Высокая планка, на якую трэба раўняцца

У панядзелак, 17 чэрвеня, у Доме кнігі “Светач” замежным журналістам былі прэзентаваны друкаваныя выданні, падрыхтаваныя да II Еўрапейскіх гульняў.

Выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” прадставіла шэраг кніг, аб’яднаных спартыўнай тэматыкай. Сярод іх асабліва варта выдзеліць выданне “Спорт вышэйшай пробы. Еўрапейскія і Алімпійскія гульні” з серыі “Беларусь спартыўная”, што расказвае пра гісторыю алімпійскага руху ў Беларусі, удзе­л беларускіх спартсменаў у I Еўрапейскіх гульнях у Баку і прадстаўляе спартыўныя аб’екты, у якіх будуць праходзіць спаборніцтвы сёлета.

“Мы прэзентуем гэтыя выданні напярэдадні адкрыцця спартыўнага форуму для таго, каб такія спаборніцтвы, як II Еўрапейскія гульні, паказалі тую высокую планку, на якую трэба раўняцца, у тым ліку ў кнігавыдавецкім і асветніцкім аспектах”, — адзначыў у размове з журналі­стамі міністр інфармацыі Беларусі Алесь Карлюкевіч.

Былі прэзентаваны кнігі “Беларусь алімпійская” і “Беларусь спартыўная”, у якіх расказваецца пра дасягненні беларускага спорту і станаўленне сучаснай спартыўнай базы краіны. Сярод навінак — даведнік для турыстаў, якія прыязджаюць у сталіцу Беларусі, у якім прадстаўлена інфармацыя не толькі пра Еўрагульні, але і звесткі пра Мінск, яго славутасці і культурныя аб’екты. Уся інфармацыя суправаджаецца QR-кодамі, якія дазваляюць атрымаць больш інфармацыі на адпаведных інтэрнэт-рэсурсах.

Таксама госці прэзентацыі ўбачылі шырокі асартымент друкаванай сувенірнай прадукцыі з сімволікай II Еўрапейскіх гульняў: насценны каляндар, на якім прадстаўлены беларускія спартсмены — пераможцы I Еўрапейскіх гульняў, настольны каляндар з выявамі аб’ектаў, якія ўключаны ў Спіс культурнай спадчыны ЮНЕСКА, шматлікія буклеты і кішэнныя календары, даведнікі і турыстычныя карты.

Як адзначыў дырэктар выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” Уладзімір Андрыевіч, у час падрыхтоўкі да спартыўнага форуму прома-прадукцыя агульным тыражом больш як 12 тысяч экзэмпляраў была разаслана па дыпламатычных каналах ва ўсе еўрапейскія краіны. Падчас Еўрапейскіх гульняў мінчане і госці сталіцы змогуць набыць прадстаўленую друкаваную прадукцыю ў кнігарнях, гандлёвых аб’ектах “Белсаюздруку”, а таксама ў месцах размяшчэння ўдзельнікаў і балельшчыкаў еўрапейскага спартыўнага форуму.

Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота аўтара.