Вышыня і адрэналін

- 11:52Спартыўныя падзеі

Студэнт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава — уладальнік “золата” і “серабра” чэмпіянату свету па парашутным спорце.

Самы маштабны за гісторыю правядзення чэмпіянат павінен быў адбыцца ў мінулым годзе, але з-за пандэміі каранавіруса быў перанесены і толькі сёлета ў жніўні стартаваў у расійскім Кузбасе. Мундзіяль-2020 сабраў 550 спартсменаў з 32 краін і пяці кантынентаў: Паўднёвай і Паўночнай Амерыкі, Еўропы, Азіі і Афрыкі. Спаборніцтвы адначасова праходзілі на двух аэрадромах: “Кемерава-Паўночны” і “Танай”. Лепшыя парашутысты свету змагаліся за перамогу ў сямі напрамках парашутнага спорту: групавая акрабатыка, купальнае пілатаванне, хуткаснае падзенне, купальная акрабатыка і вінгсьют-дысцыпліны. 

— У складзе зборнай Рэспублікі Беларусь на чэмпіянаце ўдала выступіў наш студэнт Мікіта Нікіцін, — расказала в.а. дэкана факультэта фізічнай культуры і спорту ВДУ імя П.М.Машэрава Юлія Гапанёнак. — Ён прадэманстраваў віртуозную дакладнасць прызямлення і заваяваў два медалі: залаты і сярэбраны. Галоўная задача спартсмена ў гэтым напрамку пасля аддзялення ад самалёта і раскрыцця купала — прызямліцца ў кола і трапіць пяткай у мішэнь памерам з двухрублёвую манету. Пры паспяховым скачку датчык пачынае выдаваць сігнал, што паведамляе аб дакладным прызямленні “ў нуль”. Чэмпіён і прызёр мундзіялю-2020 вучыцца на другім курсе завочнай формы атрымання адукацыі. Дарэчы, у 2021 годзе наш факультэт скончылі майстры спорту міжнароднага класа па парашутным спорце Юрый Цэлікаў і Павел Краснікаў. 

Мікіта Нікіцін нарадзіўся ў Віцебску, да 10 класа вучыўся ў сярэдняй школе № 27 з музычным ухілам, а з 10 па 11 клас — у сярэдняй школе № 33 у кадэцкім класе. Займацца парашутным спортам пачаў з 14 гадоў у Віцебскім аэраклубе імя А.К.Гараўца ДТСААФ. З дзяцінства марыў пайсці ў прафесію сцежкай бацькі-ваеннага, які часта браў яго з сабой на скачкі. На цяперашні момант Мікіта з’яўляецца майстрам спорту па парашутным спорце, за 10 гадоў здзейсніў больш за 2000 скачкоў — ад аднаго да пяцідзесяці за тыдзень. У сваім відзе спорту больш за ўсё яму падабаюцца свабоднае падзенне, вышыня і адрэналін, уменне кіраваць сваім целам падчас палёту. Залаты медаль мундзіялю-2020 віцяблянін лічыць галоўным спартыўным дасягненнем, але разважліва дадае: на цяперашні момант.

Ніколі не спыняцца на дасягнутым — жыццёвы прынцып чэмпіёна, які сфарміраваўся на запаветах бацькі, бо менавіта Леанід Нікіцін з малых гадоў прывучыў сына настойліва рухацца да пастаўленай мэты, наперад і толькі наперад. За свой поспех у прафесіі Нікіцін-малодшы ў першую чаргу ўдзячны бацьку, а таксама інструктарам і трэнерам Віцебскага аэраклуба, трэнерам нацыянальнай зборнай краіны і трэнерам Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Падкрэслівае: высокія дасягненні ў спорце — адназначна калектыўны вынік. Мікіта даволі крытычна адносіцца да сваіх асобасных якасцей: “Станоўчыя — добры і спагадны. З недахопаў — лянота”. Да станоўчых варта абавязкова дадаць і несумненнае пачуццё гумару. Так, на пытанне аб здольнасцях, якімі хацеў бы валодаць, ён напаўжартам адказвае: “Навучыцца прадбачыць будучыню”. У вольны ад работы і вучобы час Мікіта любіць катацца на матацыкле або вейкбордзе. У ВДУ паступіў, бо неаднаразова чуў добрыя водгукі аб факультэце фізічнай культуры і спорту ад калег па рабоце. І сёння ўпэўнена гаворыць, што пераканаўся ў правільнасці зробленага выбару.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена ФФКіС ВДУ імя П.М.Машэрава.