Высокая эфектыўнасць

- 12:12Нам пішуць

Макранскі ВПК дзіцячы сад — сярэдняя школа ўзяў удзел у рэспубліканскім конкурсе праектаў устаноў адукацыі па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон”.

Вынікі абласнога этапу ХІ Рэспубліканскага конкурсу праектаў устаноў адукацыі па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон-2017” былі падведзены ў Магілёўскім дзяржаўным абласным інстытуце развіцця адукацыі. Сярод узнагароджаных — і вучаніца 9 класа Макранскага вучэбна-педагагічнага комплексу Лізавета Праявіна, пераможца абласнога этапу: узнагароджана дыпломам І ступені ў конкурсе “Энергамарафон-2017” у намінацыі “Мастацкая работа па прапагандзе эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання энергарэсурсаў” (лістоўка). Кіраўніком гэтай работы выступіла Наталля Пятроўна Шчамялёва, педагог-арганізатар нашай установы адукацыі, вельмі творчы і крэатыўны спецыяліст.

Але на гэтым нашы поспехі не скончыліся. На вясновых канікулах Лізавета была запрошана для ўзнагароджання ў Мінск. Дзяўчынка заняла першае месца ў краіне ў той жа намінацыі. Дыплом Лізавета Праявіна атрымала ад Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь. Акрамя дыплома, школьніцы ўручылі кубак і салодкія прызы ад кандытарскай фабрыкі “Камунарка”. Не менш запамінальным стала наведванне самой фабрыкі “Камунарка”, а таксама паход у дэльфінарый.

Галіна КАНДРАЦЬЕВА,
намеснік дырэктара Макранскага ВПК дзіцячы сад — сярэдняя школа.