Вышыня Ганны Федарашкі. Як настаўніца беларускай мовы з Палесся дапамагае вучням праяўляць свае таленты

- 17:09Образование

Сярод былых вучняў Ганны Федарашка з Гарадзішчанскай сярэдняй школы ёсць людзі розных прафесій: педагогі, урачы, інжынеры, юрысты… І ўсе яны ўдзячны Ганне Васілеўне за тое, што абудзіла яна ў іх сэрцах вялікую любоў да роднай мовы. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Мовы роднай палатно

“Усе мы з хат”, — пісаў Янка Сіпакоў. Гляньце гадоў на 200—300 углыб, у свой радавод — і знойдзеце там пераважна сялянскі лад жыцця (і мыслення!), працу ў полі, па гаспадарцы, якая вякамі рабіла з людзей народ. Па прынцыпе “мы робім працу, а праца робіць нас”. Таму можна, дарэчы, казаць пра адметны настаўніцкі менталітэт, характэрны для педагагічных дынастый. “Мама ж як мяне выхоўвала: пакуль усе ніткі не ўпарадкую, гу­ляць не пускала, — згадала Ганна Васілеўна пра “тонкасці методыкі” ў народнай педагогіцы. — Кросны ў хаце нашай стаялі, жанчыны шмат яшчэ ткалі, то і дзяўчынак усіх далучалі да гэтай справы. І мы з часам умелі самі ўсё рабіць: як мамы, як бабулі нашы ўмелі спрадвеку”.

Родам Ганна Васілеўна з Піншчыны, з вёскі Валішча, дзе моцныя фальклорныя традыцыі. “Адтуль мае родавыя карані, там і мае настаўнікі: Любоў Мікалаеўна Кузняцова выкладала рускую мову, Марфа Аляксандраўна Аляхновіч — беларускую, — з павагай да іх гаворыць суразмоўніца. — Яны і прывялі мяне ў прафесію, накіравалі вучыцца ў Брэсцкі педінстытут імя А.С.Пушкіна, цяпер універсітэт”. Калі скончыла філфак, Ганна Васі­леўна па размеркаванні трапіла ў Гарадзішчанскую сярэднюю школу настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Працуе ў школе 37 гадоў: як яна сама сказала, прывівае дзецям любоў да роднага слова, роднай мовы. У той вёсцы і замуж выйшла.

Ганну Васілеўну радуе, што выкладанне ў школе вядзецца па-беларуску і ўвогуле гарадзі­шчанскія школьнікі любяць беларускую мову: “Для кожнага, я ў гэтым штораз пераконваюся, ёсць свая вышыня, у тым ліку і ў працоўнай дзейнасці. Калі я нядаўна выйшла на пенсію і аглядала ў думках свой працоўны шлях, то было адчуванне, што вышыні сваёй у педагогіцы я дасягнула. І галоўнае — маю ўсведамленне, што ёсць у мяне пераемнікі. Ганаруся сваімі вучнямі, тым, як складваюцца іх лёсы”.

Адна з яе вучаніц скончыла Мазырскі дзяржаўны педуніверсітэт імя І.П.Шамякіна, працуе на Піншчыне ў Купяпціцкай сярэдняй школе.

“Алена Мікалаеўна Вабішчэвіч — мая гордасць, яна з ліку маіх вучняў. Як і два цікавыя паэты, якія мне дасылаюць свае вершы. Я чытаю іх з асалодай і бачу, як хлопцы выраслі. Да гэтага часу гляджу, ці не робяць памылак у радках (усміхаецца), ці добра засвоілі веды, якія ім давала”, — падзялілася настаўніца.

Яе вучні-паэты, Анатоль Козіч і Дзмітрый Афанасьеў, маюць доб­рае адчуванне рытму, свежы погляд на свет — і цяпер ужо не нас­таўніца іх жывіць родным словам, а яны яе радуюць. “Мы з Анатолем на роднай мове гутарым, ён паэт-бард, — удакладняе Ганна Васілеўна. — Я неяк запрашала яго ў школу ў Міжнародны дзень роднай мовы. Сабраліся вучні, настаўнікі, работнікі школы — і так ён хораша выступіў, што потым усе не раз успаміналі. Гэта было цёплае, шчырае, песеннае ўшанаванне роднага слова. Я ж увогуле як аснову школьнага выхавання бачу паважлівае, беражлівае і ўдумлівае стаўленне да роднай мовы. Калі не проста яе выкладаць, а жыць гэтым, рабіць усё прыгожа і з густам, то анічога больш і не трэба па моўным пытанні ў краіне вырашаць. Мова — як жывая вада: знойдзе сцежку да юнага сэрца, яе прыгажосцю абуджанага”.

Не загадамі, а вершамі

Далей мы разважалі, што сёння жывая беларуская мова зневажаецца-заціраецца, калі робяцца на яе бяздумныя, неўпарадкаваныя дасведчанай галавой машынныя пераклады з іншых моў: сухія, ка­зённыя калькі. Мова ж спрашчаецца і выпустошваецца, калі яе выкарыстоўваць без павагі да яе фанетыкі, спрадвечных законаў мовы: знікае меладычнасць. Гэта як іг­раць Моцарта ці Шапэна ў вяс­ковым клубе на разбітым піяніна… І ці ж нашы продкі вінаватыя, што дзівосная музыка іх мовы ў такім выкананні “дрэнна гу­чыць”?.. Таму вялізная адказнасць кладзецца на ўсіх настаўнікаў беларускай мовы: за тое, якое слова бу­дзе “на пачатку”, ці бу­дуць будучыя грамадзяне Беларусі ведаць мову роднай зямлі.

Дарэчы, пра зямлю. Ёсць ужо раёны ў краіне, дзе няма ніводнай школы з беларускай мовай навучання. “Няўжо?” — шчыра здзівілася настаўніца-паляшучка. На жаль, так… І такое становішча, сходзім­ся з ёй у думцы, варта выпраў­ляць хоць дадатковымі заняткамі, факультатывамі, пазаўрочнай работай настаўнікаў-энтузіястаў. Бо здаровы моўны баланс — гэта, па вялікім рахунку, і пытанне нашай дзяржаўнай бяспекі.

Зрэшты, не будзем ламацца ў адчыненыя дзверы, ведаючы, што ніхто не загаворыць па-беларуску пад прымусам. То лепш песнямі, вершамі ўмацоўваць мову родную, а не загадамі. Любоўю, а не цыркулярамі. Ды хоць бы вершамі вучняў, якія Ганна Васілеўна прынесла на сустрэчу і паказала мне.

Адну з кніг Дзмітрый Афа­насьеў падарыў настаўніцы да яе 55-годдзя з надпісам: “Лепшаму настаўніку ад удзячнага вучня”. І неяк прызнаўся, што яму бачыўся рэзервовым шлях настаўніка беларускай мовы: калі б не склалася з тэхнічным універсітэтам.

Спробы пяра і крылаў

У ліку сродкаў, пры дапамозе якіх Ганна Васілеўна абуджае ў юных душах любоў да свайго, роднага, — творчыя конкурсы, алімпіяды. “Гарадзішчанскія дзеці на маіх уроках робяць спробы пяра, спасцігаюць законы мовы, сак­рэты прыгожага пісьменства, а я ім дапамагаю, — гаворыць яна. — Цяпер у школе 86 вучняў, і штогод іх меншае патроху. Была ў мяне моц­ная алімпіядніца Варвара Леа­новіч, якая збіралася ісці на беларускую філалогію, але ўрэшце паступіла на юрфак у Брэст. Вельмі хораша размаўляе ў паўсядзённым жыцці па-беларуску. Гадоў сем на раённых алімпіядах брала дыпломы, прызы, выходзіла на вобласць — для нас гордасць. У інтэрнэт-алімпіядзе, якую праводзіў педуніверсітэт, узяла 2-е месца. І Дзіма ўсе гады быў алімпіяднікам. У конкурсе чытальнікаў “Жывая класіка” нашы вучні таксама ўдзельнічаюць: ёсць падборка запісаў, на ўроках ёй карыстаемся. На рэгіянальным конкурсе народнай творчасці “Таленты Палесся” ў нас былі дыпломы, у літаратурных конкурсах пад эгідай Нацыянальнай бібліятэкі таксама ўдзельнічаем. Там адзначаліся нашы эсэ (да 135-годдзя Змітрака Бядулі), школа і падзяку атрымала”.

Пра творчы конкурс “Дэбют”, які праводзіцца ў раёне штогод, нагадала супрацоўніца раённага метадкабінета Святлана Кахновіч: “Ён у нас вельмі папулярны. Школы падаюць нам як паэтычныя, так і празаічныя творы вучняў, некаторыя з малюнкамі. Мы разгля­даем іх, ацэньваем, падводзім вынікі, адзначаем лепшых — як вучняў, так і педагогаў, якія з імі працуюць. І вучняў Ганны Васілеўны адзначаем-заахвочваем, і яе саму”.

Пералічыла Ганна Федарашка іншыя магчымасці для выяўлення талентаў. А калі загаварылі пра тое, як адаптуюцца яе вучні да рускамоўнага асяроддзя ва ўстановах вышэйшай адукацыі, то заўважыла: пра цяжкасці падобнага роду ёй ніхто не казаў. Як правіла, і руская мова палешукам не чужая. Праўда, ёсць нюансы: “Часам пытаю ў вучняў: на якой мове вы размаўляеце дома? Яны мне: па-рус­ку. Робім аналіз і бачым: пачалі па-­руску, а далей адно слова беларус­кае, другое. Фанетыка, натуральна, мясцовая, дыялектная. То вучні потым кажуць: гаворым на ласкавай матчынай мове. І сёння, вас чакаючы, запытала: як адкажуць? З гордасцю сказалі: на матчынай! А матчына — не абавязкова літаратурная, у аснове паляшуцкай паўсядзённай мовы — дыя­лект, на ім большасць людзей і размаўляе”.

Працаваць, не ленавацца!

І сама настаўніца, вядома ж, матчынай мовы не цураецца: “Часта, як еду прыгарадным аўтобусам — праз Лагішын, Трасцянку — да бацькоў, то чую: гу­чыць напоўніцу мясцовая мова. Едуць медсястра, настаўнікі, юрыст, начальнік цэха вядомага мінскага завода, едзе рабочы люд — усе з Валішча. І мы ўсе ўголас і весела на сваёй, матчынай мове гаворым. Прыязджаю дадому — з бацькамі толькі па-свойску. Яны разумеюць і мову рускую, і беларускую літа­ратурную, але ж не зразумеюць мяне, калі я інакш з імі загавару…”

Як і любая іншая праца, засваен­не кожнай мовы патрабуе напружання сіл. А хіба ў спорце, музыцы, мастацтве інакш? А з фі­зікай, матэматыкай, хіміяй ці гісторыяй? Таму прыходзім з Ганнай Васі­леўнай да высновы, што так званая дылема дзвюх моў — руская ці беларуская? — ля­жыць не ў плоскасці адукацыі, менталітэту і ніяк не палітыкі. Гэта праб­лема ляноты. Яна кожнаму з нас перашкаджае дасягнуць таго, чаго мы жадаем. А лянотнае сваё існаванне многія спрабуюць апраў­даць… знешнімі ўмовамі. Адзін з тыповых пасажаў бацькоў, якія самі лянуюцца вывучыць мову: “Я не хочу, чтобы мой ребенок потом не смог учиться”. Адной фразай і сябе, і дзяцей сваіх гультай вызначае як… непаўнацэнных дурняў. Але ж, кажуць у народзе, калі ў каго не хапае клёпкі, то і навука яго разумным не зробіць…

Цяпер жа, падсумоўваем з Ганнай Васілеўнай, як настаўнікі, так і журналісты павінны гаварыць пра родную мову адкрытым тэкстам тое, што ўрачы кажуць пацыентам: у выздараўленні вельмі многае залежыць ад саміх нас. Не ведаць хоць бы на элементарным узроўні абе­дзве дзяржаўныя мовы — гэта невуц­тва, лянота і цемрашальства.

Урэшце, у тым, каб абедзве мовы гарманічна суіснавалі, ёсць і дзяржаўны інтарэс. У грамадстве ж цяпер моцны “сацыяльны заказ” на выхаванне сапраўдных патрыётаў, якія добра ведаюць гісторыю краіны, яе традыцыі, мову, культуру. Але ж як любіць Радзіму, калі не ведаеш таго, з чаго яна, па сутнасці, пачынаецца?

Якраз свядомых патрыётаў выхоўвае ў глыбінях Палесся Ганна Федарашка. І тое, што вучні добра засвойваюць яе ўрокі, паважаюць мову бацькоў, народныя традыцыі, творча праяўляюць свае таленты, сведчыць: сваёй вышыні ў педагагічным майстэрстве Ганна Васілеўна дасягнула.

Іван ЖДАНОВІЧ
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі