае на міжнароднай арэне ўзважаную пазіцыю па пытанні прымянення смяротнай кары. У прыватнасці, пры разглядзе ў Генеральнай асамблеі ААН рэзалюцыі аб мараторыі на смяротную кару мы традыцыйна ўстрымліваемся пры галасаванні”, — заўважыў намеснік міністра.
Паводле яго слоў, у рамках двух мінулых цыклаў універсальнага перыядычнага агляду па правах чалавека Беларусь прыняла шэраг рэкамендацый, якія тычыліся разгляду магчымасці ўвядзення мараторыя на смяротную кару. “У той жа час, як вядома, большасць беларускіх грамадзян на рэферэндуме 1996 года выказаліся за захаванне смяротнай кары. Неаднаразовыя сацыялагічныя апытанні, якія праводзіліся ў краіне, сведчаць аб тым, што смяротная кара па-ранейшаму па-рознаму ўспрымаецца ў грамадстве, па-ранейшаму ёсць большасць прыхільнікаў яе захавання, — сказаў Валянцін Рыбакоў. — Намі гэты факт ігнаравацца не можа і не будзе, у тым ліку ў кантэксце дыялогу з нашымі паважанымі еўрапейскімі партнёрамі”.
Між тым намеснік міністра дадаў, што меркаванне экспертнага супольніцтва пры разглядзе гэтага пытання таксама важнае.
“Мы ніколі не спынялі дыскусію па гэтым пытанні (смяротнай кары. — Заўв. БелТА.), наадварот, імкнуліся і імкнёмся максімальна развіваць яе”, — падкрэсліў намеснік міністра.
Паводле яго слоў, беларускі бок паслядоўна на ўсіх узроўнях адзначае, што вырашэнне любых праблем трэба шукаць не ў плоскасці канфрантацыі і навязвання свайго меркавання, а на аснове ўзаемапаважлівага дыялогу, які ўлічвае інтарэсы і нацыянальныя асаблівасці любой краіны.
У сваю чаргу спецдакладчык ПАСЕ па Беларусі Андрэа Рыгоні (Італія) у час міжнароднай канферэнцыі “Смяротная кара: пераадоленне рознагалоссяў” адзначыў, што ён хоча, каб Беларусь вярнулася ў Савет Еўропы. “Размова ідзе не аб тым, каб выбраць паміж Усходам і Захадам. Мы не патрабуем, каб Беларусь выбрала паміж Еўрасаюзам і Расійскай Федэрацыяй. Беларусь павінна выбраць свой шлях — у яе ёсць свая культура, свае традыцыі, сёння яна адыгрывае важную палітычную ролю ў вырашэнні міжнародных крызісаў”, — адзначыў спецдакладчык ПАСЕ.
Між тым ён звярнуў увагу, што пазіцыя Савета Еўропы па пытанні смяротнай кары зводзіцца да яе адмены. “Лічу неабходным увесці хаця б часовы мараторый на пакаранне смерцю (у Беларусі. — Заўв. БелТА.) для таго, каб паскорыць працэс збліжэння Беларусі з Саветам Еўропы”, — сказаў ён.
“Мы не хочам нікога прымушаць у гэтым пытанні, — запэўніў Андрэа Рыгоні. — Беларусь павінна знайсці свой баланс у міжнародным кантэксце”.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *