Вырасце сад Перамогі

- 11:46Да 70-годдзя Вялікай Перамогі

Чырвона-зялёная стужка з яблыневым цветам стала сімвалам гэтага года — года 70-годдзя Вялікай Перамогі. Яблыневы сад, які залажылі ў Раціцкай сярэдняй школе Гродзенскага раёна, стане для сённяшніх школьнікаў і тых, хто будзе тут вучыцца ў далейшым, вечным напамінам аб тым, у гонар якой падзеі ён пасаджаны.

Спрадвеку беларусы карысную агульную справу рабілі талакой. Вось і ў гэты светлы вясновы дзень талака ў Рацічах сабралася вялікая. Разам з вучнямі і настаўнікамі сельскай школы яблыневы сад высаджвалі намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Бераснева і Васіль Міхно, начальнік аддзела адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Сонгін, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Павел Скрабко, дэпутаты Гродзенскага раённага і Падлабенскага сельскага саветаў дэпутатаў.
І хоць не ўсім дзецям даводзілася раней удзельнічаць у такіх работах, папярэдні інструктаж агранома-садавода СВК “Ніва-2003” Віктара Геды дазволіў выканаць работу спраўна і якасна. 70 маладых дрэўцаў гатунку “беларускі салодкі” ўжо праз тры-чатыры гады могуць даць першы ўраджай.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Яраслава ВАНЮКЕВІЧА.