Папулярызацыя працы на зямлі на Мазыршчыне пачынаецца са школьных праектаў.
Так, у Каменскай сярэдняй школе Мазырскага раёна паспяхова рэалізуецца праект “Каменская ЭКА-дача”. Дзеці вучацца вырошчваць экалагічна чыстую прадукцыю і гатаваць смачныя смузі, духмяныя прыправы і карысную гарбату.
А вось у Прудкоўскай сярэдняй школе сіламі педагогаў распрацавана аўтарская праграма па фарміраванні ў вучняў асноў аграэканамічнай культуры. Галоўная ідэя — матывацыя ў выбары прафесій, якія будуць запатрабаваны ў аграпрамысловым комплексе рэгіёна. Хлопчыкі і дзяўчынкі спасцігаюць асновы садаводства і агародніцтва. Базай для нестандартнай формы работы з’яўляецца школьны ўчастак, на якім вырошчваюць агародніну і садавіну.
— Дарэчы, у мінулым сезоне атрымалі з участка 400 кг бульбы, — гаворыць начальнік аддзела адукацыі Мазырскага райвыканкама Любоў Клепчукова. — Такі выдатны вынік не толькі даў магчымасць вучням зразумець, як гаспадарка дапамагае скараціць выдаткі на харчаванне, але і натхніў дзяцей на новыя дасягненні.
Увогуле ж новая форма работы Прудкоўскай сярэдняй школы накіравана на выхаванне ў вучняў павагі і любові да працы на зямлі. У школе дзейнічае сельскагаспадарчы атрад “АграМоц”. Школьнікі распрацавалі бізнес-план па стварэнні фруктова-ягаднага гадавальніка. Дарэчы, сёлета для ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы Прудкоўскай школе ад Мазырскага райвыканкама быў падораны сертыфікат на дзве тысячы рублёў.
Установы адукацыі Мазыршчыны адыгрываюць вялікую ролю ў развіцці аграрнай галіны праз папулярызацыю сельскагаспадарчай працы, упэўнена начальнік аддзела адукацыі Мазырскага райвыканкама. Любоў Клепчукова звяртае ўвагу і на тое, што ўстановы адукацыі Мазырскага раёна прыкладаюць усе намаганні, каб іх выпускнікі пасля далейшай вучобы вярталіся працаваць у свае родныя населеныя пункты.
— З пастаўленай задачай паспяхова спраўляецца Руднянская сярэдняя школа, — адзначае Любоў Сцяпанаўна. — Больш за палову яе выпускнікоў выбіраюць сельскагаспадарчыя спецыяльнасці, пасля чаго вяртаюцца ў аграгарадок дыпламаванымі спецыялістамі.
Трэба адзначыць, што ў мінулым годзе ў Мазырскім раёне выпускнікам школ было выдадзена 217 мэтавых накіраванняў. Сёлета — ужо 260, а гэта значыць, што хлопцы і дзяўчаты вернуцца працаваць на малую радзіму.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.