Высокая ацэнка Сусветнага банка

У нашай краіне прынята і рэалізуецца стратэгія партнёрства Сусветнага банка і Беларусі на 2014—2017 гады, якая прадугледжвае аказанне садзейнічання развіццю сферы адукацыі. 23 верасня ў Міністэрстве адукацыі міністр адукацыі М.А.Жураўкоў і кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Рэспубліцы Беларусь Ян Чул Кім падпісалі пагадненне аб пазыцыі для праекта “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь”.

У час сустрэчы М.А.Жураўкоў адзначыў плённасць супрацоўніцтва паміж галіновым міністэрствам і Сусветным банкам у рэалізацыі праекта мадэрнізацыі айчыннай сістэмы адукацыі.
— Падпісанне пагаднення — гэта значная падзея для нашай адукацыі, якая адкрывае новыя перспектывы для яе развіцця, — адзначыў Міхаіл Анатольевіч. — Безумоўна, гэта не апошні наш праект, мы спадзяёмся на далейшае ўзаемадзеянне з Сусветным банкам. На гэты раз асноўныя фінансы ў рамках праекта будуць накіраваны на развіццё адукацыі рэгіёнаў, на мадэрнізацыю навучальных устаноў, якія размешчаны ў малых гарадах, у пасёлках, каб яны адпавядалі ўзроўню сталічнай адукацыі, адукацыі буйных абласных цэнтраў і каб нашы дзеці мелі аднолькавыя роўныя правы ў атрыманні якаснага навучання ў любым пункце краіны.Калі гаварыць больш канкрэтна аб праекце “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь”, то ён распрацоўваўся галіновым міністэрствам у цесным узаемадзеянні з прадстаўніцтвам Сусветнага банка ў Рэспубліцы Беларусь. Як было адзначана, фінансы прадугледжана накіраваць на стварэнне якасных умоў для навучэнцаў тых школ, якія размешчаны ў сельскай мясцовасці і малых гарадах. Акрамя таго, вучэбныя кабінеты часткі школ будуць аснашчаны сучасным вучэбным абсталяваннем і інфармацыйнымі тэхналогіямі. Яшчэ частку сродкаў Сусветнага банка плануецца накіраваць на ўдасканаленне нацыянальнай сістэмы ацэнкі якасці агульнай сярэдняй адукацыі. Папярэдне будзе праведзены аналіз гэтай сістэмы з дапамогай інструментарыю Сусветнага банка, а потым будуць вызначаны шляхі далейшага ўдасканалення гэтай сістэмы.
Як адзначыў М.А.Жураўкоў, наша сістэма адукацыі будзе ўдзельнічаць у міжнароднай сістэме адукацыйных дасягненняў сярод школьнікаў пад назвай PISA. Даследаванні ў рамках гэтай сістэмы будуць весціся з дапамогай тэсціравання вучняў па шэрагу вучэбных кірункаў: матэматычным, прыродазнаўчанавуковым і чытацкай пісьменнасці.
— Наша сістэма адукацыі — частка сусветнай адукацыйнай прасторы, і сёння яна не ўступае ўзроўню іншых краін свету, — адзначыў Міхаіл Анатольевіч. — Але мы імкнёмся да далейшага ўдасканалення нашай адукацыі. Для нас вельмі важна, што мы будзем удзельнічаць у міжнароднай сістэме PISA і зможам вызначыць узровень якасці нашай школьнай адукацыі і шукаць новыя механізмы для павышэння гэтага ўзроўню.
Кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Беларусі Ян Чул Кім даў высокую ацэнку сістэме адукацыі Беларусі і выказаў словы ўдзячнасці за зладжаную і эфектыўную работу па рэалізацыі праекта аб мадэрнізацыі сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь з боку Міністэрства адукацыі.
— Супрацоўніцтва паміж намі пацвердзіла, што Беларусь — наш надзейны партнёр і мы гатовы на доўгатэрміновыя плённыя адносіны,— адзначыў Ян Чул Кім. — У далейшым мы гатовы аказваць фінансавую падтрымку ўстановам прафесійнай і вышэйшай адукацыі. Цікавіць нас і сфера сацыяльнай адукацыі, і ў бліжэйшы час плануецца адкрыць фінансаванне адукацыі дзяцей з асаблівасцямі развіцця.
Пасля заканчэння сустрэчы міністр адукацыі М.А.Жураўкоў і кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Беларусі Ян Чул Кім падпісалі пагадненне аб пазыцы для праекта “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь”.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.