Вышыні толькі здаюцца недасягальнымі

- 19:34Людзі адукацыі

Вучні настаўніцы хіміі і біялогіі сярэдняй школы № 1 Новалукомля Лідзіі Краўцовай захапляюцца даследчай дзейнасцю, вынікова выступаюць на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, упэўнена робяць першыя крокі ў будучую прафесію. У чым сакрэт педагагічнага поспеху гэтай настаўніцы?

Настаўніца сярэдняй школы N 1 Новалукомля Лідзія Краўцова і яе вучаніца Ксенія
Казінец.

Напэўна, у якасці ілюстрацыі дастаткова прывесці толькі адзін навучэнска-педагагічны дуэт, а дакладней, яркае трыа з сур’ёзнай групай падтрымкі. У верасні мінулага года адзінаццацікласніца Ксенія Казінец заваявала залаты медаль Су­светнага конкурсу (выставы) вынаходстваў World Invention Competition And Exhibition (WICE) 2020 (Малайзія). Да чарговай вяршыні таленавітая юная даследчыца рухалася ра­зам з настаўніцай Лідзіяй Краўцовай і кіраўніком аб’яднання па інтарэсах “Генетыка і селекцыя” Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаў­ства Іванам Русскіх. Але наша гісторыя бярэ пачатак значна раней — больш за паўстагоддзя назад, калі настаўніцкую прафесію прымярала на сябе адна мясцовая школьніца.

— Гэта мая родная школа, — расказвае Лідзія Віктараўна. — Родам я з вёскі Старыя Лаўкі за два кіламетры ад Новалукомля. Адтуль пешшу хадзіла на ўрокі ўсе 10 гадоў. У старшых класах марыла выкладаць гісторыю. Толькі жыццё, як нярэдка здараецца, падкарэкціравала мае планы: з першай спробы стаць студэнткай не ўдалося, таму пайшла ў сельскую школу піянерважатай. Паступала ў Мінск, а дыплом аб вышэйшай адукацыі атрымала ў Віцебску, прычым зусім па іншай спецыяльнасці: прыярытэтам ужо сталі хімія і біялогія.

Педагагічны стаж нашай гераіні набліжаецца да чатырох дзесяцігоддзяў, з іх амаль 35 гадоў — настаўніцкі. Педагагічную дзейнасць настаўнік вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі ўладальнік ганаровых грамат Міністэрства адукацыі і Віцебскага аблвыканкама Лідзія Краўцова і цяпер паспяхова сумяшчае з грамадскай — узначальвае пярвічную прафсаюзную арганізацыю ўстановы адукацыі. Тры гады назад у школе па ініцыятыве тагачаснага дырэктара Іны Сыроўчанка быў арганізаваны рэсурсны цэнтр “Энергазберажэнне — пачні з сябе”, арыентаваны на інавацыйную і даследчую дзейнасць у розных прадметных галінах. Сярод партнёраў чашніцкіх энтузіястаў — ЭкаТэхнаПарк “Волма”, Інфармацыйны цэнтр па атамнай энергіі ў Мінску.

— Аднойчы падчас паездкі з навучэнцамі ў “Волму” ў нас з’явілася ідэя наведаць Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства, — прыгадвае педагог. — Знаёмства з лабараторыямі цэнтра вельмі ўразіла: наша школа мае моцную базу для засваення вучэбных прадметаў і даследчай работы, аднак тут перад намі раскрыўся зусім іншы ўзровень магчымасцей. Экскурсія падарыла шмат станоўчых эмоцый, але адначасова мы не маг­лі стры­маць засмучэння, бо думалі: нашы дзеці наўрад ці могуць запісацца і займацца ў аб’яднаннях па інта­рэсах цэнтра. На гэта экскурсавод Іван Анатольевіч Русскіх нечакана заўважыў: “А чаму б і не?” І запрасіў у сваё аб’яднанне. Пасля вяртання дадому, абмеркавання з настаўнікамі, бацькамі (улічваліся не толькі даследчыцкі патэнцыял, жаданне навучэнца — не меншае значэнне мела гатоўнасць у адпаведнасці з раскладам кожны тыдзень у вучэбны перыяд і на канікулах ездзіць на заняткі з Новалукомля ў Мінск) вырашылі: паспрабуе Ксенія. Вельмі адказная, ініцыятыўная, старанная ў вучобе, гэтая вучаніца ўмее так працаваць, што і сваіх настаўнікаў матывуе да ўдасканальвання ведаў. Часта яна задае пытанні, для адказу на якія мала добра вало­даць тэмай — неабходна больш грунтоўная падрыхтоўка. Я заўсёды ахвотна іду насустрач такім вучням. З Ксеніяй мы займаліся ў вучэбны час і дадаткова на факультатыве, нулявых уроках, у вольны час — вывучалі хімію разам.

