“Вырасціць” здольнасці кожнага дзіцяці

- 15:27Брэстчына

Педагогі Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І.Нядзведскага Лунінецкага раёна імкнуцца далучыць да алімпіяднага і конкурснага руху як мага большую колькасць навучэнцаў, развіць патэнцыял, уменні, навыкі і пазнавальныя здольнасці кожнага гімназіста, якіх тут 281 — у кожнай паралелі функцыянуе па адным класе.

“За апошнія пяць гадоў педагогі гімназіі падрыхтавалі больш за 265 пераможцаў розных этапаў рэспубліканскай алімпіяды, з іх 10 навучэнцаў сталі пераможцамі заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па астраноміі, матэматыцы, біялогіі, — расказаў дырэктар гімназіі Сяргей Пятровіч Высоцкі. — Падрыхтоўка дзіцяці да паспяховага ўдзелу ў прадметных алімпіядах — нялёгкая і карпатлівая праца, прычым не аднаго дня і не аднаго чалавека, а сістэматычная, добрасумленная і зладжаная, усяго педагагічнага калектыву. Асноўная нагрузка кладзецца на плечы настаўнікаў-прадметнікаў гімназіі, якія выступаюць “партнёрамі” і “трэнерамі” навучэнцаў. Але для дасягнення поспеху мы забяспечваем псіхолага-педагагічнае суправаджэнне гэтага працэсу, метадычную падтрымку педагогаў, узаемасувязь вучэбнай дзейнасці з пазакласнай работай, з сістэмай дадатковай адукацыі”.

Мэта псіхолага-педагагічнага суправаджэння навучэнцаў гімназіі, якое пачынаецца на I ступені і працягваецца на працягу ўсяго перыяду навучання ў гімназіі, — вывучэнне, падтрымка і развіццё акадэмічнай адоранасці, інтэлекту, асобасных якасцей навучэнцаў, іх пазнавальнай цікавасці. Адной з форм работы з’яўляецца ментарства (індывідуальнае кіраўніцтва), якое ажыццяўляецца пры пераходзе навучэнца з адной прыступкі навучання на іншую: усталяванне супрацоўніцтва настаўніка пачатковых класаў, дзіцяці і настаўніка-прадметніка. У пачатку кожнага навучальнага года найбольш матываваныя гімназісты размяркоўваюцца па групах у залежнасці ад абраных імі для дадатковага вывучэння прадметаў, за імі замацоўваюцца настаўнікі-прадметнікі, распрацоўваюцца і зацвярджаюцца планы работы педагогаў з гэтымі навучэнцамі.

Яшчэ адзін важны складнік — падтрымка і развіццё прафесійнага ўзроўню педагагічных кадраў. Сучаснаму навучэнцу патрэбны не настаўнік-транслятар інфармацыі, а арганізатар адукацыйнага працэсу — прафесійна падкаваны, эрудзіраваны педагог, які выкарыстоўвае сучасныя педагагічныя тэхналогіі, здольны да эксперыментальнай, навуковай і творчай дзейнасці. Вопыт работы некаторых педагогаў па падрыхтоўцы навучэнцаў да алімпіяд вядомы не толькі ў раёне, але і ў Брэсцкай вобласці, а менавіта Уладзіміра Уладзіміравіча Зылевіча, настаўніка фізікі і астраноміі, Раісы Уладзіміраўны Сінькевіч, настаўніцы матэматыкі. Гэтыя педагогі не першы год у складзе раённага журы другога этапу Рэспубліканскай алімпіяды па астраноміі і матэматыцы. Вопыт іх работы размешчаны ў галерэі славы “Эфектыўная адукацыя Брэстчыны” ў Брэсцкім абласным ІРА.

Педагогі гімназіі ствараюць развіццёвае асяроддзе ў рамках кожнага вучэбнага прадмета, уключаюць дзяцей у вучэбна-даследчую і праектную дзейнасць, накіраваную на самастойны пошук ісціны, на работу з дадатковай літаратурай і іншымі крыніцамі, праводзяць нестандартныя ўрокі і даюць арыгінальныя заданні. Педагогі будуюць навучанне на аснове эўрыстычнага метаду. Дыскусійныя формы работы, адмова ад рэпрадуктыўнага метаду, творчы пошук новых спосабаў дзейнасці вядуць да пераходу на іншы якасны ўзровень работы з дзецьмі. Паспяховы вопыт педагогі гімназіі набылі ў рамках рэалізацыі інавацыйных праектаў па вывучэнні і ўкараненні кантрольна-ацэначнай дзейнасці настаўніка і вучня, метапрадметнага падыходу да навучання, змешанага і перавернутага навучання.

Падрыхтоўка навучэнцаў да прадметных алімпіяд ажыццяўляецца таксама праз узаемасувязь вучэбных і факультатыўных заняткаў, у тым ліку міжшкольных, на якія раённы аддзел па адукацыі Лунінецкага райвыканкама штогод выдзяляе больш за 40 вучэбных гадзін у рамках работы раённага рэсурснага цэнтра па падрыхтоўцы вучняў да прадметных алімпіяд. На базе рэсурснага цэнтра ў гімназіі таксама праводзяцца індывідуальныя і групавыя заняткі з удзельнікамі прадметных алімпіяд, арганізаваны кансультацыйныя пункты для педагогаў раёна па рабоце з адоранымі навучэнцамі, ажыццяўляецца падрыхтоўка зборнай раёна па астраноміі і матэматыцы. Гімназія наладзіла супрацоўніцтва з БДПУ імя Максіма Танка, біялагічным факультэтам БДУ, Палескім і Баранавіцкім дзяржаўнымі ўніверсітэтамі. На працягу навучальнага года ва ўстанове арганізоўваюцца практычныя заняткі з выкладчыкамі ўніверсітэтаў па фізіцы, матэматыцы, хіміі, біялогіі. Істотную дапамогу ў падрыхтоўцы навучэнцаў да трэцяга і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах аказвае ўдзел дзяцей у раённых, абласных вучэбна-трэніровачных зборах, у “малых” раённых і абласных алімпіядах сярод навучэнцаў 4—8 класаў.

Па прычыне дастатковай аддаленасці мікашэвіцкай гімназіі ад рэгіянальных, абласных і сталічных адукацыйных цэнтраў вялікую актуальнасць для педагогаў і навучэнцаў набываюць розныя формы дыстанцыйнага навучання: заняткі ў завочнай абласной школе эколагаў Брэсцкага абласнога цэнтра экалогіі і краязнаўства, у Рэспубліканскай школе біёлагаў на базе Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства; удзел у інтэрнэт-алімпіядах і конкурсах, якія праводзяцца ўстановамі вышэйшай адукацыі, у дыстанцыйных курсах, семінарах і вэбінарах. Настаўнікі гімназіі маюць персанальныя сайты, якія актыўна выкарыстоўваюць і ў рабоце з алімпіяднікамі.

Ушанаванне пераможцаў прадметных алімпіяд штогод праходзіць на гімназічнай цырымоніі “Лесвіца поспеху”, на раённым свяце “Парад зорак”. На абласным узроўні навучэнцы і педагогі становяцца ўладальнікамі прэміі Брэсцкага аблвыканкама, на рэспубліканскім — стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. За 19 гадоў работы Мікашэвіцкай гімназіі імя У.І.Нядзведскага 12 яе навучэнцаў былі ўдастоены гэтай узнагароды.

Кожны чалавек таленавіты па-свойму, у кожнага ёсць значны інтэлектуальны і творчы патэнцыял. Задача ўстановы адукацыі ў тым, каб “вырасціць” здольнасці кожнага дзіцяці.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.