У Мінск настаўніца з вучаніцай таксама штораз ездзілі разам. У рэспубліканскім цэнтры навучэнка займалася практычнай часткай даследаванняў, а ўсю статыстычную апрацоўку рабіла пад куратарствам свайго педагога ў Новалукомлі. Там жа збіралі ўзоры. Для першай работы, па вывучэнні сувязей паміж станам ротавай поласці школьнікаў і выяўленнем там малочнакіслых бактэрый, са сталіцы па пошце даслалі прабіркі Эпендорфа з фізрастворам. Ксенія ўпершыню брала для пасеву мазкі ватнай палачкай. “Здавалася б, правёў — і нічога не бачна, — дзеліцца ўражаннямі дзяўчына. — А праз два дні ўжо рознакаляровыя бактэрыі выраслі. Як не зацікавіцца эксперыментам? І вынік даволі нетрывіяльны: звычайны кефір мае ўласці­васць супрацьстаяць карыесу! Я вельмі ўдзяч­на Івану Анатольевічу і Лідзіі Віктараўне. Яе дапамога і пастаянная падтрымка неацэнныя”. Даследчыцкі дэбют меў поспех і быў адзначаны некалькімі дыпломамі на абласных і рэспубліканскіх конкурсах. У другой рабоце Ксенія занялася выдзяленнем і вывучэннем бактэрый, здольных рас­твараць сілікаты.

— Колькі шчасця было, калі ў лютым на XXXI Рэспубліканскім конкурсе навуковых біёлага-экалагічных работ (праектаў) сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі работа Ксеніі заняла 3-е месца! — з гордасцю за вучаніцу працяг­вае Лідзія Віктараўна. — Хаця з-за пандэміі заняткі ў цэнтры давялося перавесці ў дыстанцыйны фармат, далейшую работу над даследаваннем мы не спынілі. Акрамя таго, навуковы кіраўнік парэкамендаваў перакласці работу на англійскую мову. Ксенія ёй выдатна валодае, аднак сам-насам з перакладам навуковых тэрмінаў мы вучаніцу не пакінулі. Далучыліся да справы школьныя педагогі-прадметнікі і, канечне ж, маці даследчыцы: наша Кацярына Анатольеўна Казінец па спецыяльнасці настаўнік замежнай мовы. Летам Іван Анатольевіч паведаміў пра конкурс у Малайзіі і настойліва параіў зарэгістравацца. На жаль, паўдзельнічаць у ім Ксеніі давялося анлайн. Канкурэнцыя была высокая: сусветны конкурс WICE на працягу апошніх 8 гадоў з’яўляецца найбуйнейшым міжнародным адукацыйным мерапрыемствам у Паўднёва-Усходняй Азіі і аб’ядноўвае навучэнцаў і іх педагогаў з больш чым 40 краін. Вынік нас акрыліў: у Ксеніі залаты медаль і гран-пры ад арганізатараў!

У лістападзе Ксенія з новай работай перамагла на XI навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў устаноў адукацыі Віцебскай вобласці “Эўрыка”. Студзень падарыў Лідзіі Краўцовай новую нагоду парадавацца за вучаніцу, якая стала лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы таленавітых навучэнцаў і студэнтаў.

Настаўніцу ў лютым чакае адказная і ганаровая місія: яна бу­дзе прадстаўляць Чашніцкі раён на VI Усебеларускім народным сходзе.

— Нярэдка здараецца пачуць ад калег: “З матываванымі і таленавітымі навучэнцамі лёгка працаваць, але як зацікавіць прадметам, калі цяперашнія школьнікі свету не бачаць па-за сацыяльнымі сеткамі ды рознымі гаджэтамі?” Не заўважаюць скептыкі, што частка адказу знаходзіцца непасрэдна ў іх пытанні, — разважае дэлегат. — Кожнаму з нас варта не адмаўляць рэаліі часу, а развівацца ў адпаведнасці з яго патрабаваннямі, удасканальваць свае прафесійныя кампетэнцыі, шукаць новыя нестандартныя ідэі. Безумоўна, у першую чаргу ў ролі лідараў тут хацелася б бачыць маладых крэатыўных настаўнікаў, хто на ты з інавацыямі і сучаснымі тэхналогіямі: пытанне абнаўлення педагагічных кадраў, замацавання нашай моладзі на рабочых месцах вельмі актуальнае. Разам з тым у свеце інфармацыйных тэхналогій мы, насамрэч, паступова аддаляемся ад людзей, якія знаходзяцца побач, страчваем радасць сумеснай стваральнай дзейнасці, прамых чалавечых зносін. Навучыць арыентавацца ў інтэрнэт-прасторы і паўнавартасна выкарыстоўваць яе перавагі, адрозніваць праўдзівую інфармацыю ад фэйкавай, правільна расстаў­ляць прыярытэты і пры гэтым паступова перамяшчаць жыццёвыя арыенціры з віртуальнага на сапраўднае, выхоў­ваць грамадзяніна і патрыёта, садзейні­чаць раскрыццю патэнцыялу вучня, яго творчаму самавыяўленню і прафесійнаму самавызначэнню — задача надзённая і звышскладаная. Упэўнена, ключ да яе вырашэння — у сістэмным падыходзе да выхавання, цесным узаемадзеянні сям’і, устаноў адукацыі ўсіх узроўняў, дзяржавы, работадаўцаў, грамадскіх структур. Работа паасобку не дасць патрэбнага эфекту. Калі гаварыць пра поспех настаўніка ў яго прафесійнай дзейнасці, то ўніверсальнага алгарытму проста не існуе. Хіба што вобразна скажу: сеяць разумнае, добрае, вечнае мае сэнс на загадзя падрыхтаваную глебу, з улікам кліматычных асаблівасцей, пры ўмове пастаяннага комплекснага калектыўнага догляду таго, што пасеяна. І неабходна, каб сейбітам, яго памочнікамі былі не раўнадушныя выканаўцы, а людзі, якія шчыра любяць сваю працу і родную зямлю.


Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.